Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вытрымае беларуская эканоміка рост цэнаў на газ?


Юры Дракахруст, Прага Якія мэты ставіць перад сабой Расея, скасоўваючы субсыдыі для Беларусі ў газавай, а магчыма і ў іншых сфэрах? Якія крокі можа зрабіць Беларусь у адказ на цэнавы наступ Масквы? Ці вытрымаюць беларуская эканоміка і беларускае насельніцтва рэзкія скачкі цэн на расейскія энэрганосьбіты? Гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць з Менску: эканаміст Валер Дашкевіч і рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, з Масквы – карэспандэнт газэты “Коммерсант” Натальля Грыб.

(Дракахруст: ) "Тыдзень таму ў расейскай газэце “Коммерсант» быў надрукаваны артыкул, у якім паведамляецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 9 траўня падпісаў распараджэньне аб спыненьні ўсіх формаў субсыдзіраваньня беларускай эканомікі. Размова прынамсі ідзе пра спыненьні продажу таннага газу і пра ліквідацыю схемаў продажу нафтапрадуктаў, зь якой Беларусь мела немалыя грошы.

У якасьці пацьвярджэньня гэтай інфармацыі аўтары артыкулу спасылаюцца на жорсткую пазыцыю «Газпрома», які яшчэ ў сакавіку паведаміў, што мае намер у наступным годзе падняць цану для Беларусі ў некалькі разоў.

Якія мэты ставіць перад сабой Расея, скасоўваючы субсыдыі для Беларусі? У самой прыгаданай публікацыі у “Коммерсанте» выказваецца меркаваньне, што такой мэтай зьяўляецца інкарпарацыя Беларусі у склад Расеі. У сувязі ў гэтым некаторыя беларускія палітыкі пачалі выказвацца наконт пагрозы аншлюсу. Але варта сказаць, што “Коммерсант” – гэта не прэсавая служба Крамля, і сярод аўтараў артыкулу, а іх чацьвёра, Уладзімера Пуціна няма. Але сярод іх ёсьць Натальля Грыб – удзельніца нашай сёньняшняй праграмы. Натальля, дык якія мэты ставіць перад сабой Расея, скасоўваючы субсыдыі для Беларусі ці па меншай меры – падымаючы ў разы цэны на газ?”

(Грыб: ) “Я б хацела сказаць перш за ўсё дзьве базавыя рэчы. Па-першае, сёньня Расея - гэта некалькі карпаратыўных груп, якія перасьледуюць пэўныя інтарэсы. Група, якая імкнецца да стварэньня саюзнай дзяржавы, на мой погляд, сёньня знаходзіцца ў больш слабым становішчы, чым група, якая мае інтарэс чыста эканамічнага паглынаньня Беларусі і выстаўленьня ёй рынкавых цэн на энэрганосьбіты. Я магу ўпэўнена казаць, што ёсьць негалоснае распараджэньне Пуціна аб увядзеньні рынкавай цаны на газ, якая будзе значна вышэйшай за цяперашнюю як мінімум у 3 разы. Як мне неафіцыйна патлумачылі ў самім "Газпроме" дадзеная каманда не прымаць ніякіх аргумэнтаў з боку Беларусі, якія б дазволілі ёй пазьбегнуць высокіх рынкавых цэн на газ. Сёньня ідзе прамы эканамічны ціск”.

(Дракахруст: ) “Спадар Дашкевіч , публікацыя ў "Коммерсанте" мела гучны рэзананс і ў Расеі, і ў Беларусі і ў іншых краінах. Выказваліся самыя розныя вэрсіі матываў такіх дзеяньняў Масквы – Расея хоча атрымаць “Белтрансгаз”, хоча зарабіць грошы, хоча пакараць за пахвальбу “беларускім цудам”, хоча падвысіць капіталізацыю “Газпрому”, і нарэшце – хоча інкарпараваць Беларусь у склад Расеі. Якое тлумачэньне Вам падаецца больш падобным на праўду?”

