Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нікога з нашых хворых больш не хвалюе думка, што ён збанкрутуе, ніхто зь іх ня лічыць сябе Пятром Вялікім ці мільянэрам Ротшыльдам” (1936)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 22 траўня. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.

“Рабочий”, 1936 год. Псыхіятар М.М.Кліпцан:

“Новы “душэўнахворы”, паводле характару трызьненьняў і хваравітых перажываньняў, ужо якасна адрозьніваецца ад ранейшага… Зьніклі выказваньні й перажываньні, карані якіх хаваліся ў скалечаным сацыяльным побыце й рухальных яго сілах — прыватнай уласнасьці, кар’ерызму, авантурызму. Нікога з нашых хворых больш не хвалюе думка, што ён збанкрутуе, ніхто зь іх ня лічыць сябе Пятром Вялікім ці мільянэрам Ротшыльдам”.

“Звязда”, 1976 год:

“Усяго ў рэспубліцы цяпер налічваецца 199 помнікаў прыроды. Аб іх праяўляюцца асаблівыя клопаты. Людзі любуюцца прыгажосцю, незвычайнасцю дрэў, многія з якіх сталі легендарнымі. У вёсках Ходасы Жабінкаўскага і Дзівін Кобрынскага раёнаў растуць магутныя дубы, ля якіх, паводле народнага падання, адпачываў вялікі рускі палкаводзец Аляксандр Сувораў. У парку вёскі Сітцы Докшыцкага раёна ёсць 500-гадовы дуб, ля якога адпачываў кіраўнік паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка”.

“Народная Воля”, 1996 году ў рубрыцы “Зоркі прадказваюць”:

“Казярогам — актыўны і плённы тыдзень. Магчымы невялікія грашовыя страты, што абяцае шмат цікавых падзей. Пачатак інтымных адносін можа добра паўплываць на інтэлектуальную дзейнасць. Вадалеям — працоўны час. Тайныя сувязі могуць адкрыцца, што пагражае разладам у сям’і. Цікавасць і асалоду да жыцця жанчынам дапаможа набыць наведванне дантыста або былога аднакласніка”.
XS
SM
MD
LG