Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў “паказаць Захаду беларускі гонар”


Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіў з пасланьнем да беларускага народу й Нацыянальнага сходу. Канстытуцыяй прадугледжана, што кіраўнік дзяржавы агучвае такую прамову штогоду, каб вызначаць прыярытэты разьвіцьця краіны.

Праграмная прамова Аляксандра Лукашэнкі цягнулася сёлета толькі 51 хвіліну. Чаму ён быў такі кароткі?

(Лукашэнка: ) “У апошнія некалькі месяцаў многа казалася пра нашыя стратэгічныя задачы й прыярытэты на бліжэйшыя пяць гадоў. На трэцім Усебеларускім народным сходзе мы шматбакова абмеркавалі праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны да 2011 году. Нядаўна сфармаванаму ўраду пастаўленыя задачы яе рэалізацыі. Таму няправільна было б сёньня, пасьля пастаноўкі тых глябальных задачаў, яшчэ наслойваць нейкія размовы пра яшчэ нейкія задачы на бягучы год”.

Гэтым разам Аляксандар Лукашэнка фактычна не адыходзіў ад падрыхтаванага тэксту. Імправізацыя здарылася толькі аднойчы, калі кіраўнік дзяржавы запатрабаваў выпускаць толькі якасныя тавары:

(Лукашэнка: ) “Катэгарычна забараняецца з заўтрашняга дня апэляваць альбо апэраваць падзеямі, зьвязанымі з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Маўляў, вось, Кітай — экспансія, падаткаў няма, таго няма, танная прадукцыя, ня можам канкураваць. Лён не ідзе, трактары не ідуць, БелАЗы, МАЗы не ідуць. Тое не ідзе, гэта не ідзе. Гэтае балбатаньне трэба скончыць — з тэлевізарамі ды іншымі лядоўнямі. Сёньня людзі разумеюць, што ў Беларусі падобная прадукцыя вырабляецца якасная. І калі яна крыху даражэйшая за кітайскую, расейскую, індыйскую ці іншую, купляць яе людзі будуць”.

Лукашэнка патлумачыў, чаму ён зьвяртае асаблівую увагу на эканоміку:

(Лукашэнка: ) “Калі мы будзем нарошчваць эканамічную моц, мы здолеем дамагчыся і палітычнага прызнаньня”.

Пасьля выступу кіраўнік беларускай дзяржавы пачаў адказваць на пытаньні сябраў Нацыянальнага сходу. Аднак маніторы ў прэсавым цэнтры, дзе знаходзіліся журналісты, якая стала акрэдытаваныя пры Палаце прадстаўнікоў, адразу адключылі. І таму пачуць іх маглі толькі тыя журналісты, якія маюць сталую акрэдытацыю ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, і знаходзіліся ў Авальнай залі.

Паводле агенцтва “Інтэрфакс”, А.Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць звароты ў міжнародныя судовыя інстанцыі паводле рашэньня Эўразьвязу абмежаваць уезд на сваю тэрыторыю некаторым беларускім чыноўнікам. Кіраўнік краіны таксама назваў “поўным дзікунствам гэтых людзей” рашэньне канадзкіх і амэрыканскіх уладаў, якія перашкаджалі палёту самалёта прэм’ера Сідорскага на Кубу. Ён паведаміў, што даручыў ураду прыняць кардынальныя адэкватныя захады. І зьдзіўляецца, чаму яны яшчэ ня зробленыя. Лукашэнка сказаў, што “асноўны маршрут трэба перакрыць, і няхай яны лётаюць праз Украіну ды Прыбалтыку. Можа, мы нешта і згубім, але мы павінны паказаць ім свой гонар”.

Адказваючы на пытаньні ў Авальнай залі, Аляксандар Лукашэнка таксама паведаміў, што гатовы весьці дыялёг з канструктыўнай апазыцыяй, але не зь яе сёньняшнімі лідэрамі. “Гэта — не апазыцыя, гэта — адмарозкі. Які можа быць дыялёг, калі яны заклікаюць да ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць беларускага народу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Выказаўся спадар Лукашэнка й наконт недзяржаўных мэдыяў. Паводле ягоных словаў, іхныя праблемы зьвязаныя зь фінансаваньнем: скончыліся выбары, скончылася й фінансаваньне.

Гл.таксама • Як пасланьне А.Лукашэнкі камэнтуюць беларускія палітыкі?
XS
SM
MD
LG