Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія плянуе прапанаваць бясплатныя візы (абноўлены)


Радыё Свабода Латвія можа стаць першай краінай Эўразьвязу, якая пачне выдаваць бясплатныя візы грамадзянам Беларусі. З адпаведнай рэкамэндацыяй выступіў камітэт ураду Латвіі. Ён прапануе зрабіць візы для грамадзянаў Беларусі бясплатнымі ўжо з 1 чэрвеня.

Першы сакратар, кіраўнік консульска-візавага аддзелу амбасады Латвіі ў Беларусі Дзідра Ліепіня тлумачыць, што, згодна з нацыянальным заканадаўствам, урадавы камітэт, які выступіў з такой рэкамэндацыяй, мае дарадчыя функцыі.

(Ліепіня: ) “Гэта не рашэньне, гэта пакуль толькі рэкамэндацыя. Віза стане бясплатнай толькі пасьля таго, як адпаведнае рашэньне прыме кабінэт міністраў Латвійскай Рэспублікі. На дадзены момант гэтае пытаньне толькі разглядаецца”.

Ініцыятыва зрабіць бясплатныя візы для жыхароў Беларусі зыходзіць ад Эўрапейскага парлямэнту. Яшчэ летась ягоныя дэпутаты заклікалі краіны Эўразьвязу пайсьці на такі крок, каб спрасьціць беларусам перамяшчэньне па Эўропе, каб яны на ўласныя вочы маглі пабачыць, якое там жыцьцё. І першай на гэты заклік адрэагавала Латвія.

На сёньняшні дзень аднаразовая віза ў Латвію для грамадзянаў Беларусі каштуе 35 эўра, шматразовая — 70. Калі суседзі сапраўды прымуць рашэньне пра бясплатныя візы, дык у бюджэт краіны ня трапіць больш як паўмільёна эўра. Ці не паўплываюць фінансавыя меркаваньні на рашэньне ўраду, цікаўлюся ў спадарыні Ліепіні:

(Ліепіня: ) “Хочацца спадзявацца, што рашэньне будзе прынятае на карысьць беларусаў. Аднак казаць пра тое, што яно ўжо прынятае, было б дачасна”.

Кошт візы, як паказвае досьвед, значна ўплывае на колькасьць жыхароў Беларусі, якія едуць за мяжу. Летась, прыкладам, кошт аднаразовай візы ў Літву паменшыўся з 20 да 5 эўра, а шматразовай — з 35 да 25 эўра. Пасьля гэтага колькасьць візаў, якія выдалі беларусам для паездак у Літву, узрасла роўна ўдвая.

Дарадца амбасады Літвы ў Беларусі Марыўс Януконіс гаворыць, што кошт візаў для жыхароў абедзьвюх краінаў аднолькавы, і гэтае пытаньне вырашалася на двухбаковым узроўні:

(Януконіс: ) “Наша пазыцыя наступная: мы прапанавалі паменшыць кошт візаў, што і зрабілі летась. І мы лічым, што гэта значнае памяншэньне, паколькі 5 эўра выглядае больш-менш прымальнай сумай”.

У амбасадах Латвіі, Літвы й Польшчы (яшчэ адной краіны Эўразьвязу, якая мае агульную мяжу зь Беларусьсю) падкрэсьліваюць, што зьмены ў візавай палітыцы іхных краінаў адносна Беларусі калі й адбудуцца, дык дзейнічаць будуць толькі да ўваходу іх у шэнгенскую візавую прастору. Гаворыць спадар Януконіс:

(Януконіс: ) “Пасьля далучэньня да Шэнгену будуць аднолькавыя ўмовы для ўсіх краінаў Эўразьвязу. І мы павінны будзем прыняць агульныя правілы, якія яшчэ выпрацоўваюцца. Яшчэ няма канчатковага рашэньня ні адносна цаны, ні адносна іншых пунктаў”.

25 траўня ў Сочы адбудзецца саміт Расея—Эўразьвяз. Сярод пытаньняў, якія там будуць абмяркоўваць – падпісаньне з Эўразьвязам дамовы аб візавых спрашчэньнях.
XS
SM
MD
LG