(Дашкевіч: ) “Я б хацеў адзначыць, што ў публікацыі ў "Коммерсанте" размове ідзе аб даручэньні прэзыдэнта Расеі перагледзіць расейска-беларускія эканамічныя адносіны. Там няма прамой гаворкі пра тое, каб скасоўваць субсыдыі. І гэты перагляд можа мець розныя вынікі. Але наагул я лічу, што апошнія два-тры гады Расея пераходзіць да рыначных адносінаў з Беларусьсю. Важны крок быў зроблены летась, калі Беларусь была пераведзеная на аплату падатку на даданую вартасьць па краіне прызначэньня. Расея прызнала беларускую эканоміку замежнай. Наступны крок, які зроблены зараз, лягічна выцякае з мінулагодняга.

Я мяркую, што з тых мэт, якія Вы пералічылі, прысутнічаюць як мінімум тры - першае, гэта атрымаць "Белтрансгаз". І ня толькі "Белтрансгаз". Калі падпісвалася саюзная дамова паміж Расеяй і Беларусьсю, адной з мэт расейскага боку быў доступ да прыватызацыі найбольш прывабных беларускіх прадпрыемстваў. Гэтая мэта не была рэалізаваная за амаль дзесяцігодзьдзе саюзнай дзяржавы. Вось гэты ціск перш за ўсё мае на мэце, каб Беларусь апынулася ў складаным фінансавым становішчы і была вымушаная пачаць продаж сваіх прадпрыемстваў расейскаму бізнэсу на больш менш нармальных умовах. І паралельна ёсьць і намер паказаць рэальную карціну беларускай эканомікі і адсутнасьць эканамічнага цуду, які заснаваны на звышмоцным дзяржаўным рэгуляваньні эканомікі , што крыху супярэчыць эканамічнай палітыцы Расеі. Акрамя таго, я думаю, ёсьць яшчэ адна мэта, чаму менавіта зараз узьнікла гэтае пытаньне. Як мне падаецца, Пуцін мае нейкую адказнасьць перад эўрапэйскімі лідэрамі па дэмакратызацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі. І напярэдадні саміту ў Санкт-Пецярбургу гэта выглядае даволі лягічным.

Што да таго, каб зарабіць грошы - вялікага прыбытку тут Расея не атрымае. Капіталізацыя "Газпрому" таксама ня надта павялічыцца, хаця гэта адпавядае стратэгічнай палітыцы "Газпрома", каб мець доступ да нацыянальных газаразьмеркавальных сетак. Гэта ён робіць і ў Эўропе і Беларусь выглядае, як "белая пляма", на стратэгічнай мапе "Газпрома". Хаця зацікаўленасьць у "Белтрансгазе", як у магістральным газаправодзе для яго невялікая. Па сетках "Белтрансгазу" газ транспартуецца толькі ў Літву і Калініградзкую вобласьць, і крыху ў Польшчу. Увесь астатні газ праз Беларусь праз газаправод "Ямал - Заходняя Эўропа", якая і зараз належыць "Газпрому".

(Дракахруст: ) “Аляксандар Класкоўскі, як Вы лічыце, якая вага розных чыньнікў, розных мэтаў у гэтым рашэньні Масквы? Па меншай меры адносна газу мы бачым, што яно дзейнічае”.

(Класкоўскі: ) “Па-першае, варта зазначыць, што ўсе гэтыя мэты, якія тут былі пералічаныя - ад барацьбы за беларускую трубу да інкарпарацыі Беларусі ў Расею, не выключаюць адна адну, у іх можа быць розная ступень прыярытэтнасьці. Зараз напярэдадні саміту "вялікай васьмёркі" сапраўды адна з важных для Крамля мэтаў - гэта пусьціць пыл у вочы Захаду, паказаць, што нейкая "выхаваўчая" праца з беларускім партнэрам вядзецца.

