Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пасланьне А.Лукашэнкі камэнтуюць беларускія палітыкі?


Радыё Свабода Сёньяшняе пасланьне Аляксандра Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу камэнтуюць беларускія палітыкі й грамадзкія дзеячы.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава зьвяртае ўвагу на тое, што сёньня прагучала найкарацейшае пасланьне прэзыдэнта з тых, што ёй даводзілася чуць падчас працы ў парлямэнце.

(Абрамава: ) “Асноўны сэнс пасланьня — курс застаецца нязьменны. Разьлічваць на тое, што ў заходнім разуменьні называецца дэмакратызацыяй, ня варта. А на першых пазыцыях, адрозна ад пасланьняў мінулых гадоў, карыстаючыся катэгорыямі марксісцкіх грамадзкіх навук, былі пытаньні надбудовы, а ня базісу. Гэта значыць, што эканоміка пайшла пасьля агульнагуманітарных пытаньняў, пытаньняў грамадзкіх дачыненьняў”.

Намесьнік старшыні беларускай Асамблеі няўрадавых арганізацый Вацлаў Арэшка лічыць, што заява Лукашэнкі пра існаваньне грамадзянскай супольнасьці ёсьць адказам на ціск грамадзтва ўнутры краіны.

(Арэшка: ) “Гэта свайго роду адказ на выклік з нашага боку. Дэмакратычнае грамадзтва якраз складаецца з такіх грамадзкіх аб’яднаньняў, партыяў, і яно цяпер паказала, што можа быць моцным інструмэнтам для пераўтварэньняў. Псэўдатрэці сэктар даўно ўжо ствараецца, і ў бліжэйшы час гэта будзе больш інтэнсіўна ісьці, каб паспрабаваць супрацьпаставіць яго нармальнаму грамадзтву”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе, што на сёньняшні выступ Аляксандра Лукашэнкі ў парлямэнце наклалі адбітак апошнія падзеі ў краіне, у тым ліку й пасьлявыбарчыя пратэсты.

(Лябедзька: ) “Калі б было так усё добра, то Аляксандар Рыгоравіч ня менш за тры гадзіны распавядаў бы, як у нас усё добра і цудоўна. Але сытуацыя сёньня такая, што трэба ўлічваць рэаліі. Я думаю, што некаторыя мэсыджы Лукашэнка накіроўваў ня столькі спажыўцам унутры краіны, колькі за межамі. Я думаю, што абвастрэньне сытуацыі з усходнім стратэгічным партнэрам, Расеяй, прыводзіць да таго, што Лукашэнка шукае закулісна нейкіх выхадаў на эўрапейскую супольнасьць”.

У пасланьні да Нацыянальнага сходу Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў ролю й дзейнасьць мясцовых саветаў. Кіраўнік Беларусі зьвярнуў увагу на тое, што апазыцыянэры становяцца дэпутатамі мясцовых саветаў не таму, што іх падтрымліваюць людзі, а таму, што няма даверу мясцовым уладам.

Дэпутат Белаазёрскага гарсавету Юрась Губарэвіч кажа, што ў гэтых заявах ёсьць пэўная лёгіка:

(Губарэвіч: ) “Калі няма даверу да мясцовай улады, да выканкамаў, то, натуральна, людзі падтрымліваюць людзей зь іншымі поглядамі, прадстаўнікоў апазыцыі. А наконт немагчымасьці дэпутатам рэалізоўваць свае паўнамоцтвы, то гэта таксама слушна. І гэта не віна дэпутатаў, і не адсутнасьць іхнай ініцыятывы. З той заканадаўчай базай, якая цяпер ёсьць, фактычна мясцовыя саветы й дэпутаты — абсалютна бяспраўныя утварэньні. Для нас мясцовыя выбары — не самамэта. Натуральна, што ў сёньняшніх умовах няма ніякіх выбараў. На выбарчых участках, прынамсі, гэтае пытаньне не вырашаецца. Тым ня менш, актыўныя людзі на месцах павінны пайсьці да людзей, скарыстаўшы маючыя адбыцца выбары ў мясцовыя саветы”.
XS
SM
MD
LG