Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць жыхары сталіцы пра забарону "Коду да Вінчы"?


Радыё Свабода Апытаньне “Свабоды”: што вы думаеце пра забарону дэманстрацыі кінафільму “Код да Вінчы” у Беларусі?

Ад панядзелка ў кінатэатрах Менску забаронены паказ мастацкай кінастужкі “Код да Вінчы”, зьнятай паводле аднайменнай кнігі амэрыканскага пісьменьніка Дэна Браўна. Гэтаму папярэднічаў пратэст прадстаўнікоў праваслаўнай і каталіцкай канфэсіяў у Беларусі. Як вы ставіцеся да забароны ў Беларусі фільму “Код да Вінчы?” Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала Галіна Абакунчык.

(Юнак: ) “Я супраць забароны гэтага фільму. У кожнага павінна быць свая пазыцыя. Чалавек павінен сам паглядзець гэты фільм і вырашыць для сябе — патрэбны яму гэты фільм ці не”.

(Спадар: ) “У прынцыпе, фільм павінны быў ісьці. Нічога там блюзьнерскага няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да забароны фільму “Код да Вінчы?”

(Юнак: ) “Я лічу, што людзі, якія нешта разумеюць і ў нечым разьбіраюцца, успрымуць гэты фільм як фільм. А тое, што яго забаранілі, — гэта яшчэ больш зацікавіць людзей: ага, забаранілі — значыць, нешта сапраўды праўдзівае там ёсьць, калі хаваюць. Таму проста больш цікавасьці ўзьнікне”.

(Спадарыня: ) “Тое, што ён забаронены, гэта толькі дадатковая рэкляма фільму, можна было яго й не забараняць. Бо я фільм паглядзела — сапраўды, як сказаў мітрапаліт Кірыл, да рэлігіі ён ня мае ніякага дачыненьня. Звычайныя амэрыканскія “даганялкі” і ўсё”.

(Спадар: ) “Звычайна, калі такая шуміха падымаецца, я не гляджу такіх рэчаў, для мяне гэта лухта. А забараняць, я думаю, нічога ня варта”.

(Спадарыня: ) “Хацела б паглядзець, так”.

(Карэспандэнтка: ) “А тое, што забаранілі?”

(Спадарыня: ) “Я лічу, навошта забараняць? Няхай людзі глядзяць”.

(Спадар: ) “Ды глупства гэта ўсё абсалютнае. Бо фільм жа ўвогуле несур’ёзны. Забараняць яго — паказваць сваю такую ж несур’ёзнасьць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці хацелі б паглядзець і як ставіцеся да таго, што фільм забаронены?”

(Юначка: ) “Так, мы хацелі паглядзець. Як ставімся да таго, што забаранілі? Ня ведаю, крыўдна, што не паглядзелі”.

(Юнак: ) “Шмат чуў пра гэты фільм супярэчлівых меркаваньняў. Таму таксама хацеў паглядзець, каб мець сваё меркаваньне. А тое, што яго зьнялі з паказу? Увогуле, забарона фільмаў магчымая, але я ня думаю, што трэба было забараняць гэты фільм”.

(Юначка: ) “Кожны павінны мець магчымасьць паглядзець, каб мець сваё меркаваньне. І тое, што ня далі паглядзець — гэта кепска. Забаранілі, і мы пават ня ведаем, чаму забаранілі”.

(Юнак: ) “Я кніжку чытаў, і яна мне вельмі спадабалася. І я хацеў бы паглядзець фільм, каб параўнаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Што думаеце пра тое, што забаранілі фільм?”

(Юнак: ) “Ну, ня ведаю. Кожны павінны сам вырашаць — глядзець яму фільм альбо не. Я супраць забароны”.

(Юначка: ) “Я чытала кнігу, і яна мне моцна спадабалася, я была ў захапленьні. Таму абавязкова хачу паглядзець і фільм”.

(Карэспандэнтка: ) “А тое, што ўжо не паглядзіце?”

(Юначка: ) “А ў інтэрнэце знайду”.

Гл.таксама • У Менску зьняты з пракату “Код да Вінчы” • Замест “Коду да Вінчы” – “Мэмуары гейшы”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG