Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рызе абмяркоўваюць беларускія праблемы


Алесь Дашчынскі, Менск Сябра Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Сяргей Калякін бярэ ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў у Рызе, ініцыяваных парлямэнтам Латвіі. Адмысловая дэпутацкая група дзеля падтрымкі дэмакратычных працэсаў у Беларусі арганізавала сустрэчы й дыскусіі ў парлямэнце Латвіі адносна сытуацыі ў Беларусі. Парлямэнтароў Латвіі цікавяць мінулыя прэзыдэнцкія выбары й сытуацыя ў краіне пасьля іх. Заплянаваныя таксама сустрэчы з кіраўнікамі дэпутацкіх камісіяў у эўрапейсіх і замежных справах.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч патлумачыў, што ў Рызе абмяркоўваюць магчымую падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Спадар Мілінкевіч лічыць падобныя сустрэчы, якія адбываюцца і ў іншых суседніх краінах, вельмі важнымі для Беларусі:

(Мілінкевіч: ) “Хаця ад нас усё залежыць, што будзе ў Беларусі, за нас ніхто ня зробіць. Але выпрацоўка агульнай стратэгіі, іх салідарнасьць, іх дапамога надзвычай важныя. І калі яны не зразумеюць таго, што адбываецца й будзе адбывацца ў Беларусі, яны могуць прыняць памылковыя рашэньні. А так яны вельмі скаардынавана працуюць. І нават такая простая рэч, як дапамога хаця б рэпрэсаваным, — ніколі б не было эфэктыўнай праграмы, калі б не было такіх паездак”.

Паводле спадара Мілінкевіча, вельмі важна, што пазыцыі ЗША і Эўразьвязу адносна сытуацыі ў Беларусі супадаюць.

(Мілінкевіч: ) “Няма розьніцы ў падыходах. Ніхто ўжо не спрабуе Беларусь дэмакратызаваць праз далучэньне да Расеі. Гэта адпала ўсё. Вераць у тое, што ў Беларусі ёсьць грамадзянская супольнасьць. Падзеі, якія былі, вярнулі веру ў Беларусь. І самае галоўнае — ніхто сёньня ня скажа, што беларусы хочуць жыць у такіх умовах, у якіх жывуць, і што беларусам не патрэбная незалежнасьць. Вось такіх словаў больш ніхто ня кажа з сур’ёзных палітыкаў. Я лічу гэта дасягненьнем”.
XS
SM
MD
LG