Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чалавек у калгасе — гэта парабак, у якога няма ніякіх правоў”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 24 траўня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У лістах, якія я выбраў для сёньняшняй размовы, слухачы “Свабоды” расказваюць пра тое, як палітычныя ўзрушэньні апошніх месяцаў адбіліся на іхным жыцьці, на настроях тых людзей, побач зь якімі яны жывуць і працуюць. Аўтары допісаў разважаюць пра будучыню Беларусі, расказваюць пра ўласныя назіраньні й клопаты, абмяркоўваюць найбольш актуальныя тэмы грамадзкага жыцьця.

Пачну размову з новага ліста, які даслаў наш даўні сябар, настаўнік зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну Мікалай Бусел:

“Надоечы меў гутарку з чалавекам, што вярнуўся зь Менску з адной апазыцыйнай нарады. Мужык быў у шаленстве ад задаволенасьці сваіх паплечнікаў вынікамі выбарчай кампаніі й нікчэмнасьці “грандыёзных плянаў”. У нядзельку захацелася паслухаць “Праскі акцэнт”, хоць прапанаваная тэма насьцярожыла сваёй абстрактнасьцю. Так яно і выйшла. Тэма дробненькая, меркаваньні — абстрактненькія. Падалося, што апазыцыянэры й кніжак не чытаюць. Спытаў пра гэта ў свайго візаві. “Даўно ніхто нічога не чытае”, — адказаў тое. Ну, мо гэта й гіпэрбала. А напрыканцы дэбатысты з “Праскага акцэнту” сказалі, што ня ведаюць, як дзейнічаць трэба. От з таго б і пачыналі”.

Далей у лісьце на “Свабоду” Мікалай Бусел расказвае адну гісторыю з жыцьця сваёй вёскі:

“Паслухаўшы “Праскі акцэнт”, выйшаў на двор. Чую, за плотам агародчыка плача, аж заходзіцца, жанчына, а яе супакойвае мая жонка. Я празь вецьце дрэваў ня бачу, а мне ж карціць. Рушыў туды. А гэта мая суседка Валя галосіць. Аказваецца, гэтай беднай удаве дагэтуль гной на соткі ня вывезьлі. Усім павывозілі, а ёй — не. Ёй ужо тупаць на калгасны двор, дзе запісваюць на чаргу, абрыдла. Яна на фэрме гаруе, ды яшчэ мэдсястрою ў дзетсадзе. Сын у гэтай сельгасарцелі таксама. Маці хворая ад старасьці, догляду патрабуе. Дачка неўладкаваная. Становішча — проста швах. І вось гэтай няшчаснай удаве калгасныя начальнікі не даюць вывезьці гной. Я пастараўся неяк супакіць яе, параіў, што рабіць, сам абураўся чэрствасьцю калгасных начальнікаў. Становішча прасьвятліла другая суседка, што падышла да нас. Яна асуджальна сказала, што ня трэба было Валі нічога казаць рэвізіі. Падчас рэвізіі з “Гомельэнэрга”, цяперашняга ўладальніка былога калгасу “Дуброва”, былі выяўленыя шматлікія фінансавыя парушэньні, і людзям прапанавалі выказаць прэтэнзіі. Між пакрыўджаных была і бедная ўдава Валя, якая таксама жалілася. І цяпер мясцовыя начальнікі паціху помсьцяць незадаволеным.

Перада мною быў ашчэр натуральнага рабства ў ХХІ стагодзьдзі на маёй Радзіме. Нейкі спадар Шаўчук з вытуранага зь Менску ЭГУ надоечы пагардліва сказаў празь Бі-Бі-Сі пра апазыцыянэраў: “Да за німі нікто не стаіт, вы ж пасматрыця, скока людзей вышла 1 мая”. Няўжо ўсе шаўчукі? Няўжо апазыцыя ператварылася ў містыфікацыю? Між тым, у ХХІ стагодзьдзі ў Беларусі, у сярэдзіне Эўропы плачуць удовы сярэднявечнымі сьлязьмі… Гэта не містыфікацыя і не фантомны боль”.

