Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вераць прадпрымальнікі абяцаньням Лукашэнкі?


Радыё Свабода Паляпшэньне ўмоваў працы прадпрымальнікаў – адзін з прыярытэтаў, які зьбіраюцца рэалізоўваць беларускія ўлады. Пра гэта ўчора заявіў Аляксандар Лукашэнка ў сваім штогадовым пасланьні да Нацыянальнага сходу. Ці вераць такім абяцаньням самі прадпрымальнікі?

Як вынікае з выступу Аляксандра Лукашэнкі, Беларусі “неабходна ўдасканальваць нацыянальнае заканадаўства з тым, каб стварыць больш спрыяльныя ўмовы для прадпрымальніцкіх структур”.

(Лукашэнка: ) “Мы павінны даць ім такое заканадаўства, якое б вызначыла ім ўстойлівыя “правілы гульні”, разьлічанае на працяглую пэрспэктыву – якое б не перашкаджала, а садзейнічала разьвіцьцю нацыянальнага капіталу. Трэба зрабіць так, каб было выгадна ўкладваць свае рэсурсы й веды ў Беларусь”.

Нацыянальны сход, паводле яго прадстаўнікоў, мае намер выконваць гэтую ўстаноўку. Гаворыць намесьніца старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях прадпрымальніцтва Тацяна Сафроненка:

(Сафроненка: ) ”Цяпер у парлямэнце знаходзіцца законапраект аб падтрымцы дробнага й сярэдняга прадпрымальніцтва. Ён дапрацоўваецца. Калі будзе дапрацаваны, тады й будзем камэнтаваць. Законапраект, я так мяркую, зьявіцца ў першым чытаньні на вясновай сэсіі”.

Між тым, згаданы дакумэнт ужо выклікаў нэгатыўную рэакцыю вялікай часткі прадпрымальнікаў. Найперш, індывідуальных. Паводле іх, новы законапраект скіраваны, у прыватнасьці, на падтрымку юрыдычных асобаў і ліквідацыю сэктару індывідуальнага прадпрымальніцтва. Таму большасьць яго прадстаўнікоў учорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі ўспрынялі скептычна. Вось якім меркаваньнем падзяліўся лідэр прадпрымальнікаў Барысава Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Прадпрымальнікі ў дачыненьні да сябе за 10-12 год праўленьня гэтай улады столькі прыгожых словаў чулі, але, насамрэч, атрымлівалася наадварот. У 1994 у краіне было 230 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, а ў 2006 годзе іх колькасьць паменшылася на 60 тысяч”.

Дарэчы, як сьведчыць статыстыка, нягледзячы на скарачэньне колькасьці дробных бізнэсоўцаў, падатковыя паступленьні ад іх павялічваюцца. Летась, напрыклад, у параўнаньні з 2004 годам было на 28,5 працэнтаў больш. Такі рост, паводле бізнэсоўцаў, дасягнуты за кошт іх рабаўніцтва з боку дзяржавы. Як лічыць актывіст прадпрымальніцкага руху з Рэчыцы Леанід Невар, гэткая палітыка будзе працягвацца і далей. Спадар Невар пракамэнтаваў пасланьне Лукашэнкі:

(Невар: ) “Гэта чарговыя казкі Аляксандра Рыгоравіча. Таму што вось ужо практычна восем гадоў мы бралі ўдзел у “круглых сталах” з урадам: было шмат добрых прапаноў па прадпрымальніцтву, па яго актывізацыі ў Рэспубліцы Беларусь, але “воз і сёньня там”. Проста гэта папулісцкія словы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG