Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пілігрымы едуць у Польшчу на спатканьне з Папам


Радыё Свабода У Польшчы пачынаецца апостальскі візыт Папы Рымскага Бэнэдыкта ХVІ. Пантыфік наведае Варшаву й яшчэ некалькі польскіх гарадоў, а таксама пабывае на радзіме свайго папярэдніка Яна Паўла ІІ у Вадавіцы. На сустрэчу з Бэнэдыктам ХVІ выпраўляюцца больш за тры тысячы пілігрымаў зь Беларусі.

У Польшчу зьбіраюцца каталікі са шматлікіх вялікіх і малых гарадоў Беларусі: Магілёва, Віцебску, Берасьця, Маладэчна, Вялейкі ды іншых. Толькі зь Менску на аўтобусах і аўтамабілях выяжджаюць больш за тысячу вернікаў. У Горадні нават рыхтуецца адмысловы цягнік пілігрымаў. На пытаньне, чаму людзі імкнуцца на сустрэчу з Папам Рымскім, дыякан Менскага катэдральнага касьцёлу Віталь адказвае гэтак:

(Віталь: ) “Папа Бэнэдыкт ХVІ, адрозна ад Яна Паўла ІІ, ня вельмі шмат пілігрымуе. Перад тым, як у Польшчу прыехаць, ён быў яшчэ ў Нямеччыне. І таму гэта таксама дадае больш глыбокага сэнсу да таго, каб людзі маглі сустрэцца зь ім, паслухаць ягоныя словы, казаньні, памаліцца разам зь ім. Гэта кожны раз узрушвае чалавека й хрысьціяніна”.

Беларускія каталікі будуць мець дзьве сустрэчы з Бэнэдыктам ХVІ: у Варшаве й Кракаве. На першую выпраўляюцца людзі сталага веку, а на другую — моладзь. Акрамя таго, маладыя пілігрымы наведаюць Вадавіцы, дзе нарадзіўся Ян Павал ІІ. Зь якімі настроямі яны едуць да Папы Рымскага, пытаюся ў парафіянаў менскай катэдры.

(Юнак: ) “Для мяне гэтая паездка вельмі шмат азначае, бо змагу ўбачыць наступца сьвятога Пятра, а таксама ўзьнесьці да Бога просьбы за сябе й свой народ”.

(Юначка: ) “Мы рады Бэнэдыкту ХVІ — і паедзем, і молімся за яго”.

(Спадар: ) “Вельмі добра, што ён таксама распачаў езьдзіць па сьвеце, сустракацца з моладзьдзю й іншымі людзьмі. Гэта вельмі добра”.

(Карэспандэнтка: ) “За што будзеце маліцца?”

(Юнак: ) “Вельмі хацелася, каб Папа прыехаў у Беларусь. Хочацца сказаць “дзякуй” тым, хто не пусьціў Яна Паўла ІІ у Беларусь. Нашыя ўлады ці тыя ярархі, якія не пажадалі гэтага, — яны вельмі шмат страціцлі. Вось за гэта — за адраджэньне духоўнасьці ў Беларусі — і будзем маліцца”.

З нагоды першага візыту ў Польшчу Папы Рымскага Бэнэдыкта ХVІ польскі ўрад абвясьціў 26 траўня непрацоўным днём. У зьвязку з паломніцтвам вялікай колькасьці вернікаў зь Беларусі таксама пастанавілі зрабіць для іх аднаразовыя ўязныя візы бясплатнымі. Папярэдняя сустрэча беларускіх каталікоў з пантыфікам адбылася ў 2001 годзе ва Ўкраіне, у Кіеве і Львове. Тады Папам Рымскім быў Ян Павал ІІ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG