Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі кірунак разьвіваецца нягледзячы на афіцыйную лінію


Юры Дракахруст, Прага У 2004 годзе заходняя і паўночная межы Беларусі сталі яе межамі з Эўразьвязам. Як складваліся і складваюцца адносіны Беларусі з аб’яднанай Эўропай?

Летась упершыню за ўсе гады незалежнасьці экспарт Беларусі ў краіны Эўразьвязу зраўняўся з экспартам у краіны СНД, на аб''яднаную Эўропу прыпала 44% беларускага экспарту, на Расею – 36%. Яшчэ ў 2004 годзе суадносіны былі адваротнымі: 37% – экспарт у Эўразьвяз, 47% – у Расею.

Такія зьмены адбыліся нягледзячы на тое, што інстытуцыянальныя сувязі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам вельмі слабыя, пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве, падпісанае ў 1995 годзе дагэтуль не ўступіла ў дзеяньне – яго ратыфікавалі парлямэнты толькі 8 краінаў Зьвязу. У Эўразьвязе дзейнічаюць абмежавальныя, антыдэмпінгавыя меры адносна шэрагу тавараў традыцыйнага беларускага экспарту, прынамсі, калійных угнаеньняў, а таксама імпартныя квоты на беларускі тэкстыль.

У Беларусі дзейнічае прадстаўніцтва эўрапейскай праграмы дапамогі “Тасіс”, з 1991 году “Тасіс” рэалізаваў у Беларусі больш за 200 праектаў на агульную суму прынамсі 150 мільёнаў даляраў.

Палітычнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Эўразьвязам захоўваецца на мінімальным узроўні. Аб’яднаная Эўропа расцаніла, як недэмакратычныя, рэфэрэндумы 1996 і 2004 гадоў, ужо ў 1997 годзе былі згорнутыя некаторыя праграмы палітычнага дыялёгу і эканамічнага судзеяньня. Праграма “новага суседзтва”, якую распачаў Эўразьвяз пасьля пашырэньня ў траўні 2004 году, распаўсюджваецца на Беларусь у абмежаванай форме. У 2004 годзе Эўразьвяз увёў візавыя санкцыі адносна 6 беларускіх афіцыйных асобаў, падазраваных у датычнасьці да выкраданьня людзей і фальсыфікацыяў на выбарах. Сёлета візавыя санкцыі былі пашыраныя яшчэ на 31-у асобу, уезд у краіны Зьвязу быў забаронены і для Аляксандра Лукашэнкі. Літаральна днямі супраць 36-ці з асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, былі ўведзеныя санкцыі адносна іх фінансавых актываў у Эўропе.

Нягледзячы на кепскія палітычныя адносіны афіцыйнага Менску і Эўразьвязу і ізаляцыянісцкі курс беларускай улады, у беларускім грамадзтве захоўваецца дастаткова высокі патэнцыял праэўрапейскіх настрояў.

Паводле дадзеных сёлетняга красавіцкага апытаньня, праведзенага ў Беларусі незалежнымі сацыёлягамі, прыкладна кожны трэці беларус выступае за далучэньне сваёй краіны да Эўрапейскага Зьвязу.

Гл.таксама • Якую краіну Эўразьвязу беларусы лічаць найбольш прывабнай?
XS
SM
MD
LG