Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычная апазыцыя расказала пра свае пляны


Радыё Свабода 22 траўня палітычная рада дэмакратычных сілаў ухваліла стратэгію аб’яднанай апазыцыі на бліжэйшую пэрспэктыву. Сёньня гэты дакумэнт мяркуецца апублікаваць у інтэрнэце. Пра стратэгію, якая будзе рэалізаваная ў рамках агульнанацыянальнай кампаніі “За свабоду”, мы папрасілі выказацца вядомых у краіне палітыкаў.

Палітрада вырашыла захаваць цяперашнюю структуру аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Штаб Аляксандра Мілінкевіча будзе пераўтвораны ў выканаўчы камітэт, а рэгіянальныя штабы — у выканаўчыя камітэты аб’яднаных дэмсілаў. Яны будуць ажыцьцяўляць даручэньні палітычнай рады на чале са спадаром Мілінкевічам у справе кампаніі “За свабоду”. Тлумачыць лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “На кангрэсе быў створаны штаб выбарчай кампаніі. Цяпер ён проста будзе рэфармаваны ў штаб палітычнай кампаніі, якая мае назву “За свабоду”. Там патрэбныя будуць зьмены ў складзе гэтага выканаўчага органу. Безумоўна, там будзе нейкая іншая структура”.

Паводле старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, палітычная кампанія “За свабоду” — гэта тое, чым цяпер займаюцца аб’яднаныя дэмакратычныя сілы.

(Вячорка: ) “Асноўная стратэгічная мэта — гэта нечарговыя, свабодныя, дэмакратычныя выбары, празь якія мы вяртаем свабоду і дэмакратыю ў Беларусь. Безумоўна, не прывязваючыся надалей да календара выбарчых кампаній, а трымаючы ў сваіх руках ініцыятыву. Беларусь ужо цяпер знаходзіцца ў сыстэмным крызісе. Мы прапануем антыкрызіснае бачаньне, якое ёсьць палітычнае. Гэта вызваленьне краіны з-пад дыктатуры. І гэта адзіны шлях, каб не дапусьціць татальнага эканамічнага і дзяржаўнага абвалу”.

Сябра палітрады Аляксандар Бухвостаў заявіў, што асноўная мэта кампаніі “За свабоду” палягае ў адхіленьні ад улады дзейнага кіраўніка краіны.

(Бухвостаў: ) “Адхіленьне Лукашэнкі ад улады — гэта асноўная мэта, і яна вызначаная кангрэсам. Кампанія “За свабоду” — гэта далучэньне ўсіх людзей, якія настроеныя ўкласьці нешта ў барацьбу за перамены”.

Паводле спадара Калякіна, на аснове ўхваленай стратэгіі аб’яднаная апазыцыя абмяркоўвае плян канкрэтных дзеяньняў.

(Калякін: ) “Аднак ужо сёньня мы ведаем некалькі кампаніяў, якія будзем весьці. Гэта кампанія за адмену кантрактаў, гэта кампанія абскарджваньня грамадзянамі вынікаў выбараў. Як мінімум дзьве кампаніі літаральна пачнуцца празь некалькі дзён. Што рабіць далей, нам усё ясна. На гэтае пытаньне адказаў кангрэс. Мы цудоўна разумеем, што, як і раней, самая галоўная праблема, што трэба працаваць з думкамі грамадзянаў. Калі мы пераможам у галовах людзей, мы пераможам і рэжым Лукашэнкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG