Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнагорыя галасуе за незалежнасьць


Кастусь Бандарук, Прага У Чарнагорыі працягваецца поўнае напружанасьці чаканьне афіцыйных вынікаў рэфэрэндуму ў пытаньні незалежнасьці рэспублікі. Згодна з папярэднімі вынікамі галасаваньня, 55,4% чарнагорцаў прагаласавалі за незалежнасьць. Гэта ўсяго толькі чатыры дзясятыя працэнта вышэй устаноўленай плянкі – 55%, пры якой Эўразьвяз гатовы прызнаць незалежнасьць Чарнагорыі.

Рэфэрэндум праводзіўся пад эгідай і наглядам з боку Эўразьвязу. Славацкі дыплямат Францішак Ліпка, які ўзначальвае Выбарчую камісію паведаміў, што выбарчая актыўнасьць была надзвычай высокай і склала больш як 86 % зь ліку няпоўнага паўмільёна грамадзян, якія валодаюць правам голасу. Прадстаўнік Эўракамісіі Амадэў Тадзіё вітаў спакойны ход галасаваньня.

(Тадзіё: ) “Эўракамісія з прыемнасьцю адзначае, што рэфэрэндум у Чарнагорыі прайшоў спакойна і з высокай выбарчай актыўнасьцю, што важна для легітымнасьці галасаваньня. Эўракамісія заклікае партыі і грамадзян Чарнагорыі захаваць адзінства, імкнуцца да згоды адносна будучыні рэспублікі на падмурку эўрапейскіх каштоўнасьцяў і стандартаў”.

Зацікаўленьне Эўразьвязу справамі Чарнагорыі – невыпадковае. Да незалежнасьці ад Сэрбіі і сяброўства ў Эўразьвязе кіраўніцтва Чарнагорыі імкнецца ўжо даўгі час. У пачатку 2001 году аб жаданьні аддзяліцца да Сэрбіі афіцыйна заявіў прэзыдэнт Міла Дзюканавіч. Тагачасны прэм’ер Сэрбіі Зоран Джынджыч гатоў быў яе ўхваліць.

Аднак незалежнасьці рэспублікі супрацівіўся Эўразьвяз, які баяўся што ўсьлед за Чарнагорыяй пойдзе і Косава. У 2003 годзе, у выніку дасягнутай з Эўразьвязам дамовы, Чарнагорыя стала на пробны трохгадовы пэрыяд часткай Фэдэрацыі з назовам “Сэрбія і Чарнагорыя”. Калі настаў час вырашэньня будучыні рэспублікі, Эўразьвяз узьняў плянку неабходнай для незалежнасьці колькасьці галасоў да 55%.

Чарнагорыя, невялічкая, шматнацыянальная і шматрэлігійная рэспубліка. Яна налічвае ўсяго 620 тысяч жыхароў. Толькі 43 % зь іх лічаць сябе чарнагорцамі, 32% – сэрбамі, 8% басьнійцамі і 5% альбанцамі.

У сталіцы рэспублікі – Падгорыцы жывуць 96 тысяч чалавек. Большасьць чарнагорцаў належаць да праваслаўнай аўтаномнай царквы і карыстаюцца дыялектам сэрбскай мовы. Прыхільнікі незалежнасьці і прыхільнікі саюзу з Сэрбіяй падзяліліся роўна па палове.

Магчыма, вырашальныя былі галасы больш як дзясятка тысяч чалавек, якія прыехалі на рэфэрэндум з-за мяжы. Урад Чарнагорыі аплаціў авіябілеты гастарбайтэрам з заходняй Эўропы, каб яны прагаласавалі на рэфэрэндуме. У сваю чаргу Сэрбія аплаціла чыгуначныя білеты тым чарнагорцам, якія жывуць і працуюць у Сэрбіі, каб тыя прагаласавалі “супраць”.

Хвіліны няўпэўненасьці перажывае таксама Эўразьвяз. Прэзыдэнт Міла Дзюканавіч абяцае, што Чарнагорыя ў рамках Эўразьвязу стане ўзорнай шматкультурнай і шматнацыянальнай рэспублікай. Рэспубліка, у якой эўра ўжо зьяўляецца нацыянальнай валютай, мае ператварыцца ў міжземнаморскі рай Эўропы, заяўляе кіраўніцтва ў Падгорыцы, але ня ўсе з гэтым згодныя. Праціўнікі незалежнасьці кажуць, што з асыміляцыяй меншасьцяў могуць быць праблемы, затое больш верагодны іншы варыянт, што назіраецца ўжо цяпер: Чарнагорыя можа стаць“бананавай”, карумпаванай і паўкрымінальнай рэспублікай, цэнтрам кантрабанды і адмываньня брудных грошай на Балканах.

Гл.таксама • Аддзяленьне Чарнагорыі ад Сэрбіі – што думаюць палітыкі ў Беларусі?
XS
SM
MD
LG