Лінкі ўнівэрсальнага доступу

32,4 % беларусаў – за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу


Юры Дракахруст, Прага У 2004 годзе заходняя і паўночная межы Беларусі сталі яе межамі з Эўразьвязам. Як складваліся і складваюцца адносіны Беларусі з аб’яднанай Эўропай?

У 2005 годзе ўпершыню за ўсе гады незалежнасьці экспарт Беларусі ў краіны Эўразьвязу зраўняўся з экспартам у краіны СНД.

На аб''яднаную Эўропу прыпала 44% беларускага экспарту, на Расею – 36%. Яшчэ ў 2004 годзе суадносіны былі адваротнымі: 37% – экспарт у Эўразьвяз, 47% – у Расею.

Гэтыя зьмены прапорцый адбыліся нягледзячы на тое, што інстытуцыйныя сувязі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам вельмі слабыя – пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве, падпісанае ў 1995 годзе дагэтуль не ўступіла ў дзеяньне. Яго ратыфікавалі парлямэнты толькі 8 краінаў Эўрапейскага Зьвязу.

У Эўразьвязе дзейнічаюць абмежавальныя, антыдэмпінгавыя меры адносна шэрагу тавараў традыцыйнага беларускага экспарту, у прыватнасьці, калійных угнаеньняў, а таксама імпартныя квоты на беларускі тэкстыль.

У Беларусі дзейнічае прадстаўніцтва эўрапейскай праграмы дапамогі “TACIS”. З 1991 году “TACIS” рэалізаваў у Беларусі больш за 200 праектаў на агульную суму каля 150 мільёнаў даляраў.

Палітычнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам захоўваецца на мінімальным узроўні. Аб’яднаная Эўропа расцаніла як недэмакратычныя рэфэрэндумы 1996 і 2004 гадоў. Ужо ў 1997 годзе былі згорнутыя некаторыя праграмы палітычнага дыялёгу і эканамічнага судзеяньня. Праграма “Новага суседзтва”, якую распачаў Эўразьвяз з суседнімі краінамі пасьля пашырэньня ў траўні 2004 году, распаўсюджваецца на Беларусь толькі ў абмежаванай форме. У 2004 годзе Эўразьвяз увёў візавыя санкцыі адносна шасьці беларускіх афіцыйных асобаў, падазраваных у датычнасьці да выкраданьня людзей і фальсыфікацыяў на выбарах. Сёлета візавыя санкцыі былі пашыраныя яшчэ на 31 асобу, уезд у краіны Зьвязу быў забаронены і для Аляксандра Лукашэнкі.

Літаральна днямі супраць 36 гэтых асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, былі ўведзеныя дадатковыя санкцыі адносна іх фінансавых актываў у Эўропе.

Нягледзячы на кепскія палітычныя адносіны афіцыйнага Менску і Эўразьвязу і ізаляцыянісцкі курс беларускай улады, у беларускім грамадзтве захоўваецца дастаткова высокі патэнцыял праэўрапейскіх настрояў.

Паводле дадзеных сёлетняга красавіцкага апытаньня, праведзенага ў Беларусі незалежнымі сацыёлягамі, прыкладна кожны трэці беларус (32,4 %) выступае за далучэньне сваёй краіны да Эўрапейскага Зьвязу. Гэтыя лічбы агучыў кіраўнік групы сацыёлягаў, прафэсар Алег Манаеў, выступаючы 11 траўня у праграме “Госьць на Свабодзе”( тэкст перадачы).

Аналізуючы гэтыя дадзеныя, прафэсар Манаеў заявіў: “Я абсалютна перакананы: мы маем рэальную сацыяльную базу для таго, каб нашая краіна вярнулася ў Эўропу”.

Гл.таксама • У Менску пачаліся Дні Эўропы • Якую краіну Эўразьвязу беларусы лічаць найбольш прывабнай?
XS
SM
MD
LG