Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Язэп Юхо


Уладзімер Арлоў, Менск 19.3.1921, Менск – 29.7.2004, Менск. Пахаваны на Вайсковых могілках

Калісьці, на лёсавызначальнай для Беларусі мяжы 1980-90-х гадоў, існаваў такі часопіс ЦК КПБ – “Политический собеседник”, на старонках якога я атрымаў аднойчы аглабельны адпор за тое, што назваў першай беларускай дзяржавай Полацкае княства. Аўтар таго пагромнага артыкулу відавочна не чытаў Язэпа Юхо, чые погляды былі значна больш радыкальнейшыя: ён лічыў, што дзяржаўныя ўтварэньні на сучасным беларускім абшары існавалі, магчыма, яшчэ да нараджэньня Хрыстовага.

На вялікі жаль, на нашым гістарычным факультэце БДУ ў мае студэнцкія 1970-я лекцыяў ён не чытаў. Відаць, нас, будучых “байцоў ідэалягічнага фронту”, бераглі ад неартадаксальных поглядаў спадара Язэпа. Затое студэнтам юрфаку, дзе ён працаваў некалькі дзесяцігодзьдзяў, пашанцавала. Яны, да прыкладу, маглі даведацца, што Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году быў самым дасканалым зборам законаў у тагачаснай Эўропе і што па нашым Статуце цягам цэлага сэместру вывучаюць спэцыяльны курс студэнты-юрысты Сарбоны. Прафэсар Юхо абвяргаў высновы польскіх ды савецкіх гісторыкаў адносна Крэўскай і Люблінскай вуніяў і казаў пра канфэдэрацыйны лад Рэчы Паспалітай, у якой дзяржава нашых продкаў – Вялікае Княства Літоўскае – мела сувэрэнітэт, што і ня сьніўся Беларускай ССР.

Юхо стаў заснавальнікам школы вывучэньня гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Менавіта ён першым пачаў дасьледаваць жыцьцё і дзейнасьць Тадэвуша Касьцюшкі і ў выніку сваімі артыкуламі і кнігаю “За вольнасьць нашу і вашу” (1989) вярнуў імя нашага выдатнага суайчыньніка ў гістарычную памяць беларусаў.

Незалежнасьць Беларусі была ягонаю марай, а потым сталася штодзённым клопатам. Язэп Юхо браў удзел у распрацоўцы Канстытуцыі 1994 году і шмат якіх іншых заканадаўчых актаў. Ён непахісна верыў, што краіна абавязкова вернецца ў сям’ю дэмакратычных народаў і яшчэ зьдзівіць Эўропу, як некалі ўразіла яе сваім Статутам.
XS
SM
MD
LG