Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін прэзэнтуе сваю кнігу ў Варшаве


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве адбылася прэзэнтацыя кнігі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Ксты” – паэт, разам з філёлягамі-навукоўцамі з БДУ прыехаў у польскую сталіцу на запрашэньне Варшаўскага ўнівэрсытэту.

А 10-й раніцы аўдыторыя катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту запоўнілася амаль цалкам – некаторыя студэнты сядзелі на прыступках.

(Пётра Дудановіч: ) “Я цікаўлюся беларускай літаратурай, а спадар Барадулін для мяне – увасабленьне ўсяго найлепшага і вышэйшага, што ў ёй ёсьць. Ягоныя творы, асабліва з кніжкі “Ксты” і асабліва верш “Пусьці ў душу Хрыста” вельмі шмат для мяне значыць. Я проста ня мог сюды не прыйсьці”.

На сустрэчу з Рыгорам Барадуліным прыйшоў выбітны перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову Чэслаў Сэнюх, які, сярод іншага, пераклаў больш за 170 лістоў Барадуліна да Васіля Быкава.

(Сэнюх: ) “Сярод беларускіх паэтаў, якія жывуць і пішуць цяпер, Барадулін, на мой погляд, найбольш значны і цікавы. Ён паэт усім сваім жыцьцём, ён ня можа не пісаць. Барадулін, гэта паэт-прарок, так як Васіль Быкаў быў празаікам-паэтам”.

У часе сустрэчы некалькі разоў уздымалася тэма Нобэлеўскай узнагароды для Рыгора Барадуліна. Чэслаў Сэнюх упэўнены, што паэт заслугоўвае гэтай ўзнагароды.

(Сэнюх: ) “Барадулін, я абсалютна ўпэўнены, павінен атрымаць Нобэлеўскую прэмію і заслугоўвае яе”.

Пэўным шокам для некаторых прысутных была інфармацыя аб тым, што творы народнага паэта Беларусі на ягонай радзіме афіцыйна не выдаюць. Сам Рыгор Барадулін, аднак, не наракаў – ён дзяліўся з прысутнымі ўспамінамі маладосьці, чытаў шмат вершаў.

(Барадулін: ) “Упершыню за мяжу я паехаў з калегамі-студэнтамі якраз у Польшчу ў 1956 годзе. Там у нас быў прымач, уключылі яго, а там перадача па-расейску. Кіраўнік групы кажа – вось, будзеце слухаць тут Маскву. А там раптам: "Говорит Радио Свобода – вы слушаете правду о жизни в Советском Союзе". Тады ён – выключайце, гэты прымач сапсаваны!”

Пасьля сканчэньня сустрэчы да па аўтографы Рыгора Барадуліна выцягнулся даўжэзная чарга студэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG