Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін''юст адклікаў пазоў у справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў


Радыё Свабода, Менск Вярхоўны суд Беларусі спыніў судовую вытворчасьць у справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Такое рашэньне прынятае сёньня паводле хадайніцтва Міністэрства юстыцыі, якое адклікала адпаведны пазоў. Судзьдзя Генадзь Мільто абвясьціў, што гэтае рашэньне канчатковае й абскарджаньню не падлягае.

Пасьля таго, як сябры грамадзкай арганізацыі здолелі давесьці ў судзе неабгрунтаванасьць галоўнага абвінавачаньня, Міністэрства юстыцыі заявіла пра магчымасьць адкліканьня свайго пазову

Галоўным пунктам абвінавачаньня была нестатутная дзейнасьць. Пад такой дзейнасьцю мелася на ўвазе правядзеньне зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Да апошняга моманту кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў не было пэўнае, ці будзе спынены працэс ліквідацыі арганізацыі. Намесьнік старшыні СПБ Барыс Пятровіч сказаў:

(Пятровіч: ) “Усё залежала па вялікім рахунку ад таго, ці на вышэйшым узроўні прымуць рашэньне захаваць Саюз беларускіх пісьменьнікаў ці ліквідаваць. Дзякуй Богу, цьвярозы розум перамог. Я не магу прагназаваць на будучыню. Але тое, што сёньня ў Беларусі існуюць два саюзы, гэта зьмяняе сытуацыю”.

Паводле спадара Пятровіча, шыльда з гербам “Пагоня” была зьнятая з уваходу ў будынак Дому літаратара цяперашняй адміністрацыяй, але знаходзіцца на захаваньні ў Саюзе беларускіх пісьменьнікаў.

Нагадаем, што зьняцьцё "Пагоні" была адна з умоваў адкліканьня пазову аб ліквідацыі. Пісьменьнікі выправілі таксама і іншыя нязначныя заўвагі з боку міністэрства. Аднак ня гэта было галоўнай прычынай, зь якой Мін’юст вырашыў адмовіцца ад намеру ліквідаваць найстарэйшую творчую арганізацыю. Колішняя старшыня Саюзу пісьменьніца Вольга Іпатава сказала:

(Іпатава: ) “Санкцыі Эўразьвязу, якія былі ўведзеныя адносна нявыезду чыноўнікаў, яны пачынаюць цяпер спрацоўваць. Ня вельмі прыемна бачыць сваё прозьвішча, а таксама ўявіць што ўсе твае родзічы ня змогуць паехаць у Эўропу, вось гэты псыхалягічны ціск спрацоўвае. Я так бачу сытуацыю”.

Ня вырашаная пакуль праблема юрыдычнага адрасу. Цяперашняя адміністрацыя Дому літаратара абяцае заключыць дамову арэнды пасьля таго, як пісьменьнікі вызваляць бібліятэчнае памяшканьне. Аднак прыняць у падарунак 300-тысячны кнігазбор бібліятэкі Беларусі адмаўляюцца. Тым часам пісьменьнікі спадзяюцца, што пасьля спыненьня працэсу ліквідацыі грамадзкай арганізацыі гэтыя пытаньні будуць вырашацца хутчэй.

Перамогу Саюзу беларускіх пісьменьнікаў паэт Сяргей Законьнікаў пракамэнтаваў гэтак:

(Законьнікаў: ) “Я думаю, што настане такі час, што Саюз пісьменьнікаў ізноў будзе ў сваім доме. А ва ўлады ніколі нават ня ўзьнікне думкі пра ліквідацыю старэйшай творчай арганізацыі, якая шмат зрабіла для таго, каб нашая краіна была незалежнай. Сёньняшнія ўлады гэтага проста не разумеюць”.

Нагадаем, што 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта аб спагнаньні з грамадзкай арганізацыі Саюз беларускіх пісьменьнікаў 55 мільёнаў рублёў платы за арэнду. Раней, у 1997 годзе, Дом літаратара забралі з падпарадкаваньня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, разам з маёмасьцю грамадзкай арганізацыі. Цяпер будынак Дому літаратара зьяўляецца ўласнасьцю прэзыдэнцкай адміністрацыі.
XS
SM
MD
LG