Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Дзям’янка: беларускія вернікі жадаюць убачыць папу і ў Беларусі


Паводле БелаПАН Паездка беларускіх паломнікаў у Польшчу на сустрэчу з папам Бэнэдыктам XVI зьяўляецца своеасаблівым запрашэньнем пантыфіка ў Беларусь. Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН заявіў каардынатар паломніцтва беларускіх каталікоў на сустрэчу з папам у Польшчы, дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, генэральны вікарый, сакратар канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Антоній Дзям''янка.

Як паведаміў біскуп, у паездцы возьмуць удзел больш за 2.500 чалавек. Зь Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі едуць прыкладна 700 вернікаў, зь іх 250 будуць браць удзел у сустрэчы з пантыфікам у Варшаве, астатнія – у Кракаве. Прыкладна 1.200 вернікаў з Гарадзенскай дыяцэзіі, яшчэ амаль 300 чалавек зь Віцебскай дыяцэзіі і каля 200 каталікоў з Пінскай дыяцэзіі едуць на сустрэчу з пантыфікам у Варшаву. "Апрача таго, у паломніцтве возьмуць удзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале з кардыналам Казімірам Сьвёнткам, а таксама многія ксяндзы і манахіні", – сказаў Антоній Дзям’янка.

Ён нагадаў, што падчас шматлікіх сустрэч вернікаў зь Янам Паўлам II беларускія каталікі, у тым ліку і кардынал Казімір Сьвёнтак, запрашалі пантыфіка наведаць Беларусь. "Аднак з-за розных акалічнасьцяў такі візыт не адбыўся. І наша цяперашняя паездка ў Польшчу таксама гаворыць аб жаданьні вернікаў убачыць сьвятога айца на беларускай зямлі", – сказаў біскуп.
XS
SM
MD
LG