Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Эўрабачаньня фінскія “Лордзі” сталі героямі на радзіме


Валер Каліноўскі, Прага Сёлетні 51-ы конкурс Эўрабачаньня, які прайшоў у Афінах, як ніколі падзяліў публіку паводле музычных густаў. Віною гэтаму сталі сэнсацыйныя пераможцы конкурсу – фінская група “Лордзі”, якая сьпявае ў стылі гэві-мэтал, а на сцэне паўстала ў вобразах монстраў з фільмаў жахаў. "Мы не сатаністы, гэта проста забава", – сказаў пасьля перамогі ў Афінах лідэр гурту Томі Путаансуу.

Пачварныя вобразы групы “Лордзі” ў сьвядомасьці іх праціўнікаў, на маю думку, павінны былі б кампэнсавацца іншым фінскім вобразам – Санта Клаўса. Лідэр групы “Лордзі” Томі Путаансуу паходзіць з гораду Рованемі, сталіцы той самай правінцыі Лапляндыі, якая лічыцца афіцыйным домам Санта Клаўса, і куды дзеткі з усяго сьвету пішуць лісты з просьбамі аб падарунках.

Дарэчы, сам Санта Клаўс ужо павіншаваў гурт “Лордзі” з перамогаю на Эўрабачаньні, назваўшы яе ажыцьцяўленьнем мараў з дапамогай руплівай працы. Павіншавалі гурт зь першай фінскай перамогай на Эўрабачаньні і прэзыдэнт Фінляндыі ды кіраўнік фінскага ўраду. Тут гурт “Лордзі” зусім не лічаць пачварным, а нават называюць анёламі цяжкага року.

Лідэр гурту “Лордзі” Томі Путаансуу таксама быў зьдзіўлены гэтай перамогай цяжкага року на поп-конкурсе і заявіў, што яна сталася вынікам непрадузятасьці грамадзкай думкі ў Эўропе ды выказаў спадзяваньне, што цяпер Эўрабачаньне выйдзе ў больш шырокі музычны кантэкст.

Цяпер жа пасьля сэнсацыйнай перамогі ў Афінах у фінскім горадзе Рованіемі зьявіцца плошча імя гурта “Лордзі”, а лідэр групы будзе ўганараваны ўладай на ўзроўні алімпійскіх чэмпіёнаў.

У іншых краінах гэтую нечаканую перамогу ў іншых краінах сустрэлі неадназначна. Паколькі гэта першы прыклад перамогі на Эўрабачаньні цяжкага року, некаторыя аглядальнікі цяпер разважаюць пра лёс далейшы песеннага конкурсу, нібыта сапсаванага "нефарматным" рокам.

Кіраўнік Грэцкай праваслаўнай царквы арцыбіскуп Хрыстадулас выказаў свой шок ад перамогі “Лордзі”, назваўшы іх монстрамі і сатаністамі. Гэтак жа іх акрэсьліла Расейская праваслаўная царква, але хваравіта рэзкая рэакцыя з Расеі зразумелая, бо яе ўдзельнік Дзіма Білан заняў другое месца. Такім чынам, можна сказаць, што рэакцыя на перамогу “Лордзі” ў канкрэтнай краіне ў многім залежыць ад яе ўласных вынікаў на Эўрабачаньні. Нямецкая прэса, напрыклад, са зьдзіўленьнем піша, чаму ў Эўропе дагэтуль так ня любяць немцаў, што большасьць краін не далі іх выканаўцу ніводнага балу і ў выніку адкінулі на 15-е месца. “Эўропа, гэта так несумленна, мы заслужылі б хаця б 10 месца”,– напісала "Штутгартэр Цайтунг".

Апошнім часам конкурс Эўрабачаньня выйграюць краіны з усходу кантынэнту, ці зьвязана гэта з падзеньнем цікавасьці да яго на Захадзе? Цяжка казаць пра падзеньне цікавасьці, калі, напрыклад, у Нямеччыне конкурс глядзелі 10 мільёнаў чалавек. Тым ня меней сапраўды раней у Эўрабачаньні дамінавалі заходнія краіны, а ў апошнія гады пасьля таго як больш за 10 краін з былога сацыялістычнага блёку і былога СССР далучыліся да конкурсу адбыўся прыкметны зрух на ўсход.

Эстонія, Латвія і Ўкраіна выйгравалі конкурс у 2001, 2002 і 2004 гадах. Акрамя іх у гэтым стагодзьдзі перамагалі Турэччына і Фінляндыя. Удзельнічаючы ў гэтым конкурсе маладыя краіны з былога СССР імкнуцца давесьці што яны эўрапейцы. Краінам з захаду кантынэнту, відаць, гэта непатрэбна.

Беларусь трэці раз удзельнічала ў конкурсе, але афінская сцэна, відаць, была найгоршай для беларускіх канкурсантаў, сьпявачка Паліна Смолава заняла перадапошняе месца яшчэ ў паўфінале.
XS
SM
MD
LG