Я думаю, што магчымы падыход паводле прыказкі - "не даганю, дык сагрэюся". То бок найперш ставяцца эканамічныя задачы - завалодаць беларускай трубой, выгандляваць умовы для прыватызацыі іншых прывабных беларускіх прадпрыемстваў, а далей, маўляў, паглядзім, як пойдзе справа. Калі пашэнціць - пойдзем далей аж да гэтага аншлюсу. Наагул, слушна зазначыла Натальля, што ў Маскве ў кіроўнай эліце ёсьць розныя групы інтарэсаў. І сапраўды ёсьць пэўныя колы, якія зараз знаходзяцца ў імпэрскім ачмурэньні, вялікія энэргетычныя кошты стварылі галавакружэньне ад посьпехаў і тыя сілы дастаткова сур’ёзна будуць пляны інкарпарацыі. Але ёсьць і больш разважлівыя, больш разумныя галовы, якія могуць пралічваць нэгатыўныя наступствы ад паглынаньня Беларусі.

Таму мне здаецца, што паколькі тут непазьбежны супраціў, бо немагчыма ўявіць, каб беларускі афіцыйны лідэр склаў рукі і сказаў: "Добра, бярыце нашу краіну, бярыце 10 мільёнаў беларусаў са ўсімі вантробамі ў сваю імпэрыю". Гэтага ня будзе, будзе жорсткая барацьба, пакуль яна адбываецца ў піяраўскай форме , можа быць і больш гарачая фаза. Я думаю, што сустрэўшы жорсткі супраціў , Масква пойдзе на нейкі кампраміс. Таму катастрофы пэўна ня будзе. І яшчэ я хачу падкрэсьліць, што гэта падзагаловак "Коммерсанта", што Масква скасоўвае усе субсыдыі Беларусі. Гэта ж не цытата з загаду Пуціна, гэта журналісцкая трактоўка, разьлічаная ў пэўнай ступені на сэнсацыю. Гаворка ідзе толькі пра рэвізіі блёку пагадненьняў, кожнае зь іх будзе ўзважвацца. Пуцін чарговы раз прапанаваў аддзяліць "мух ад катлет". Але гэта гучала і ў 2002 годзе, былі абвастрэньні, але потым гэта заканчвалася нейкім паразуменьнем, нейкім кампрамісам”.

(Дракахруст: ) ”Натальля, як Вы чулі, і Валер, і Аляксандар, у ветлівай форме ставілі пад сумнеў сапраўднасьць гэтай публікацыі ў "Коммерсанте", кажучы, што гэта ўсё ж не цытаты з распараджэньня Пуціна. Я думаю, што гэта адзін з самых цікавых момантаў. Вы не маглі б сказаць, наколькі верагодная гэта інфармацыя?”

(Грыб: ) “Я так разумею, што, як для ўсіх журналістаў, крыніца інфармацыі застаецца камэрцыйнай таямніцай. Аднак я абмяркоўвала гэтую тэму з некалькімі крыніцамі ў "Газпроме" і літаральна ў гэтую сераду, калі першы віцэ-прэмьер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў аб прапанове аддаць 50% акцый "Белтрансгаза" у абмен на доступ да здабычы, "Газпром" адказаў дастаткова жорстка і пасьлядоўна. Ён заявіў, што ў яго няма практыкі дапускаць замежнае прадпрыемства на ўнутраны рынак Расеі з тым, каб яно само здабывала і экспартавала газ. У маім разуменьні менавіта такая пазыцыя пацьвярджае тое, што ёсьць карт-бланш у "Газпрома" весьці жорсткую лінію на падвышэньне цаны на газ.

Да пачатку гэтага году дзейнічала палітыка асобага, ільготнага рэжыму для беларусаў. Фігуральна кажучы, да прэзыдэнцкіх выбараў вушы газпромаўскіх чыноўнікаў былі адкрытыя, пасьля яны закрыліся. Ніякіх прапаноў Мінску ў "Газпроме" ня чуюць. Я ня думаю, што гэта уласная карпаратыўная палітыка "Газпрома". Я дакладна ведаю, што намесьнік старшыні "Газпрома" Аляксандар Разанаў, калі першы раз зьявілася інфармацыі аб падвышэньні цэн для Беларусі, сказаў: "Гэта нейкая памылка". Так што гэта не камэрцыйная, а палітычная ініцыятыва, якая сыходзіць з Крамля. У тэксьце крамлёўскага дакумэнта, які я бачыла на свае вочы, гаворыцца, што Расея мае намер абмежаваць Беларусь у ільготах у першую чаргу фінансавага характару.

Напачатку гэтага году іншы намесьнік кіраўніка "Газпрома" Аляксандар Мядзьведзеў езьдзіў да Аляксандра Лукашэнкі ў Мінск на сустрэчу, пасьля чаго ён заявіў: "Ня блытайце Беларусь і Украіну. Беларусь з 2008 году ўводзіць расейскі рубель, гэта саюзная дзяржава". Я лічу, што сёньняшняя пазыцыя Расеі - гэта ціск на ўлады Беларусі , каб хутчэй увесьці расейскі рубель. І дзеля гэтай мэтай могуць быць зробленыя два крокі. Гэта адмова ў ільготным крэдытаваньні для падтрымкі нацыянальнай валюты Беларусі і адмова ў ільготным крэдытаваньні пакупкі энэргарэсурсаў. Я ня думаю, што гэтыя меры будуць сапраўды ўжытыя, але гэта - інструмэнт ціску на беларускі ўрад і на беларускага прэзыдэнта.

Тут ёсьць яшчэ адзін момант. Пуцін абяцае пэўныя саступкі Эўразьвязу, каб у ліпені ў Санкт-Пецярбургу краіны Зьвязу падтрымалі энэргетычную стратэгію Расеі. І ён можа паабяцаць падвысіць цэны на газ для Беларусі. Палітычна яму гэта выгадна, бо літаральна днямі Эўразьвяз заявіў, што нізкія цэны на газ - гэта ня проста датацыі прамысловасьці Расеі і Беларусі таксама, гэта парушэньне міжнародных правілаў гандлю, якое не дазволіць Расеі ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Цэны для Беларусі могуць быць маленькай саступкай Пуціна Эўразьвязу. Апроч таго, паўтаруся, Расея ўпэўненая, што беларусы з 1 студзеня 2008 году, у год прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, увядуць у сябе Расейскі рубель. Для Пуціна гэта была б палітычная перамога, гэта было б тое аб''яднаньне, якое яму патрэбна”.

(Дракахруст: ) “Аляксандар Класкоўскі ўжо сказаў пра тое, што калі Беларусь не пагадзіцца на тыя ўмовы, пра якія гаворыць Натальля, не ўвядзе расейскі рубель, і эканамічныя меры, прадугледжаныя Расеяй, будуць уведзеныя ў дзеяньне, то гэта ня будзе катастрофай для Беларусі. А сапраўды, якія наступствы для беларускай эканомікі і для беларускай “сацыялкі” будзе мець скасаваньне субсыдзіраваньня, скажам, толькі у газавай сфэры? Ці вытрымаюць беларусы такую нагрузку? Ці гатовыя плаціць за газ па эўрапейскіх коштах? Перш чым задаваць гэтыя пытаньні Вам, удзельнікам нашай перадачы, я прапаную паслухаць, як адказвалі на гэтае пытаньне мінакі на менскіх вуліцах. Зь імі гутарыла Іна Студзінская.

Карэспандэнтка: ) “Ці гатовая цяпер Беларусь плаціць за газ па эўрапэйскіх коштах?”

(Спадар: ) “Я думаю, што эўрапейскіх коштаў ня будзе. Будзе менш”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю”.

(Хлопец: ) “Я ня ведаю. Складана сказаць цяпер. Але я думаю, што адразу ня ўздымуць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вытрымае Беларусь падвышэньне да эўрапейскага ўзроўню коштаў на газ?”

(Спадар: ) “Вытрымае. Яго ня будзе”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж Украіне ўзьнялі істотна...”

(Спадар: ) “У нас іншая палітыка дзяржавы, скіраваная на збліжэньне з Расеяй, таму наўрад ці”.

