Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура вынесла папярэджаньне А.Мілінкевічу (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Палітыка папярэдзілі аб тым, што сваімі выказваньнямі ў замежным друку ён нібыта дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь. Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня спыніць сваёй дзейнасьці й ня будзе адмаўляцца ад інтэрвію замежным выданьням.

Аляксандра Мілінкевіча выклікалі ў пракуратуру, каб азнаёміць яго з пастановай пракурора. Падставай для папярэджаньня сталі выказваньні палітыка, надрукаваныя ў польскай газэце “Rzeczpospolita”. У публікацыі Аляксандар Мілінкевіч не выключаў, што беларускія ўлады спрычыніліся да нападу на польскага дыплямата Рышарда Бадоня-Легра ў Горадні, які сканаў ад пабоеў у Беластоку.

Камэнтуючы сытуацыю ў краіне кампаніі Бі-Бі-Сі, палітык паставіў пад сумнеў права Аляксандра Лукашэнкі балятавацца на пасаду прэзыдэнта, а таксама ўсумніўся ў выніках прэзыдэнцкіх выбараў.

(Мілінкевіч: ) “Папярэджаньне за прадастаўленьне замежнай дзяржаве сьведчаньняў, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь. Першы артыкул быў надрукаваны ў газэце “Rzeczpospolita”, а другі — гэта інтэрвію радыё Бі-Бі-Сі (расейская рэдакцыя), аб тым, што выбары прайшлі незаконна, што спадар Лукашэнка ня меў права ўдзельнічаць, што рэфэрэндуму я не прызнаю і гэтак далей. А ў “Rzeczpospolita” было сказана, што я не выключаю таго, што ўлады маглі такое зрабіць — спрычыніцца да сьмерці. Папярэджаньне, а потым крымінальная справа”.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што, нягледзячы на папярэджаньне, ня будзе адмаўляць журналістам у камэнтарах.

(Мілінкевіч: ) “Дзеяньне гэтага артыкулу яшчэ не выкарыстоўвалася. Думаю, што занадта шмат лідэры беларускай апазыцыі гаварылі па сьвеце. З пункту гледжаньня ўлады, пара паказаць ім іхнае месца і зрабіць усё, каб яны не выказваліся. А заўтра ж да нас могуць зьвярнуцца па камэнтары. Трэба зрабіць так, каб маўчалі, альбо казалі, што ўсё добра. Такая склалася сытуацыя… Трэба гаварыць праўду. Калі займаесься палітыкай, то ад праўды не адысьці. Дарэчы, калі казалі праўду на сустрэчах зь людзьмі па ўсёй краіне, гэта рабіла самае вялікае ўражаньне. Людзі адвучыліся ад праўды, а тут нехта раптам кажа”.

Гэта другі выпадак, калі на падставе артыкулу Крымінальнага кодэксу, прынятага напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі, апазыцыйнаму палітыку вынесьлі папярэджаньне. 17 траўня пракуратура папярэдзіла журналістку Ірыну Халіп за шэраг артыкулаў, надрукаваных у расейскай газэце.

***

Артыкул крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь” быў разам зь іншымі рэпрэсіўнымі заканадаўчымі папраўкамі прыняты ў сьнежні летась, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і ўступіў у дзеяньне з 1 студзеня 2006 году. Крымінальных справаў паводле гэтага артыкулу пакуль распачата не было. На мінулым тыдні журналістка Ірына Халіп атрымала пракурорскае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня закону. Пракуратура палічыла, што яе артыкулы ў расейскай “Новой газете” утрымліваюць прыкметы парушэньня двух артыкулаў крымінальнага кодэксу “Паклёп на прэзыдэнта” і “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG