Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Калі ў Беларусі нехта робіцца бяздомным, ён хутка трапляе ў турму альбо ўвогуле зьнікае няведама куды, значная частка памірае ад голаду і ад абмарожаньняў... А прытулкаў для бяздомных у нас увогуле няма"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за аўторак, 23 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Яблонскі, Маладэчна: ) “Хачу зьвярнуцца да спадара Алега Трусава. Спадар Алег, я слухаў усе трансьляцыі былога Вярхоўнага савету і паважаў Вашу думку ў выступах і цяпер у ТБМ. Але вучыць роднай мове – гэта абавязак настаўнікаў. А што робіцца? Як балюча было летась бачыць, калі ў Маладэчна з многіх школаў поўнымі грузавымі прычэпамі зусім новыя неўжываныя падручнікі на беларускай мове вывозяцца ў макулятуру. На ўвесь такі прамысловы горад засталася толькі беларускамоўная гарадзкая школа-гімназія з 12-ці агульных школаў. Гэта што, не дыяспара? Але я згодзен з Вамі, спадар Алег, што ў гэтым і мы самі павінны. Сваю мову трэба ведаць добра і дома размаўляць на ёй. Тады і дзеткі нашы будуць ведаць яе”.

(Уладзіслаў: ) “Адна слухачка заявіла, што ў Амэрыцы ёсьць бяздомныя, а ў нас у Беларусі такіх няма, трэба разумець. Але ці варта гэтым ганарыцца? Калі ў Беларусі нехта робіцца бяздомным, ён хутка трапляе ў турму альбо ўвогуле зьнікае няведама куды, таксама значная частка памірае ад голаду і ад абмарожаньняў, таму што прадукты харчаваньня вельмі дарагія ў параўнаньні з гарэлкай. А прытулкаў для бяздомных у нас увогуле няма, акрамя спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Таму што быць бяздомным – гэта цяжкае злачынства ў шчасьлівай краіне. У Амэрыцы чалавек бяз даху над галавой можа выжыць, у нас – не. Таму наяўнасьць бяздомных, як ні парадаксальна, зьяўляецца паказчыкам дабрабыту краіны. Лепей быць бяздомным, чым зьняволеным. Лепей быць бяздомным, чым мёртвым”.

(Спадарыня: ) “Я хацела б прыехаць і ўсё расказаць не па тэлефону, а вочы ў вочы паглядзець і сказаць. У мяне вельмі добрыя пытаньні ёсьць. Я адношуся да “Свабоды” зь вялікай сымпатыяй”.

(Ніна Аляксееўна, Менск:) “Роднае маё Радыё Свабода! Мой дзед Грынь Сяргей Фёдаравіч быў схоплены ў верасьні 1937-га году працаўнікамі НКВД у вёсцы Брожа, што пад Бабруйскам, і зьнік. Усе гэтыя гады мы так нічога і не даведаліся пра яго. Усе гэтыя гады боль у душы нязносны. Часта наведваю Курапаты. Парайце і дапамажыце мне, дзе можна даведацца пра лёс майго дзеда?”

(Спадар: ) “Мяне зьдзіўляе Зянон Пазьняк сваім розумам, сваім прадбачаньнем! Яшчэ 16 год таму ён заклікаў стварыць чарнаморска-балтыйскі калектар дзеля забесьпячэньня гэтых краінаў гэтага раёну энэрганосьбітамі, незалежна ад Расеі. Колькі бруду было выліта на аўтара гэтай ідэі, на Зянона Пазьняка! Сёньня ўсе бачаць, што Расея выкарыстоўвае эканамічную залежнасьць краінаў гэтага раёну ад яе, ня толькі краінаў чарнаморска-балтыйскага рэгіёну, у палітычных мэтах. Хто будзе несьці адказнасьць за недарэчнасьць і бяздарнасьць курса беларускіх уладаў?”

(Кацярына, Менск: ) “Хацела б задаць рытарычнае пытаньне Ірыне Казулінай. Якой яна менавіта бачыць нашу краіну ў будучыні, праз 5-10 год?”

(Валер Шаўчэнка, Наваполацк: ) “Паведамленьне “Свабоды” аб паседжаньні палітычнай рады дэмсілаў мяне вельмі задаволіла. У рэшце рэшт нейкі крок наперад, якога чакалі шмат часу. Улада вынікі выбараў ужо мае даўно і працягвае зьнішчаць парасткі апазыцыі. Але мяне таксама зьдзіўляюць значныя разыходжаньні ў асноўных пытаньнях на радзе. Напрыклад, у неабходнасьці ці адмове ў правядзеньні выніковага Кангрэсу дэмсілаў. Я цалкам на баку лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі спадара Анатоля Лябедзькі аб абавязковым скліканьні гэтага форуму. Тыя, хто супраціўляецца гэтаму, на мой погляд, жадаюць пазьбегнуць станоўчай крытыкі, каб працягнуць дзейнічаць бяз згоды дэмакратычнага атачэньня”.

(Вольга, Баранавічы: ) “Цмок закону зрэдку ды не даляціць да сваёй ахвяры. Застаецца здагадвацца, чаму Саюз беларускіх пісьменьнікаў не ліквідавалі. Хочацца верыць, што існуе і спрацавала так званае калектыўнае сумленьне гэтых ліквідатараў, таму што большасьць службовых асобаў, якія выконвалі загад зьверху, тутэйшыя гуманітарыі, вучаныя і гадаваныя ў тым ліку і літаратурным прыгожым словам”.

(Спадарыня: ) “Лічу, што рэлігія, ксяндзы добра робяць, што забараняюць фільм. Такіх шмат фільмаў, якіх нельга глядзець ні людзям, ні дзецям – нікому. Шмат фільмаў псуюць дзяцей.

Яшчэ на сцэне выступае артыстка голая! Ці так можна рабіць? Ці можна так дазволіць ёй выступаць! А гэта ж глядзяць дзеці, і цяжка іх адцягнуць другі раз. На што гэта патрэбна? Просім усё гэта ліквідаваць, бо людзі дрэннымі робяцца. Ці можна сваё цела публічна паказваць на сцэне? Не! Ня можна! Трэба слухаць рэлігію”.

(Бартось Марыя Іванаўна: ) “Не атрымаецца Мілінкевіча Аляксандра Ўладзімеравіча, а таксама і нас, беларусаў усіх, задушыць! Не задушаць нас! Ніякай дыскрымінацыі няма! Проста нас душаць, палякаў і беларусаў. Нам месца на сваёй беларускай зямлі няма. Ня трэба чапляцца да Аляксандра Ўладзімеравіча Мілінкевіча! Мы яго паважаем, гэта сапраўдны чалавек. Гэта сапраўдны лідэр, які за нас, які за нашу свабоду. Мы яго любім і паважаем. Ня здолеюць лукашысты задушыць нас і Мілінкевіча!”

(Анастас Семяновіч: ) “Таварышы лукашысты! Вы зрабілі папярэджаньне нашаму любімаму і дарагому Алесю Мілінкевічу, якога народ выбраў бы прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, і ўвесь сьвет яго прызнаў бы, акрамя Кубы і Расеі, калі прытрымліваліся б Канстытуцыі і закону аб выбарах. Лукашысты, цяпер вы вырашылі зрабіць яго злачынцам і судзіць, як Аляксандра Казуліна. Мяне вельмі зьдзіўляе, што вы ні перад чым не спыняецеся. Няўжо ў вас абсалютна пустая галава? Вам жа прыйдзецца адказваць за свае дзеяньні перад народам Беларусі! Спыніцеся перасьледаваць апазыцыю. Гэта нашыя героі, і іхныя прозьвішчы будуць упісаныя ў гісторыю залатымі літарамі!”
XS
SM
MD
LG