(Спадарыня: ) “Як сказаць... Калі цяпер 46 даляраў, то будзе 200 альбо 100 зь нечым. Гэта будзе цяжка для Беларусі, тады цэны і нам уздымуць”.

(Спадар: ) “Калі хто бяз працы, вельмі цяжка будзе. Кажуць, у тры-чатыры разы падаражэе. У каго колькі прапісана ў кватэры, столькі і плаціць давядзецца”.

(Студэнт: ) “Я думаю, што вытрымае”.

(Карэспандэнтка: ) “А ня цяжка будзе эканамічна?”

(Студэнт: ) “Стан, канечне, будзе цяжкі. Бо ў параўнаньні з заробкамі нашымі значна ўздымуцца камунальныя плацяжы. Трэба падымаць заробкі!”

(Спадарыня: ) “Пакуль яшчэ толькі размовы ходзяць. Вось калі гэта адбудзецца насамрэч, тады і паглядзім. А я ў плёткі ня веру”.

(Хлопец: ) “Бацька ўсё зробіць нармальна”.

(Студэнт: ) “Усё будзе добра!”

(Карэспандэнтка: ) “Расея пагражае ўзьняць кошты на газ для Беларусі да ўзроўню эўрапейскіх. Ці вытрымае гэта Беларусь?”

(Хлопец: ) “Яна ня ўздыме, пабаіцца. Таму што Беларусь — адзіны саюзьнік Расеі”.

(Спадар: ) “Усё залежыць ад таго, як будзе праводзіцца палітыка паміж нашымі краінамі”.

(Студэнт: ) “Рэч у тым, што ні прэзыдэнт, ні ўрад Расеі пра гэта не сказаў. Прыватная кампанія заявіла, і ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вытрымае Беларусь такія кошты?”

(Спадар: ) “Я думаю, што так. Як-небудзь дамо рады”.

(Спадар: ) “Вытрымае!”

(Карэспандэнтка: ) “А не адаб’ецца гэта на насельніцтве?”

(Мужчына: ) “Павысіцца квартплата, кошты на харчы. А куды мы падзенемся? У нас што — ёсьць выбар? Няма”.

(Студэнт: ) “Беларусь усё вытрымае ў любым выпадку, але я думаю, што наш прэзыдэнт надта ня дасьць “насесьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж гэта “Газпром” дыктуе кошты”.

(Студэнт: ) “Яны ж ужо даўно хацелі ўзьняць кошты, але ж не атрымалася...”

(Дзяўчына: ) “Лукашэнка ня даў узьняць”.

(Хлопец: ) “Расея нас задавіць, канечне!”

(Спадарыня: ) “Сумняюся, што вытрымаем. Таму што прыватныя дамы ацяпляць газам — гэта вельмі дорага. Калі ў мяне пэнсія 150 тысяч, я наўрад ці змагу плаціць”.

(Спадар: ) “У нас жа нерэальныя цэны на газ. Нідзе ў сьвеце няма такіх коштаў на газ, па якіх Расея нам прадае. Урэшце, калі-небудзь гэта скончыцца”.

(Дзяўчына: ) “У прынцыпе, павінны вытрымаць. Прэзыдэнт зробіць так, што заробкі павысяцца, як і абяцае”.

(Спадар: ) “Безумоўна, гэта адаб’ецца на нас”.

(Хлопец: ) “Я проста палітыкай не цікаўлюся, мне складана казаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Але ж гэта эканоміка”.

(Хлопец: ) “Эканоміка, палітыка — я гэтым не цікаўлюся”.

(Дракахруст: ) “Ну а зараз тое ж пытаньне да ўдзельнікаў нашай перадачы. Ці гатова Беларусь плаціць за газ па эўрапейскіх коштах? І дадатковае пытаньне - што будзе , калі сапраўды адбудзецца скасаваньне ўсіх субсыдый – ня толькі ў газавай, але і ў іншых сфэрах?”

(Дашкевіч: ) “Я лічу, што менчукі адказвалі ў цэлым правільна. Яны маюць рацыю, калі гавораць, што цэны ня будуць усталяваныя на эўрапейскім ўзроўні. Другое, гэта тое, што праблемы ў беларускай эканомікі безумоўна будуць, але не такія катастрафічныя. Усё ў рэшце рэшт будзе залежыць ад цаны на прыродны газ, якая будзе ўстаноўленая з 1 студзеня 2007 году. На мой погляд, гэта будзе ня больш 100 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Тут ёсьць розныя аргумэнты - перш за ўсё тое, што Беларусь нашмат бліжэйшая, чым Нямеччына, да расейскіх газавых радовішчаў. Акрамя таго, я не лічу, што Расеі выгадна нанесьці катастрафічны удар па беларускай эканоміцы, бо самой жа давядзецца дапамагаць.

Па-трэцяе, я думаю, што ў ходзе перамоваў беларускі бок здолее дамовіцца аб нейкім пераходным пэрыядзе да рыначных цэн на газ ў 3-5 гадоў. І на першым этапе цана наўрад ці перавысіць гэтыя 100 даляраў. Армэніі ўстаноўленая цана да 2009 году менавіта ў 100 даляраў за тысячу кубамэтраў. А Беларусь нічым ня горшы палітычны і эканамічны саюзьнік Расеі, чым Армэнія. І ўстанаўліваць для яе больш высокую цану - гэта несур’ёзна. Для Літвы, скажам, з 1 ліпеня 2006 году цана ўстаноўленая на ўзроўні 135 даляраў, але Літва і крыху далей, чым Беларусь, і сябра Эўразьвязу і НАТА, а не сябра саюзнай дзяржавы з Расеяй. Гаварыць пра нейкія 140-200 даляраў за тысячу кубамэтраў - гэта несур’ёзна.

Урад будзе рабіць нейкія захады па мінімізацыі наступстваў. Але я лічу, што ўсё ж такі будуць праблемы з рэнтабэльнасьцю прадпрыемстваў. Яна сёлета наагул пачала падаць, за першы квартал склала ўсяго 13.3% , зьменшыўшыся за год амаль на 1,5%. Калі цэны на газ будуць падвышаныя, яна можа ўпасьці да 9-10%. Сёньня выдаткі беларускіх прадпрыемстваў на аплату энэргіі і паліва складаюць каля 11% у агульнай суме выдаткаў. Гэта няшмат, таму падзеньне рэнтабэльнасьці будзе ня вельмі вялікім. Павялічыцца ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў - не бяз гэтага. Акрамя таго, узьнікнуць сур’ёзныя праблемы ў бюджэту па падвышэньні заробкаў у бюджэтнай сфэры, паколькі ўпадуць даходы бюджэту. Урад можа пайсьці на павялічэньне дэфіцыту бюджэту і мінімізаваць гэтыя наступствы. Праблемы будуць, але пры павялічэньні цаны на газ да 90-100 даляраў за тысячу кубамэтраў яны будуць вырашальнымі”.

(Класкоўскі: ) “Я таксама лічу, што вялікага шоку ўсё ж ня будзе і найбольш імаверным выглядае цэнавы кампраміс, скажам, што кошты падвысяцца не ўтрая, а ўдвая. Але, як тлумачыў спадар Дашкевіч, гэта не азначае, што беларусы ў выніку будуць жыць удвая горш. Па-другое, будзе вылучаны і сустрэчны рахунак - будзе падвышаны тарыф за транзыт газу, магчыма, будзе ўведзеная плата за вайсковыя аб''екты. Мы памятаем, як падчас мінулых крызысаў у двухбаковых стасунках ужо пралічвалі гэты сустрэчны рахунак і атрымлівалася каля мільярду даляраў. А самі расейцы падлічылі, што калі цалкам выбудоўваць на смаленскім мэрыдыяне ўсю вайсковую, мытную і памежную інфраструктуру, то гэта будзе каштаваць каля 30 мільярдаў. Гэта велізарная сума і Расеі ня гэта можа не хапіць усіх яе нафтадаляраў. Да таго ж з чыста палітычнага пункту гледжаньня Расея не зацікаўленая ў тым, каб даводзіць сытуацыю тут у Беларусі да кропкі сацыяльнага кіпеньня, каб тут пачаліся нейкія забурэньні, бо гэта ёй самой можа вылезьці бокам. Гэты страх перад "каляровымі" рэвалюцыямі тут спрацуе і стане нейкім псыхалягічным тормазам для Расеі”.

