Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Лукашэнка выступае з пасланьнем да Нацыянальнага сходу.


Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Лукашэнка выступіць з пасланьнем да Нацыянальнага сходу. Паводле Канстытуцыі, кіраўнік дзяржавы выступае з такой прамовай штогод, каб вызначаць прыярытэты разьвіцьця краіны. Што чакаць ад чарговай праграмнай прамовы кіраўніка дзяржавы?

Звычайна з пасланьнем да Нацыянальнага сходу кіраўнік дзяржавы выступае ў сярэдзіне красавіка. У кулюарах парлямэнту гэтую прамову называюць нават “апрельскими тезисами”. Сёлета пасланьне прагучыць на месяц пазьней. Пра зьмест пасланьня і акцэнты мы спрабавалі даведацца ў кіраўніка прэсавай службы прэзыдэнта Павала Лёгкага.

(Лёгкі: ) “На жаль, нічога вам не магу адказаць ні на адно пытаньне. З тае простае прычыны, што я асабіста ў рукох гэты дакумэнт не трымаў. У нейкай ступені павінна быць інтрыга, гэта ж зразумела. Калі вы памятаеце гісторыю з пуцінскім пасланьнем, то там інтрыга да самага апошняга моманту захоўвалася”.

Для дэпутата Палаты прадстаўнікоў трох скліканьняў Ігара Катлярова гэта будзе ўжо адзінаццатае пасланьне Аляксандра Лукашэнкі парлямэнту.

(Катляроў: ) “Практычна ўсё, пра што прэзыдэнт казаў летась, выканана. Але, канечне, ёсьць праблемы, якія трэба вырашаць. Калі казаць пра тую сфэру, якую я курырую, гэта разьвіцьцё навукі, спыненьне ўцечкі мазгоў за мяжу, гэта павелічэньне асыгнаваньняў у навуку. Як правіла, перад дзяржавай, якая разьвіваецца, стаяць больш складаныя праблемы. Я думаю, пра гэта прэзыдэнт будзе казаць”.

Палітоляг Сяргей Панькоўскі звычайна ўважліва аналізуе пасланьні кіраўніка дзяржавы парлямэнту. Але ад сёньняшняй прамовы нічога новага і крэатыўнага не чакае.

(Панькоўскі: ) “Аляксандар Лукашэнка ўсё ўжо сказаў. Ён даўно ўжо ў той стадыі палітычнага існаваньня, калі нейкіх крэатыўных момантаў чакаць цяжка. Пасланьні былі цікавыя ў самым пачатку, а цягам апошніх гадоў нічога новага там не было. Лукашэнка – ня той прэзыдэнт, які зьяўляецца аўтарам стратэгіяў, і даўно ўжо не выказвае ніякіх фундамэнтальна-праграмных рэчаў. І нават той факт, што ўрад не памяняўся, сьведчыць пра тое, што наўрад ці трэба чакаць нейкіх навацыяў”.

Па традыцыі, выступленьне Лукашэнкі будзе трансьліравацца аб 11-й раніцы ў наўпроставым эфіры на Беларускім радыё і тэлевізіі. Напачатку прэзыдэнцтва Лукашэнкі пасланьне давалі цалкам, не скарачалі і адказы на вострыя пытаньні парлямэнтараў. Апошнім часам для шырокай публікі пакідаюць толькі саму прамову. Дый вострых пытаньняў у парлямэнце цяпер не задаюць.
XS
SM
MD
LG