Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Улада цяпер — гэта глухая сьцяна, у якую бессэнсоўна стукаць”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 21 траўня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Для сёньняшняй размовы я сабраў лісты, у якіх у той ці іншай форме абмяркоўваюцца жыцьцё, настроі й спадзяваньні вясковых жыхароў Беларусі. У вёсках ці невялікіх пасёлках жывуць і самі аўтараў гэтых допісаў. Пачну агляд зь ліста з Астравецкага раёну, ад пэнсіянэркі, якая не пажадала назваць сваё імя. (Ананімнасьць стала сумнай тэндэнцыяй у нашай пошце апошняга часу.)

“Часта слухаю вашу “Свабоду” — проста дзеля цікавасьці. Хочацца ведаць, як людзі ставяцца да людзей, да палітыкі, да нашага Аляксандра Рыгоравіча. І глыбока задумваюся. У маёй непісьменнай галаве проста не ўкладваецца, як адукаваныя разумныя людзі могуць малоць такую лухту, прыніжаючы іншых людзей. Я не разумею: дзеля чаго клікаць моладзь на вуліцу? Якая яшчэ свабода патрэбная? Ды хіба ж у нас цяпер не свабода? Што хочам — тое і гаворым. Куды хочам — туды едзем. Ды параспытвайце сваіх дзядоў-прадзедаў пра тое, як жылі пры сталінскім рэжыме. Адно слова супраць улады — адразу расстрэл. Вось такая была дысцыпліна. І не было гультаёў, наркаманаў, алькаголікаў, курцоў ды прастытутак.

Добрым людзям цяпер жывецца добра. Ніхто ня ходзіць з торбай і не жабруе, як раней. Улада дапамагае ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу. І дзеткі нашы за гэтыя гады не гінулі ў Аўганістане, як было раней. А моладзь проста шалее ад добрага жыцьця. Яна сама ня ведае, чаго хоча. Ня бачылі яны сапраўднага гора. А ў вас на “Свабодзе” іх так хваляць: “Ах, якія мужныя, якія добрыя!”, кветкі ім нясуць. Ды ня кветак ім — а гумавага бізуна, тады, можа, задумаюцца, што робяць і чым займаюцца”.

Да Вашых парадаў, шаноўная слухачка, улада ўжо прыслухалася: гэтая моладзь ведае, што такое міліцэйскія гумавыя дубінкі, турэмныя сьцены, пагрозы й прыніжэньні. Але сумняюся, што ўсё пералічанае прымусіць гэтых хлопцаў і дзяўчат думаць па-іншаму — так, як хочацца Вам ці Вашым аднадумцам. У іх іншае, чым у Вас, уяўленьне пра свабоду. Для Вас свабода — каб быў хлеб і не было расстрэлаў, як пры Сталіну. І хоць Вы і пішаце, што ў Беларусі цяпер “гавары, што хочаш”, але, напэўна, і самі ня верыце ў гэтае сьцьвярджэньне. Інакш чаму пабаяліся называць імя, падпісацца пад гэтым сваім лістом на “Свабоду”?

У несвабоды шмат розных абліччаў. Калі за ішадумства альбо ўдзел у мірнай дэманстрацыі не расстрэльваюць, а кідаюць на два тыдні ў турму й адлічваюць з унівэрсытэту — то гэта зусім не азначае, што такі рэжым на тле папярэдняга можа лічыцца лібэральным і дэмакратычным.

Адметна, шаноўная слухачка, як Вы ідэалізуеце сталінскую дысцыпліну, захапляецеся ёй. І пры гэтым крывіце душой. Не пагодзяцца з Вамі людзі, хто памятае той час: былі, былі пры сталінскай дыктатуры і гультаі, і алькаголікі, і прастытуткі. Да іх рэжым ставіўся значна больш ляяльна, чым да палітычна падазроных асобаў. А пачыналася сталінская дыктатура, дарэчы, не адразу з расстрэлаў: у 1920-я й на пачатку 1930-х гадоў іншадумцаў таксама каралі даволі мякка — з дапамогай партыйных “чыстак”, звальненьняў з працы і высылкамі ў іншыя рэгіёны краіны (нешта накшталт цяперашняй “хіміі”).

Кароткі ліст ад Міхаіла Паўловіча з Горак Магілёўскай вобласьці:

“Беларусы пачуваюцца чужымі ва ўласнай дзяржаве. Ці не таму так адбылося, што кіраўнічыя пасады ў нас займаюць прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, галоўным чынам — расейцы? І ці не зьвярнуцца ў гэтым выпадку тытульнай нацыі да іншых краінаў, каб дапамаглі беларусам стаць гаспадарамі ва ўласным доме? Бо ў нас, як у той казцы пра зайца і лісу: папрасілася ліса ў хату пагрэцца, а ў выніку заяц застаўся без жытла. Дык ці не настаў час выгнаць гэтую лісу з зайцавай хаткі?”

Статыстыка сьведчыць, спадар Паўловіч, што нацыянальны склад кіраўнічай намэнклятуры ў Беларусі прыкладна адпавядае нацыянальнаму складу ўсяго беларускага насельніцтва. І большасьць начальнікаў у дзяржаве — якраз беларусы. А ўвогуле, шукаць прычыну уласных праблемаў у нацыянальнай прыналежнасьці людзей, якія жывуць побач, — шлях бясплённы і тупіковы: гісторыя гэта ня раз пацьвярджала. І вырашыць праблемы ва ўласнай дзяржаве таксама здольныя толькі самі беларускія грамадзяне — вонкавы ўплыў тут можа паспрыяць, але ніхто замест саміх беларусаў ня здольны ўпарадкаваць іхнае жыцьцё.

Ліст ад Ціны Сакаловіч зь вёскі Бакшты Іўеўскага раёну. Некалькі месяцаў таму адзін яе допіс ужо гучаў на нашых хвалях, і гэта вельмі ўсьцешыла слухачку:

“Я нават запісала гэту перадачу на касэту. Пастаўлю сваім сябрам-дальнабойшчыкам, няхай паслухаюць. А то яны папракаюць мяне, што нідзе не магу прарвацца і нічога не раблю дзеля таго, каб стала лепш і лягчэй. Учора, 19 красавіка, чула па “Свабодзе”, як адзін пэнсіянэр-чарнобылец паніклым голасам казаў пра тое, што яго літаральна “давялі да ручкі”. Я і сама часта выкарыстоўваю такі выраз. Менавіта так — “давялі да ручкі”. Улада цяпер — гэта глухая сьцяна, у якую бяссэнсоўна стукаць”.

Да такіх высноваў Ціна Сакаловіч прыйшла на падставе ўласнага досьведу. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“За дзесяць гадоў жыцьця тут я столькі напакутавалася зь дзіцем (дачцэ 9 гадоў), што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Нікчэмнае, вартае жалю існаваньне. Ні працы талковай, ні заробкаў. Дзе ні працавала — паўсюль падманвалі, абіралі, плацілі мізэр. Уражаньні — страшныя. На гэтыя грошы ні пражыць, ні выжыць. Звароты да ўлады — нібы гарох аб сьцяну. Усе прастачкамі прыкідваюцца. Грамадзтва разьдзялілася на багатых і бедных, на пасьпяховых і няўдачнікаў. І гэтыя, што сытыя — глухія і жорсткія. Такая страшная рэальнасьць правінцыі, вясковага жыцьця. Клічуць паўсюль для нарадаў першых ды перадавых. А ім і так няблага жывецца. Сабралі б усіх нас, адстаючых, ды з намі і пагаварылі б. Гэтыя, з вышэйшай адукацыяй, начальнікі — у парадку. А просты народ крыкам крычыць. Гэтыя, у каго даходы высокія — злыя, як сабакі, ненавідзяць бліжняга, кусаюцца. Калі яны так добра жывуць, дык чаму такія злыя? А таму, што ведае кошка, чыё мяса зьела...”

Зьвярну Вашу ўвагу, спадарыня Сакаловіч, на ліст, які ўжо прагучаў у сёньняшнім аглядзе — вясковай пэнсіянэркі з Астравецкага раёну. Думаю, што ўмовы жыцьця на вёсцы ў суседніх раёнах ня надта адрозьніваюцца. А тым часам якія дыямэтральна процілеглыя ацэнкі, погляды на тое што адбываецца. Думаю, супярэчнасьць у многім тлумачыцца тым, што вясковыя пэнсіянэры, атрымліваючы 150—200 тысяч пэнсіі, на тле мізэрных калгасных заробкаў, сапраўды, пачуваюць сябе заможнымі й пасьпяховымі. І, напэўна, такімі ж выглядаюць і ў Вашых, спадарыня Сакаловіч, вачах.

І наўрад ці варта ўскладаць усю адказнасьць на тых “начальнікаў з вышэйшай адукацыяй”, на якіх Вы, спадарыня Сакаловіч, наракаеце, якіх лічыце багатымі і раўнадушнымі да чужой бяды. Яны — частка сыстэмы, што ня імі створана, і не яны здольныя зьмяніць прынцыпы яе дзейнасьці. Прычыны нізкіх заробкаў і адсутнасьці працы на вёсцы — ня ў тым, што абыякавы й чэрствы калгасны старшыня ці кіраўнік раённай вэртыкалі. Яны значна глыбей — у стаўленьні ўлады да прыватнай ініцыятывы й прадпрымальніцтва, у адсутнасьці права ўласнасьці на зямлю, у немагчымасьці людзей выбіраць сабе мясцовае кіраўніцтва... Увогуле, гэта — вялікая і даўгая размова.

На заканчэньне — фрагмэнт ліста ад нашага даўняга слухача і аўтара Мікалая Бельскага зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну — таксама пра жыцьцё ў сёньняшняй беларускай вёсцы. Спадар Бельскі — чалавек майстравіты, у прыватным парадку займаецца рамонтам сельскагаспадарчай тэхнікі. Нядаўна рамантаваў на замову мясцовага сельсавету трактар. Работу выканаў, а грошы чакае зь зімы. Цытую ліст:

“Было паабяцана аддаць грошы празь сельсавет на пачатку студзеня. Але дагэтуль іх не атрымаў, і невядома, калі атрымаю. Кажуць, грошы ідуць праз казначэйства. Вельмі строгі кантроль. Напэўна, баяцца, каб выпадкова ня трапілі на патрэбу рэвалюцыі… А вось старшыня сельсавету атрымлівае свой мільён акуратна — штомесяц. Крэпка працуе… Яму выплачваюць бяз праблемаў”.

Пры такім да сябе стаўленьні Вы, спадар Бельскі, напэўна, наступны раз моцна падумаеце, перш чым узяцца выконваць замову людзей, якія аднаго разу ўжо ня выканалі сваё абяцаньне. Хоць, зь іншага боку, дзе яшчэ ў цяперашняй вёсцы знойдзеш працу? Манапалісты тое ведаюць і тым карыстаюцца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG