Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што адбудзецца, калі Беларусь закрые сваё неба для амэрыканскіх і канадзкіх самалётаў?


Радыё Свабода 23 траўня ў размове з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што загадаў ужыць адэкватныя захады да ЗША й Канады, якія адмовілі ў пасадцы на сваёй тэрыторыі ўрадаваму самалёту зь беларускай дэлегацыяй, якая кіравалася на Кубу. У Дзяржаўным камітэце авіяцыі кажуць, што тэхнічна выканаць распараджэньне кіраўніка краіны нескладана, аднак падобныя захады могуць выклікаць ланцуговую рэакцыю, далучаючы да канфлікту іншыя краіны.

Учора Аляксандар Лукашэнка ў размове з дэпутатамі назваў “поўным дзікунствам” рашэньне амэрыканскіх і канадзкіх уладаў забараніць пасадку на тэрыторыі згаданых краінаў самалёту з урадавай дэлегацыяй, якая ляцела на Кубу. Лукашэнка заявіў, што даручыў ураду прыняць захады ў адказ. Як выказаўся Лукашэнка, няхай лятаюць праз Прыбалтыку і Ўкраіну, а асноўны маршрут трэба перакрыць. “Мы павінны паказаць ім свой гонар”, — рэзюмаваў беларускі лідэр.

У Дзяржаўным камітэце авіяцыі пацьвердзілі, што атрымалі распараджэньне на абмежаваньне палётаў у паветранай прасторы Беларусі самалётаў авіякампаніяў ЗША й Канады. Як удакладнілі ў ведамстве, тэхнічна зрабіць гэта магчыма. Кіраўнік Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Вадзім Мельнік, камэнтуючы заяву Лукашэнкі, нават назваў суму магчымых стратаў — каля 200 тысяч даляраў за год. Паводле чыноўніка, гэта страты ад забароны паветранага транзыту толькі амэрыканскіх і канадзкіх лайнэраў. У сваю чаргу прадстаўнік камітэту Вадзім Біцан не выключае, што такія абмежаваньні могуць спрычыніцца да пашырэньня кола ўдзельнікаў супрацьстаяньня.

(Біцан: ) “Рэч у тым, што, відаць, за гэтай нашай акцыяй пойдзе такі ланцужок, калі ўсё пачне чапляцца адно за адно — і ўрэшце будзе дрэнна толькі нам. Гэта мая асабістая думка, але я думаю, што ня трэба гэта нам рабіць. Тым больш, што нам ніхто не забараняў пралёту праз Злучаныя Штаты ці Канаду, а толькі пасадка і абслугоўваньне самалёту забараняліся. А пралёту ж ніхто не забараняў”.

(Карэспандэнт: ) “Але тэхнічна гэта зрабіць нескладана?”

(Біцан: ) “Ніякіх праблемаў. Гэтак жа, як абляцець Беларусь — некалькі дзясяткаў хвілінаў. Пэўна, хвілінаў дваццаць, каб абмінуць Беларусь крыху ў бок, на поўдзень ці на поўнач”.

(Карэспандэнт: ) “А наконт канкрэтных тэрмінаў падобных абмежаваньняў ці можаце штосьці сказаць?”

(Біцан: ) “Не, на гэты конт ніякіх парадаў, нічога няма”.

Нагадаю, што да рашэньня адмовіць беларускаму самалёту ў абслугоўваньні на тэрыторыі Паўночнай Амэрыкі спрычынілася меркаванае знаходжаньне на борце чыноўнікаў з чорнага сьпісу — аднаго з прзыдэнцкіх ідэолягаў Алега Праляскоўскага і кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага. Спачатку беларускаму лайнэру ў дазапраўцы адмовілі Ісьляндыя й Канада, а на зваротным шляху — і ЗША.

Варта згадаць, што зусім нядаўна на лётнішчы “Мінск-2” шэраг беларускіх чыноўнікаў сустракалі самалёт з мэдыкамэнтамі на суму 5 мільёнаў даляраў ад амэрыканскіх дабрачынных арганізацыяў для пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Ці здолеюць такія самалёты прызямляцца пасьля магчымых захадаў з боку беларускіх уладаў — невядома.
XS
SM
MD
LG