Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Калінкіна: Няма сумневу, што Лукашэнка санкцыянуе ўсе атакі на СМІ


Ганна Соўсь, Менск Аляксандар Лукашэнка, адказваючы 23 траўня на пытаньне пра лёс незалежных газэтаў, заявіў, што ня ведае пра тое, што большасьць зь іх пазбаўленая магчымасьці друкавацца й распаўсюджвацца ў Беларусі. Кіраўнік Беларусі паабяцаў разабрацца ў сытуацыі, якая склалася з выхадам і распаўсюдам шэрагу недзяржаўных СМІ. Як ацэньваюць гэтыя заявы й намеры рэдактары недзяржаўных выданьняў?

Пытаньне пра незалежныя мэдыі адрасавала Аляксандру Лукашэнку дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава.

(Абрамава: ) “Я запыталася: “Калі ў шапіках зьявяцца “БДГ. Деловая газета”, “Народная Воля” і “Наша Ніва?” І сказала, што калі няма бесьперашкоднага друкаваньня й распаўсюду апазыцыйных газэтаў, то іхнае месца займаюць рознага кшталту чуткі. На гэта мне было сказана, што прэзыдэнт пацікавіўся напярэдадні пасланьня, з чым зьвязаныя праблемы з дадзенымі газэтамі, і прадстаўнікі розных дзяржаўных службаў яму патлумачылі, што праблемы пераважна фінансавыя, што фірма, якія валодала гэтымі газэтамі, палічыла, што выдаваць іх нерэнтабэльна”.

У адказ дэпутатка Вольга Абрамава выказала сумнеў, што прэзыдэнту падалі дакладную інфармацыю. “Выбары прайшлі, мы іх не чапалі, а сёньня, відаць, фінансаванне іх скончылася”, — гэтак падае словы Аляксандра Лукашэнкі агенцтва “Інтэрфакс”. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўсе апазыцыйныя газэты “займаліся поўнай фальсыфікацыяй фактаў і тэндэнцыйнасьцю” і выказаў гатовасьць дэталёва разабрацца ў сытуацыі, якая склалася з выхадам і распаўсюдам шэрагу недзяржаўных СМІ, таму што ён “ня ведаў, што гэтыя газэты не выходзяць”.

Вось як пракамэнтаваў “Свабодзе” гэтыя выказваньні выдавец “БДГ. Деловой газэты” Пётар Марцаў:

(Марцаў: ) “Я думаю, што прэзыдэнт насамрэч дрэнна інфармаваны, як сам гаворыць. Ужо шмат гадоў “Белорусская деловая газета” ня можа распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі праз “Саюздрук” і пошту й ня можа друкаваца на тэрыторыі Беларусі. У зьвязку з гэтым, натуральна, за тры гады назьбіраліся вялікія фінансавыя праблемы, і прыпыненьне выхаду газэты абумоўлена толькі імі. Зь іншага боку, я вельмі рады, што прэзыдэнт зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ёсьць недзяржаўныя СМІ, якія існуюць у такім стане”.

Шэф-рэдактар незалежнай газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна ўпэўненая, што Аляксандар Лукашэнка добра ведае, што адбываецца зь незалежнымі мэдыямі.

(Калінкіна: ) “У мяне няма ніякага сумневу, што ён гэта ня толькі санкцыянаваў, але і вельмі пільна сочыць за ўсім, што адбываецца. На жаль, у мяне асабіста няма ніякіх надзеяў на тое, што хаця б для нейкага вонкавага рэзанансу нейкія палёгкі будуць зробленыя”.

А вось якой была рэакцыя галоўнага рэдактара незалежнай газэты “Наша Ніва” Андрэя Дынька:

(Дынько: ) “Ведаеце, культурным людзям цяжка камэнтаваць словы, якія ня маюць ніякага дачыненьня да рэальнасьці. Як можна камэнтаваць заведамую няпраўду? Вернуць нас у распаўсюд “Саюздруку”, вернуць газэты ў беларускія друкарні — тады можна будзе нешта камэнтаваць”.
XS
SM
MD
LG