Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску адбудзецца хросны ход


Радыё Свабода 24 траўня некаторыя краіны, у тым ліку і Беларусь, адзначаюць Дзень славянскага пісьменства й друку. І сёньня ў Менску плянуюцца афіцыйныя ды царкоўныя ўрачыстасьці, прысьвечаныя памяці прапаведнікаў хрысьціянства й стваральнікаў славянскага альфабэту – сьвятых Кірыла і Мяфодзія.

У Менскім інстытуце тэалёгіі паведамілі, што 24 траўня пачынаюцца дванаццатыя па ліку Кірыла-Мяфодзіяўскія чытаньні. Са словаў аднаго з арганізатараў мерапрыемства Алены Шымбалёвай, кульмінацыяй сьвята стане хросны ход у гістарычным цэнтры Менску.

(Шымбалёва: ) “Хросны ход традыцыйна адбываецца. Сёньня – прастольнае сьвята, і ў такі дзень хросны ход абавязковы”.

Паводле Алены Шымбалёвай, удзельнікаў яго будуць вітаць прадстаўнікі ўлады, навукоўцы й пэдагогі. Суразмоўца таксама адзначыла, што калі ў 2004 годзе на ўрачыстасьцях у Менску прысутнічалі 250 замежных вучоных, то цяпер увага значна меншая. Філёзаф Валянцін Акудовіч лічыць гэта вынікам ідэалягічных хістаньняў кіраўніцтва Беларусі.

(Акудовіч: ) “Нам ідэалёгія увесь час дыктуе, якія сьвяты адзначаць. То іх сьвяткуем, альбо адмаўляемся. То яны добрыя, то дрэнныя... Па вялікім рахунку гэта няправільна”.

Беларускі гісторык Алег Трусаў нагадвае прычыны, паводле якіх савецкая ўлада ў свой час далучылася да раней выключна царкоўнага сьвята.

(Трусаў: ) “Гэта пачалося якраз ў пэрыяд перабудовы. Узгадалі пра адзінства трох славянскіх народаў, каб супрацьстаяць, напрыклад, “агрэсіўным прыбалтам”, ці “невядома якім грузінам альбо азэрбайджанцам”. КДБ стварыў інтэрфранты ва ўсіх тагачасных прыбалтыйскіх рэспубліках. Усе гэтыя інтэфранты засноўваліся на гэтай славянскай ідэі. Тады ж зьявіўся тэрмін “рускамоўнае насельніцтва”, які ў эксплюатацыі й сёньня.

Нагадаю, у 1994 годзе ў верасьні ў Полацку ўпершыню адзначаўся Дзень беларускага пісьменства і друку. Калі летась гэтае сьвята праводзілася ў адзінаццаты раз ў Камянцы на Берасьцейшчыне, то ўлады не запрасілі Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна ды іншых знакамітых беларускіх літаратараў...
XS
SM
MD
LG