Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага Інтэрнэту


Юлія Шарова, Менск Вітаю. Гэта “Начная аБЛОГа”. У беларускім сеціве сёньня блукае Юлія Шарова.

На форумах Tut.by сёньня сярод іншага абмяркоўваюць вынікі сёлетняга конкурсу “Эўрабачаньне”, выклік Аляксандра Мілінкевіча ў пракуратуру, а таксама навіну пра тое, што Латвія можа вызваліць беларусаў ад консульскага збору за візы.

“Латвія пакуль адзіная краіна, якая зрабіла такі крок, а значыць гэты прывядзе да павелічэньня колькасьці турыстаў і ў выніку дзяржаўны скарб толькі выйграе. Я сам абавязкова зьежджу сёлета ў Латвію, менавіта з прычыны бясплатнай візы”, – абяцае Кросавчег.

ЖЖ-аўтар stachv, якому ўдалося паглядзець за мяжой фільм “Код да Вінчы”, дзеліцца ўражаньнямі са сваімі суайчыньнікамі: “Сумна, калі спажывецкае кіно суправаджаецца гукамі, якія нагадваюць Вагнэра, а "сэнсацыйныя адкрыцьці", што складаюць message істужкі, пралятаюць у рэдукаваным адаптаваным выглядзе. Дзіўна, што падобныя рэчы ўспрымаюцца маімі знаёмымі даволі сур''ёзна, з зацікаўленымі абмеркаваньнямі, спрэчкамі і задаволенымі ўсьмешкамі спазнаньня. "No matter what you know; no matter what you believe in" – (Ня мае значэньня, што вы ведаеце, ня мае значэньня, ўва што вы верыце) – слёган рэклямнае кампаніі фільму, а таксама фактычнае падабенства з сапраўднымі арганізацыямі й гістарычнымі падзеямі ствараюць уражаньне псэўдадакумэнтальнага кіно з прыгодніцкімі элемэнтамі”.

Карэспандэнты парталу studenty.by наведалі фэст “Рок за Баброў” у Бабруйску й падзяліліся са сваімі чытачамі ўражаньнямі: “Некалькі мінусаў і плюсоў сёлетняга "Року за Баброў”. Нечаканы мінус, які ніяк не залежаў ад арганізатараў канцэрту, гэта забарона піць піва на вуліцы. Мясцовыя жыхары, напэўна, да гэтага былі гатовыя, а вось госьці зь іншых гарадоў чакалі на сьвяце ўволю пабавіцца піўком... Сьвята нечым нагадвала сьвята гораду. Абсалютная большасьць людзей была з самога Бабруйску... Плюс – з боку арганізатараў фэст быў зладжаны выдатна. Прыемна з такой вялікай сцэны чуць беларускую рок-музыку. У выніку атрымалася цёплая местачковая атмасфэра. І мы адчувалі сябе ў гасьцях у ветлівых гаспадароў".

На сайце Максіма Шчура "Невідочнае места" (niamiesta.net), які ўтрымвае вялікую колькасьць арыгінальных і перакладных тэкстаў, зьявіўся новы разьдзел ("Паддашша", дзе можна знайсьці запісы гурту "Паддашша"...

Блогер Baciukou у сваім ЖЖ піша: "Берасьцейскі лікёра-гарэлачны ўжо гады два выпускае гарэлку "Цытадэль". На налепцы -- мемарыял каля крэпасьці. Кодавую назву "Цытадэль" мелі: нямецкая наступальная апэрацыя пад Курскам і нямецкі абарончы ўмацаваны раён па Дняпры, уключна з горадам Магілёвам".

ЖЖ-юзэр _ tarka_ піша пра свой унёсак у беларусізацыю суайчыньнікаў: “...іду я на перамовы з адной вельмі харошай кампаніяй. Але іду з прадстаўніком іншай канторы, з якой мы ўжо дамовіліся. Задача -- правесьці агульныя перамовы і разам арганізаваць мэрапрыемства. Каб было прасьцей, першага буду называць К1, а другога - К2. Ды вось - размаўляем мы з К1. У сілу выхаванасьці, ён адказвае мне па-беларуску -- павольна, але стараецца. Я пакідаю яго на месцы -- сама бягу за К2. Ён таксама ў сілу ветлівасьці адказвае мне па-беларуску, хоць бачна, што робіць ён гэта вельмі рэдка. І вось стаім ўтрох. К1, я і К2. Я кажу ўступнае слова, знаёмлю іх -- а далей ідзе размова памі ж імі.

К1: Э-э.. Як вам зручней, па-беларуску ці па-руску?.. К2: э-ээ.. Ну, як вам зручней... Я сам.. э.. Я вельмі добра разумею па-беларуску!...

І далей размова ідзе павольна, але па-беларуску".

На сайце Гомельскай абласной арганізацыі БРСМ (brsmgomel.org) можна знайсьці артыкул невядомага аўтарства пад назвай «Каляровая навала». "Памалу, без палітычнай траскатні й сацыяльнай дэмагогіі, улада будуе трывалы і ўтульны дом. Агульны дом для ўсіх нас. Кожную раніцу сотні тысячаў людзей у вялікіх гарадох і маленькіх вёсках сьпяшаюцца на працу. А калі ёсьць праца – будзе заробак, напоўніцца бюджэт, пышнымі й багатымі стануць крамы... І ўсё гэта – спакойнае жыцьцё сёньня й ясную пэрспэктыву на заўтра – у нас хочуць адабраць. Не, не вайной, як гэта было ў 1941 годзе, а праз выбарчую ўрну, пры дапамозе «палітычных тэхналёгіяў», якія прасоўваюць тыя, хто атрымаў за мяжой чэк і замову на зьмену нашага жыцьця".

Ёсьць на гэтым сайце й форум, але там пакуль толькі тры галінкі: дзьве ў разьдзеле «Спорт» і адна – у разьдзеле палітыка. Там нехта dziaciuk кінуў спасылку на фотарэпартаж з флэш-мобу з марожаным, які нядаўна адбыўся ў Менску. На момант падрыхтоўкі «Начной аБЛОГі», тамтэйшыя мадэратары тую спасылку не чапалі.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG