Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Глеб набыў кватэру ў найдаражэйшым менскім доме


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы 23 траўня.

Эканаміст Валеры Дашкевіч на старонках газэты “Белорусы и рынок” тлумачыць, чаму блізкім часам у Беларусі ня будуць таньнець крэдыты. Нацбанк не зьбіраецца зьніжаць стаўку рэфінансаваньня ў траўні, бо ў папярэднім месяцы была зробленая масаваная эмісія – давялося крэдытаваць банкаўскую сістэму, каб тая ў сваю чаргу выдавала грошы на пасяўную кампанію й будаўніцтва жытла. Натуральна, што пры такім нагнятаньні рублёў у эканоміку можна чакаць узмацненьня інфляцыі, лічыць экспэрт.

“Витебский курьер” піша пра тое, што ў Аршанскім раёне здалі ў эксплюатацыю аграгарадок у вёсцы Зубава. “Аграгарадкі, такім чынам, гэта нішто іншае, як цэнтральныя сядзібы гэтых узбуйненых калгасаў. Безумоўна, калі ў іх будзе сапраўды ў наяўнасьці ўвесь заплянаваны комплекс паслугаў сацыяльна-пабытовага кшталту, і калі гэта ня выявіцца чарговым блефам, то жыць у іх будзе пакамфортней, чым у звычайных вёсках, якія пусьцеюць штогод. Гэта больш прывабна найперш для моладзі. Але, зь іншага боку, міжволі паўстае пытаньне: што цяпер стане з гэтымі самымі вёскамі, якім ня выпала стаць базай для аграгарадка?”

“Камсамолка” сёньня піша пра вынікі “Эўрабачаньня” – беларусы зноў ня могуць трапіць у фінал, сёлета яны былі на 22-ім перадапошнім месцы. Ці зможа Беларусь увогуле паўдзельнічаць у “Эўрабачаньні”-2007? Кажа журналістка Ірына Козьлік.

(Козьлік: ) “Смолава, зразумела, выступіла горш чым кольвечы выступала Беларусь. Хто за нас прагаласаваў мы пішам… Мы задаем пытаньне прэсавай службе Белтэлерадыёкампаніі: паедзем мы ці не ў наступным годзе. Здаецца, правіла не павінны памяняцца й мы павінны ехаць. Але ў прынцыпе, калі б усё адбывалася паводле правілаў двухгадовай даўніны, мы б вымушаныя былі прапусьціць гэты конкурс зноў”.

Апрача таго ў сьвежай “Камсамолцы” можна прачытаць пра тое, якую кватэру набыў сабе ў Менску футбаліст Аляксандар Глеб. Новыя апартамэнты займаюць паўпаверху, а 200 мэтраў жытла будуць аздобленыя ў італьянскім стылі. Гэты элітны пяціпавярховік каля плошчы Перамогі яшчэ не заселены, але ўжо лічыцца самым дарагім домам у Менску.
XS
SM
MD
LG