Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест “Коду да Вінчы” – “Мэмуары гейшы”


Ганна Соўсь, Менск У Менску зьнялі з пракату фільм “Код да Вінчы”, створаны паводле раману Дэна Браўна. Такое рашэньне прыняло прадпрыемства “Кінавідэапракат” у сувязі з пратэстамі прадстаўнікоў каталіцкай і праваслаўнай канфэсіяў. Кінааналітык Максім Жбанкоў невысока ацэньвае мастацкія якасьці фільму “Код да Вінчы” й лічыць забарону стужкі неадэкватнай рэакцыяй на пасрэдны прадукт масавай культуры.

Ад сёньняшняга дня ў менскіх кінатэатрах спынілі паказ фільму “Код да Вінчы”. Гэтаму папярэднічалі пратэсты вернікаў каталіцкай і праваслаўнай канфэсіяў, якія палічылі, што Дэн Браўн у сваім рамане наўмысна сказіў хрысьціянскія дагматы. Кіраўніца рэклямнага аддзелу “Кінавідэапракату” Натальля Патапенка кажа, што свае абавязкі перад гледачамі гэтае прадпрыемства збольшага выканала.

(Патапенка: ) “Мы далі магчымасьць нашым гледачам паглядзець чатыры дні пракату ў трох буйнейшых кінатэатрах. Быў такі зварот да гледачоў: “Зьвяртаем вашу ўвагу на тое, што фільм “Код да Вінчы” зьняты рэжысэрам Ронам Гаўэрдам на аснове фантастычнага раману Дэна Браўна. Усе факты, выкладзеныя ў сюжэце, зьяўляюцца аўтарскім вымыслам і ня маюць гістарычнага грунту”.

Па спыненьні пракату “Коду да Вінчы” ксёндз-пробашч касьцёлу сьвятых Сымона і Алены Ўладзіслаў Завальнюк спыніў чысты пост, які ён трымаў на знак пратэсту супраць дэманстрацыі фільму. Ён таксама падзякаваў парафіянам, якія разам зь ім трымалі пост. 20 траўня каля дзесяці вернікаў-каталікоў наладзілі пікет супраць паказу “Код да Вінчы” ля кінатэатру “Кастрычнік”. Усё гэта павялічыла інтарэс да фільму, і, як сьведчаць у “Кінавідэапракаце”, усе чатыры дні паказу залі кінатэатраў былі поўныя. Людзі стаялі ля касаў кінатэатраў у чэргах па квіткі.

Кінааналітык Максім Жбанкоў ацэньвае “Код да Вінчы” як пасрэдную камэрцыйную стужку, а яе камэрцыйны посьпех ва ўсім сьвеце тлумачыць добра наладжанай піяр-кампаніяй.

(Жбанкоў: ) “Што тычыцца забаронаў, то я лічу, што гэта абсалютна неадэкватная рэацыя на вельмі просты мас-культурны тэкст. Гэта тая ж самая цэнзура. А любая цэнзура — гэта заўсёды дрэнна, хаця б таму, што забаронены плод значна больш прыцягальны. Тое, што кажуць — вернікі вырашылі, мне падаецца, усё ж перабольшваньнем. Нічога вернікі не вырашалі. І чаму ў гэтай краіне вернікі павінны мець большыя прывілеі за тых, хто ня верыць? Калі хрысьціянства з усёй яго шматтысячагадовай гісторыяй пачынае так абараняць сябе ад таннай мас-культурнай прадукцыі, то гэта выглядае, мне падаецца, проста несалідна”.

Цяпер замест “Коду да Вінчы” ў менскіх кінатэатрах будуць паказваць адзін з оскараўскіх ляўрэатаў — фільм “Мэмуары гейшы”. Дарэчы, у свой час гэтую стужку забаранілі для паказу ў Кітаі, і фільм распаўсюджваўся там на пірацкіх ДВД-дысках. Між іншым, пірацкія копіі “Коду да Вінчы” ўжо зьявіліся на менскіх рынках.
XS
SM
MD
LG