Далёка ня ўсе ў апазыцыі задаволеныя вынікамі мінулых выбараў, спадар Бусел. І пра сьлёзы паўпрыгонных беларускіх сялянаў многія ведаюць, і ставяцца да іх зусім не раўнадушна. Іншая рэч, што пры сёньняшнім становішчы справаў у апазыцыі й пры цяперашніх грамадзкіх настроях (асабліва тых, якія пануюць на вёсцы), цяжка ўявіць, што пакрыўджаных і зьняважаных калгасьнікаў нейкім чынам здольныя абараніць актывісты апазыцыі. Адны ад другіх аддзеленыя нябачным мурам. Падчас выбараў гэта выявілася вельмі выразна. А пакуль такі мур існуе, цяжка разьлічваць на хуткія зьмены і на вёсцы, і ў дзяржаве ў цэлым.

Тэму вясковага жыцьця закранае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” і наш слухач Віктар Баранаў з Рагачова. Ён піша:

“Не пабудаваўшы ні камунізму, ні разьвітага сацыялізму, пачалі будаваць сацыялізм рынкавы. У працэсе будаўніцтва некаторыя вёскі зьніклі зусім, некаторыя абязьлюдзелі напалову, а ў некаторых засталіся адна-дзьве хаты. Зямля паўсюль зарастае хмызьняком. Будуюць аграгарадкі, але і гэта — пад пытаньнем. Хто ў іх будзе жыць? Усе ж бачаць, што чалавек у калгасе — гэта парабак, у якога няма правоў. А на ўсе прэтэнзіі адзін адказ: “Не падабаецца — звальняйся”. Былыя камуністы (у тым ліку і Лукашэнка) вучацца цяпер у былых клясавых ворагаў, як трэба засяваць палі. Калі б у нас захаваўся СССР, то наўрад ці былі б нейкія калясальныя посьпехі. Усё было б, як і цяпер: “Я начальнік — ты дурань”. Калі ініцыятыва ўціскаецца, то прагрэс замаруджваецца”.

Уся савецкая сыстэма аказалася нежыцьцяздольнай у многім якраз з гэтай прычыны: чалавеку не дазвалялі выявіць сябе. Ён ня меў уласнасьці, ня мог працаваць на сябе й сваю сям’ю, у яго не было дастатковых стымулаў для прадуктыўнай працы… Распад СССР і банкруцтва камандна-адміністрацыйнай сыстэмы кіраваньня ўсё гэта, здавалася б, пацьвердзілі. Але ў Беларусі ў многім спрабуюць падправіць і паднавіць якраз тую сыстэму. Разьвітаньне зь мінулымі ілюзіямі бывае даўгім і цяжкім.

Ліст зь Менску, з прыватнага прадпрыемства “Сьветапрыбор”:

“Ёсьць шэраг прычынаў таго, што свае прозьвішчы і пасады паведаміць ня можам. Але паверце, што пад гэтым лістом маглі б падпісацца многія”.

Свой допіс ананімныя работнікі прадпрыемства “Сьветапрыбор” даслалі ня толькі на “Свабоду”, але і на адрас прэзыдэнта Лукашэнкі.

“Палітыку прэзыдэнта мы падтрымліваем. Але думаем, што яму проста не дакладваюць пра многія пытаньні, якія хвалююць людзей. Напрыклад — пра тое, зь якой пэнсіяй пакідаюць працу спэцыялісты прадпрыемстваў, і зь якой — чыноўнікі. Чаму пэнсія ў былых чыноўнікаў удвая вышэйшая, чым у спэцыялістаў прамысловасьці? І пры гэтым не патрабуецца сарака гадоў стажу? Мы неаднаразова зьвярталіся з гэтым пытаньнем да нашых кіраўнікоў, але ім не да нас. Самі яны атрымліваюць 3—4 мільёны рублёў за месяц, а пэнсіянэры — 150—170 тысяч. Ад нашых пытаньняў начальнікі адмахваюцца: маўляў, пры цяперашнім прэзыдэнту іх ня вырашыш.