(Грыб: ) “Я б хацела разьдзяліць эканамічныя і палітычныя аргумэнты. Наколькі я памятаю крызыс 2004 году, калі Расея адключала Беларусі газ, тады канфлікт быў вырашаны шляхам перамоваў двух прэзыдэнтаў і ключавую ролю і гэтых перамовах адыграла радыёлякацыйная станцыя, якая забясьпечвае супрацьпаветраную абарону Расеі. Гэты аргумэнт будзе ўжыты і сёлета. Гэта хіба не адзіны вядомы мне козыр, які здольны даць беларусам палёгку па газу.

Былі чуткі , што амаль усе зьдзелкі па продажы расейскай зброі праходзілі праз Беларусь. Калі Беларусь па-ранейшаму выступае пасярэднікам ў гэтым гандлі - гэта другі аргумэнт, чаму Расея можа прытрымаць цэны.

Але гэты беларускі настрой памяркоўнасьці, упэўненасьць, што нічога ня здарыцца , бо і зараз усё ня надта добра, сёньня ў Маскве нікога не цікавіць. Яшчэ пад новы год ніхто ва Ўкраіне ня верыў, што цэны для яе складуць 100 даляраў. Нават у сакавіку , падчас выбараў у Вярхоўную раду, ніхто ў Кіеве не дапускаў, што падпісаныя 4 студзеня пагадненьні аб пастаўках расейскага газу па цане 230 даляраў могуць быць рэалізаваныя. Між тым днямі адпраўлены ў адстаўку гендырэктар "Нафтагаза Украіны" Аляксей Іўчанка. Адпраўлены за тое, што ня здолеў вярнуць дамоўленасьці назад, да больш нізкіх цэн, да 100 даляраў. Ужо ў кастрычніку "Газпром" можна прызначыць цану для Ўкраіны 230 даляраў. У яго для гэтага ёсьць падпісаныя камэрцыйныя дакумэнты.

Я б хацела, каб сёньня ўсе разумелі, што Масква дастаткова сур’ёзна мае намер падвышаць цэны на ўсіх рынках. Рынкі СНД - гэта экспэрымэнтальная пляцоўка для падвышэньня цэн у самой Расеі. Як толькі ўсе рынкі СНД будуць паднятыя да 100-150 даляраў, у Расеі пачнецца той самы працэс. І палітычнымі і сацыяльнымі аргумэнтамі ў Расеі будзе менавіта гэта: "Глядзіце, эканомікі краінаў СНД вытрымалі, значыць, вытрымае і расейская эканоміка". Газу па цэнах 25-30 даляраў у Расеі засталося на пару гадоў. Астатні газ, які будзе здабывацца на новых радовішчах, будзе ўжо на радовішчы каштаваць 50 даляраў. Заходзячы з гэтага, я лічу, што Беларусі ня варта настройвацца на нейкія 11%.

Што тычыцца наступстваў для беларускай эканомікі. Украінская прамысловасьць зараз атрымлівае газ па 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. І там гэта ўжо мяжа. 230 даляраў украінская прамысловасьць не пацягне. І гэта выклікае хвалю абурэньня з боку буйных вытворцаў. Беларуская прамысловасьць двухразовае падвышэньне цэн вытрымае, а больш напэўна не. Мае бацькі, які дагэтуль жывуць у Беларусі і купляюць газ, для іх двухразовае падвышэньне цэн на газ будзе балючым ударам".
XS
SM
MD
LG