Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы чакаюць прыезду папы Бэнэдыкта XVI


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы цалкам скончаная падрыхтоўка да пілігрымкі папы Бэнэдыкта XVI, які заўтра прыляціць на радзіму свайго папярэдніка. Пра тое, як палякі рыхтуюцца да прыезду пантыфіка і чаго ад гэтага візыту чакаюць, расказвае наш карэспандэнт.

У Польшчы кажуць, што Бэнэдыкта XVI чакае нялёгкае выпрабаваньне – заваяваць сымпатыю палякаў, бо за чвэрць стагодзьдзя яны настолькі прызвычаіліся да факту, што маюць у Ватыкане “свайго папу” Яна Паўла ІІ, што некаторым дагэтуль цяжка прызвычаіцца да іншай рэчаіснасьці.

Тым ня менш, Бэнэдыкт XVI становіцца палякам усё больш блізкі – у Варшаве пантыфіка сустракаюць вялізнымі плякатамі “Вітаем нашага папу ў сталіцы”, вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў сьведчаць аб тым, што пасьля абраньня папам немца палякі значна лепш пачалі ставіцца да усіх немцаў.

Гэтаму не ў апошнюю чаргу паспрыялі посьпехі пантыфіка ў вывучэньні польскай мовы.

(Бэнэдыкт XVI па-польску: ) “Сардэчна вітаю палякаў!”

Варта адзначыць, што Бэнэдыкт XVI быў на радзіме свайго папярэдніка 9 разоў яшчэ ў якасьці кардынала і даволі добра ведае гэтую краіну.

Візыт папы для Польшчы – вялікая падзея. 26 траўня, калі Бэнэдыкт XVI адслужыць імшу ў цэнтры Варшавы, у Польшчы аб’яўлены выходным днём. Вядучыя тэлеканалы краіны будуць ад раніцы да вечара асьвятляць пілігрымку ў наўпроставым эфіры.

У Варшаве і каля Кракава адмыслова для папы пабудаваныя вялікія алтары – плянуецца, што ў гэтых гарадах у спатканьнях з Бэнэдыктам XVI возьмуць удзел прынамсі два мільёны вернікаў, хаця жадаючых значна больш.

Між тым герархі польскай каталіцкай царквы заклікаюць палякаў перадусім зьвяртаць увагу на словы папы, каб зразумець ягонае пасланьне.

(Дзівіш: ) “Гэта напэўна будзе ўмацаваньне таго, што пакінуў нам сьвяты айцец Ян Павал Другі – навукі веры і міласэрнасьці Божай”, – сказаў напярэдадні пілігрымкі біскуп кракаўскі, кардынал Станіслаў Дзівіш, які шмат гадоў быў памочнікам і асабістым сакратаром Яна Паўла Другога.

У нядзелю папа наведае Асьвенцім-Біркенаў, мэмарыял на месцы найбуйнейшага нацысцкага канцлягеру ў Эўропе. У 1979 годзе цяперашні Папа – тады архібіскуп Ёзэф Рацынгер суправаджаў свайго пераемніка Папу Яна Паўла ІІ, калі той наведваў Асьвенцім.

Наведваньне Бэнэдыктам XVI былога канцлягера назіральнікі параўноўваюць з жэстам канцлера Нямеччыны Вілі Брандта, які ў 1970 годзе, падчас свайго першага візыту ў Польшчу, устаў на калені ля мэмарыялу ахвярам паўстаньня ў Варшаўскім гета. Дарэчы, сёньняшні рымскі пантыфік у дзяцінстве кароткі час быў членам "Гітлерюгенда".

Паездка папы ў Асьвенцім – працяг нямецкага пакаяньня за злачынствы нацызму.

Прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі выказаў меркаваньне, што візыт Папы ў Польшчу будзе спрыяць паляпшэньню адносінаў паміж каталікамі і габрэям. На думку кардынала Ёзэфа Глемба, прыезд Бэнэдыкта XVI ў Польшчу будзе спрыяць польска-нямецкім сувязям.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG