Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Познані адкрыўся беларускі Культурна-асьветніцкі цэнтар


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Познані адбылося ўрачыстае адкрыцьцё беларускага Культурна-асьветніцкага цэнтру, які бясплатна атрымаў вялікае памяшканьне ад гарадзкіх уладаў у цэнтры гораду, а таксама друкарскія машыны.

Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар існуе ўжо некалькі гадоў і займаецца ня толькі культурніцкімі праектамі, але арганізоўвае таксама палітычныя акцыі – сярод іншага акцыі салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю.

У часе ўрачыстага адкрыцьця офісу цэнтру, бела-чырвона-белую стужку разам са старшынём арганізацыі Віталём Воранавым, перарэзаў намесьнік мэра Познані Мацей Франкевіч. У сваю чаргу, мэр гэтага горада Рышард Грабэльны заявіў нашаму радыё, што разьлічвае, што Беларусь у хуткім часе стане вольнай.

(Грабэльны: ) “Калі глядзець у пэрспэктыву, дык пасьля ўсяго, што адбылося навокал Беларусі, гэтая краіна ня можа заставацца зьняволенай. Пытаньне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца. Мы ў Польшчы перамаглі ў 1989 годзе, а змаганьне пачалося ў 1956-м”.

Паводле спадара Воранава, атрыманьне памяшканьня дапаможа сябрам беларускага цэнтру актывізаваць сваю працу.

(Воранаў: ) “Гэта значна палепшыць нашую працу – будзе дзе зьбірацца, захоўваць кніжкі – дагэтуль гэта была праблема. Адзін зь першых нашых крокаў – гэта адкрыцьцё тут беларускай бібліятэкі імя Францішка Багушэвіча. Ёсьць ужо першыя фундатары кніжак”.

Акрамя памяшканьня, якое настолькі вялікае, што там плянуецца наладзіць сталую экспазыцыю беларускіх мастакоў, беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар атрымаў таксама друкарскія машыны. Дарэчы, выданьне беларускіх кніжак – у бліжэйшых плянах Цэнтру.

(Воранаў: ) “Мы плянуем сэрыю перакладаў дзіцячых кніжак на беларускую мову – гэта творы замежных аўтараў, якія ніколі не выдаваліся па-беларуску, ці выдаваліся малымі накладамі. Ужо рыхтуецца першая кніга сэрыі – “Віні Пух”, якая павінна пабачыць сьвет у жніўні сёлета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG