Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі памежнік прапаноўваў службовы мікрааўтобус для сэксу


Тацяна Поклад, Вільня Амэрыканскі прафэсар Тэры Бэш, якога летась беларускія ўлады выгналі зь Беларусі пасьля двухгадовай працы ў БДУ, цяпер жыве і выкладае ў Вільні. Нарачоная Тэры Бэша жыве і працуе ў Беларусі, і сустракацца яны могуць толькі ў Літве. Ня толькі беларускія ўлады, але і літоўскія мытнікі імкнуцца абцяжарыць закаханым жыцьцё, распавядае сёньня літоўская газэта "Летувос рытас".

Прафэсар Тэры Бэш даў падрабязнае інтэрвію журналістам газэты “Летувос рытас” Марыюсу Ёкубайцісу і Юраце Кілюлене.

Тэры Бэш выкладае ў Тэхнічным унівэрсытэце імя Гедыміна ў Вільні, стварыў тут кансультацыйную кампанію “Leadership Centre”. Ён атрымаў дазвол на сталае жыхарства ў Літве пасьля таго, як быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Не працягнуўшы прафэсару візу, улады бяз тлумачэньня прычынаў забаранілі яму ўезд у Беларусь цягам 5 гадоў. У Менску засталася яго нарачоная. Юрыст Валянціна Ханенка прыяжджае ў Вільню на кожныя выходныя, каб сустрэцца з каханым. Неўзабаве яны плянуюць пабрацца шлюбам і жыць разам у Вільні.

Яны пазнаёміліся ў Менску, калі Валянціна прыходзіла на лекцыі прафэсара, і пасьля стала яго асыстэнткай, але першыя два гады іх лучыла толькі праца. Самі яны кажуць: “Зусім ніякае сымпатыі спачатку ня было, наадварот, мы абодва пастаянна спрачаліся”. Яны паразумеліся на тым, што кожны выслухваў думку калегі і пасьля рабіў па-свойму.

Два гады таму ў Менску прафэсара з двума дочкамі пакінула жонка, якая забрала зь іх агульнага рахунку грошы і вярнулася ў Амэрыку. А пасьля прафэсар нечакана для сябе зрабіў адкрыцьцё, што яго каляжанка ня толькі разумная, але й вельмі прыгожая. Яны заручыліся, але Тэры Бэша выслалі зь Беларусі.

Цярпець прыніжэньні і ўціск закаханым даводзіцца ня толькі ад дыктатарскіх уладаў Беларусі, але і ад карумпаваных ды цынічных работнікаў памежнага кантролю ў Літве, як распавядае “Летувос рытас”.

Гэтымі выходнымі амэрыканскі прафэсар са сваёй нарачонай правялі ў арыштанцкай, а кіраўнік зьмены памежнікаў двойчы прапанаваў ім за плату выкарыстаць свой службовы аўтамабіль у якасьці пакою "лав-гатэлю".

Памежнікі ведалі, што Валянціна і Тэры – заручоныя. Ім нават тэлефанавалі зь Вільні студэнты прафэсара. Амэрыканскі прафэсар і юрыст зь Беларусі кажуць, што пункт памежнага кантролю ў Кене будзе заўсёды ім нагадваць пра зьдзекі і прыніжэньні.

Частыя паездкі ў Вільню азначаюць шматлікія штампы ў пашпарце – і патрэбу часта яго мяняць. Калі Валянціна зьмяніла пашпарт, дзейная літоўская віза засталася ў старым – вось да гэтага і прычапіліся літоўскія супрацоўнікі памежнага кантролю, хаця В.Ханенка загадзя патэлефанавала ў літоўскую амбасаду ў Беларусі, дзе яе запэўнілі, што на мяжы ня будзе ніякіх праблемаў.

Аднак у Кене Валянціну высадзілі зь цягніку. Калі Тэры Бэш даведаўся, што ёй не дазволілі ўехаць у Літву, ён прыехаў зь Вільні ў Кену на таксі (станцыя Кена, дзе знаходзіцца пункт памежнага кантролю, за 30 км ад Вільні), дзе знайшоў сваю нарачоную ў арыштанцкай, “белую, як паперу, напужаную, заплаканую.”

Яму дазволілі зь ёй пабыць, але толькі ў закрытым памяшканьні з кратамі на вокнах. Пакуль яны размаўлялі, піша “Летувос рытас”, службовец двойчы запрашаў Валянціну ў калідор і казаў ёй, што яны могуць кахацца ў прыпаркаваным побач службовым мікрааўтобусе, калі скажуць, колькі заплацяць за гэта кіраўніку зьмены.

Праз шэсьць гадзінаў Валянціну адаслалі назад у Менск.

Тэры Бэш кажа, што на літоўскай мытні ўсё – абсталяваньне, памяшканьне, – адпавядае самым сучасным эўрапейскім стандартам, – усё, апрача саміх супрацоўнікаў. Тэры Бэш кажа: “Можна шмат інвэставаць у ахову дзяржаўнае мяжы, аднак, калі там працуюць такія людзі, гэта нічога ня варта.”

Тэры Бэш заявіў, што будзе распавядаць пра гэтую гісторыю паўсюдна, а таксама зьвернецца ў амбасаду ЗША ў Літве і разам са сваім адвакатам падасьць заяву ў паліцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG