Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры і блізкія разьвіталіся з Уладзімерам Плешчанкам (фота)


Радыё Свабода, Віцебск Cтаршыня Віцебскай абласной рады КХП БНФ, адзін з найстарэйшых віцебскіх апазыцыянэраў раптоўна памёр 20-га траўня, на 58-м годзе жыцьця, проста ў двары свае хаты ў вёсцы Вароны Віцебскага раёну.

Напярэдадні ён езьдзіў у Менск, сустракаўся з сябрамі па партыі, а за колькі дзён да заўчаснае сьмерці, як звычайна, стаяў каля так званага “Сіняга дому” у Віцебску пад бел-чырвон-белым сьцягам. Такім яго і запомнілі віцебскія мінакі, бо ўжо больш як 10 год спадар Плешчанка з сябрамі ладзіў на гэтым месцы несанкцыянаваныя пікеты. Часьцей за ўсё яны заканчваліся затрыманьнямі, але апошнім часам спадара Уладзімера міліцыянты мусілі везьці не ў пастарунак, а ў шпіталь – давала знаць пра сябе хворае сэрца. Два гады таму мэдычная камісія прызнала Уладзімера Плешчанку інвалідам па сардэчных хваробах, але ён па-ранейшаму не шкадаваў сябе – зноў і зноў выходзіў на пікеты. А суды не шкадавалі яго: толькі 2-га красавіка Уладзімер Плешчанка адбыў свой апошні сямідзённы арышт за акцыю, прымеркаваную да Дня Волі.

Суды, астранамічныя штрафы, “суткі” – усё гэта прыгадаў сёньня намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, прамаўляючы каля труны Уладзімера Плешчанкі. Ён выказаў спадзяваньне многіх беларусаў – спадзяваньне на тое, што некалі будуць пакараныя й тыя, хто выносіў несправядліва жорсткія прысуды апазыцыянэрам.

Але на пахаваньне спадара Плешчанкі прыехалі ня толькі аднапартыйцы з Менску, Віцебску, Воршы, Полацку, Горак ды Сянна: ушанаваць памяць апазыцыянэра прыйшлі й прадстаўнікі іншых апазыцыйных партыяў і грамадзкіх аб”яднаньняў.

Гаворыць сябра Партыі БНФ, былы кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча, Хрыстафор Жаляпаў.

(Жаляпаў) “Незалежнасьць ды свабода дасягаюцца канкрэтнымі справамі канкрэтных людзей. Уладзімер Плешчанка абраў уласны шлях – свае мэтады барацьбы і свае мэтады працы. І ён выканаў усё, што было яму наканавана лёсам, не пашкадаваўшы на гэта самага дарагога, што ёсьць у чалавека – свайго жыцьця. І таму мы заўсёды будзем памятаць і шанаваць гэтага чалавека. Кожны, хто ёсьць прыхільнікам незалежнасьці і свабоды, абірае свой шлях, і складаньне такіх во шляхоў прывядзе да таго выніку, якога мы дамагаемся!”

Сваімі ўспамінамі пра спадара Плешчанку падзяліўся і старшыня віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык.

(Навумчык:) “Нашы погляды на ўчорашні і сёньняшні дзень Беларусі далёка не ва ўсім супадалі, але я ня мог не аддаць даніну памяці гэтаму чалавеку: сёньня пахавалі чалавека, які сапраўды змагаўся за лепшае жыцьцё, быў шчыра адданы беларускай справе – справе незалежнасьці нашай роднай Беларусі.”

Зьбіраючыся на пахаваньне, мясцовыя апазыцыянэры не выключалі, што працэсія пад бел-чырвон-белымі сьцягамі прыцягне ўвагу міліцыі. Аднак ніводнага міліцыянта на дарозе да хаты спадара Плешчанкі не было, і каля сотні людзей – блізкіх, сяброў, аднадумцаў—змаглі спакойна правесьці апазыцыянэра ў апошні шлях. Імшу па ім адслужыў уніяцкі сьвятар айцец Зьміцер Грышан, які неаднаразова далучаўся да акцыяў віцебскіх сябраў КХП БНФ – асьвячаў крыжы, якія ці не штогод партыйцы ўсталёўвалі ў месцах пахаваньняў ахвараў сталінскіх рэпрэсій.

Над месцам пахаваньня Ўладзімера Плешчанкі людзі прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. Апошні спачын ён знайшоў на могілках за роднай вёскай Вароны, дзе ў старой бацькоўскай хаце ён пражыў апошнія гады свайго жыцьця.

XS
SM
MD
LG