А жыльлё? Начальству са сваімі заробкамі пра гэта думаць ня трэба. А звычайным людзям? Маладой сям’і ў Фрунзенскім ды іншых выканкамах трэба прастаяць у чарзе 20—25 год, каб атрымаць ільготны крэдыт на будаўніцтва. А міністар будаўніцтва тым часам хваліцца, што будуюць цяпер больш, чым пры савецкай уладзе. Але хто і для каго будуе? Вось вам і адказ на пытаньне: чаму ў нас такая нізкая нараджальнасьць, і чаму беларусаў становіцца ўсё менш, а прыежджых — усё больш”.

Сувязь паміж дэмаграфічнай праблемай і праблемай узроўню жыцьця не такая непасрэдная, шаноўныя слухачы. Тут усё больш складана. Напрыклад, выбух нараджальнасьці ў Беларусі адбываўся ў першыя пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі. А якое тады было жыльлё, якія заробкі? Ці іншы прыклад. У самых бедных афрыканскіх і азіяцкіх краінах насельніцтва расьце вялізнымі тэмпамі: у сем’ях там ня рэдкасьць — 10—15 дзяцей. А ў заможнай Эўропе, нягледзячы на ўсе льготы і дапамогі маладым сем’ям, нараджальнасьць вельмі нізкая.

Што да прывілеяванага становішча беларускіх чыноўнікаў… Так, сапраўды, у Беларусі прынята заканадаўства, паводле якога чынавенства ўсталявала для сябе высокія заробкі, пэнсіі, ільготны парадак выхаду на пэнсію. Гэта заканадаўства прынята Палатай прадстаўнікоў і зацьверджана прэзыдэнтам. І наіўна думаць, што дэпутаты альбо прэзыдэнт ня ведалі, за што галасавалі і пад чым ставілі свае подпісы.

На заканчэньне — фрагмэнт зь ліста нашага даўняга слухача і аўтара, афіцэра ў адстаўцы Міколы Канаховіча з Пружанаў. Палітычныя падзеі ў Беларусі, якія адбыліся на працягу апошніх месяцаў, спадар Канаховіч лічыць фатальнымі для беларусаў. Ён піша:

“19 сакавіка 2006 году — гэта апошняя дата існаваньня беларускага этнасу. Многія могуць мне запярэчыць: маўляў, згушчаю фарбы. Упэўнены, што — не. У 2007 годзе будзе зьліквідаваная апошняя беларускамоўная кляса. Мы забудзем, што такое незалежныя газэты. Яшчэ больш узрасьце падтрымка Лукашэнкам Расейскай праваслаўнай царквы, у той час як іншыя канфэсіі да 2010 году будуць увогуле забаронены з дапамогай Мін’юсту. Ужо, магчыма, да канца гэтага году будуць забароненыя дэмакратычныя партыі й Таварыства беларускай мовы. А ўвядзеньне расейскага рубля паставіць апошнюю кропку. Беларусы, як этнас, перастануць існаваць”.

Нейкую апакаліптычную карціну намалявалі Вы, спадар Канаховіч, у сваім лісьце. Думаю, спраўляць хаўтуры па беларушчыне ўсё ж заўчасна. Сытуацыя, вядома, няпростая, але ўсё ж не настолькі трагічная. У не такой ужо далёкай гісторыі беларусы сутыкаліся з цяжкасьцямі ня меншымі. Згадайце, зь якімі рэаліямі мелі справу нашы продкі хаця б сто гадоў таму? Ці выкладалася тады ўвогуле беларуская мова ў школах і ВНУ? Ці мелі беларусы хаця б аўтаномію ў складзе Расейскай імпэрыі? Колькі выдавалася кніг і газэтаў на беларускай мове? І ці многія тады верылі, што настане час, калі Беларусь стане незалежнай дзяржавай?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG