Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфіскацыя маёнткаў паўстанцаў 1863 г. была спыненая праз 10 гадоў


Іна Студзінская, Менск 23 траўня 1873 года быў падпісаны імпэратарскі Ўказ аб спыненьні ў Заходніх губэрніях царскай Расеі судовых справаў па канфіскацыі маёнткаў удзельнікаў паўстаньня 1863-64 гадоў.

Царскім указам загадвалася спыніць усе судовыя справы аб канфіскацыі маёмасьці за ўдзел у паўстаньні 1863 года. Гісторык Андрэй Кіштымаў:

(Кіштымаў: ) "Гэта пастанова тычылася справаў аб маёмаснай адказнасьці мяцежнікаў – то бок удзельнікаў паўстаньня, забітых у шайках (паўстанскіх аддзелах) альбо бязь вестак зьніклых падчас альбо пасьля паўстаньня. Гэта таксама абараняла інтарэсы нашчадкаў паўстанцаў".

Згодна з царскім указам, забаранялася і ў будучым заводзіць новыя канфіскацыйныя справы супраць нашчадкаў мяцежнікаў. Паводле зьвестак Міністэрства дзяржаўных маёмасьцяў, да верасьня 1873 года ў Віленскай, Гарадзенскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губэрніях пад арыштам было 44 маёнткі і 5 гарадзкіх дамоў, якія належалі пераважна зьніклым падчас паўстаньня.

Паўстанцам і іх нашчадкам вярталіся яшчэ і грашовыя сродкі, якія паступалі ад сялянаў у выглядзе выкупных плацяжоў (нагадаем, у 1861 годзе было скасаванае прыгоннае права).

Камэнтар гісторыка Андрэя Кіштымава:

(Кіштымаў: ) "З аднаго боку, мы бачым праяўленьне высокай прававой культуры – то бок, сьледзтва скончанае, забудзьце, і ніякага звароту ня будзе. Зь іншага боку, ня будзем забывацца, гэта адбылося праз 10 год пасьля паўстаньня, і гэта амністыя. Але гэта яшчэ і сьведчаньне таго, што нават праз 10 гадоў пасьля паўстаньня працягваліся судовыя справы па маёмасьці паўстанцаў. 10 гадоў, як паўстаньне адпалыхала, але дым ішоў".
XS
SM
MD
LG