Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыне могуць ліквідаваць апошнюю суполку Свабоднага прафсаюзу


Радыё Свабода Сёньня ў горадзе Барань ля Воршы будзе вырашацца пытаньне аб скасаваньні апошняй на Віцебшчыне пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў.

Адрас канфлікту -- унітарнае прадпрыемства “Лёс”. Гэта былы завод савецкай абароннай прамысловасьці, які цяпер вырабляе вулічныя таксафоны ды іншыя сродкі сувязі. Сюды сёньня накіраваны юрыст рэспубліканскага працоўнага арбітражу Ўладзімер Зайчыкаў.

(Зайчыкаў: ) “Хочацца ведаць, чаму яны зайшлі ў тупік? І чаму ня могуць адшукаць выйсьце са складанага становішча”.

Як паведаміў суразмоўца, адміністрацыя адмаўляе арганізацыі свабоднага прафсаюзу мэталістаў ў арэндзе памяшканьня. Якім чынам высяляюць “пярвічку” удакладніла намесьнік дырэктара Любоў Ісаковіч:

(Ісаковіч: ) “Памяшканьне пад плёмбай. Далей усё будзе залежаць ад таго, як вызначыць працоўны арбітраж”.

Пра магчымую хаду падзеяў у Барані запытваю ў прафсаюзнага лідэра Васіля Леўчанкі.

(Леўчанка: ) “Стаіць адна задача – зьнішчыць. Гады два таму можна было атрымаць пэўную абарону ў дзяржаўных структурах. Цяпер – не! Прыедзе Зайчыкаў. Ён будзе абслугоўваць уладу. Любымі спосабамі, але каб нас не было”.

Сёлета Васіль Леўчанка абраны старшынём рэспубліканскага свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Паводле яго, апошні ўльтыматум вылучаны зараз у адносінах да пярвічных арганізацыяў у Берасьці, Вілейцы й Гомелі:

(Леўчанка: ) “Зараз быць сябрам незалежнага прафсаюзу больш небясьпечна, чым уваходзіць у апазыцыйную партыю. Прафсаюзы – адкрытыя: праз бугальтэрыю ідуць грошы на рахунак прафсаюзу... З намі змагаюцца ўсімі праўдамі-непраўдамі”.

31-га траўня Эўракамісія будзе разглядаць пытаньне аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых ільготаў. У сувязі з гэтым, як лічыць сябра Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Адзінец, улада сьпяшаецца ліквідаваць апошнія “непаслухмяныя пярвічкі”.

(Адзінец: ) “Ствараюцца ўмовы, у якіх немагчыма працаваць незалежным прафсаюзам. Улада робіць такім чынам, каб выбіць нізавыя структуры. А пасьля застанецца чыста тэхнічная справа. Бо ёсьць патрабаваньне закону адносна дзейнасьці рэспубліканскага прафсаюзу. Гэта – ня менш як 500 чалавек у большасьці абласьцей і Менску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG