Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аддзяленьне Чарнагорыі ад Сэрбіі – што думаюць палітыкі ў Беларусі?


Радыё Свабода Больш за 55% выбарцаў Чарнагорыі прагаласавалі за аддзяленьне ад Сэрбіі. Паводле афіцыйных зьвестак, у рэфэрэндуме, які адбыўся ў нядзелю, прынялі ўдзел каля 87% грамадзянаў, якія маюць права голасу. Як да хуткага зьяўленьня новай дзяржавы ставяцца беларускія палітыкі, якія з рознымі місіямі ў сярэдзіне 1990-х прыяжджалі на Балканы?

У амбасадзе Сэрбіі й Чарнагорыі ў Менску камэнтаваць вынікі рэфэрэндуму без кансультацыяў зь Бялградам адмовіліся. Адметна, што прадстаўніка ад Чарнагорыі ў складзе дыпляматычнага корпусу ў Беларусі няма.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян у складзе афіцыйнай дэлегацыі апошні раз быў на Балканах за год да зьвяржэньня й арышту тагачаснага прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча. Кажа, што навіну пра аддзяленьне Чарнагорыі ад Сэрбіі ўспрыняў як асабістую трагедыю.

(Касьцян: ) “З болем у сэрцы я гэта ўспрыняў. Мэтанакіравана драбняць славянскія праваслаўныя народы. Усё робяць дзеля таго, каб іх падзяліць і па адным зьнішыць. Чарнагорыю адрэзалі ад Сэрбіі, а Сэрбію пазбавілі мора. Але калі хтосьці думае ў Чарнагорыі, што яна стане эўрапейскім Сынгапурам, то гэтага ніколі не дапусьцяць антыславянскія, антыправаслаўныя сілы. Перспэктывы як для Чарнагорыі, так і для Сэрбіі досыць сумныя. І я вельмі пра гэта шкадую”.

За часамі Мілошавіча Беларусь і Югаславію зьвязвалі моцныя стасункі. У красавіку 1999 году Аляксандар Лукашэнка дэманстратыўна прыехаў у Бялград падчас натоўскіх бамбаваньняў. Насуперак міжнародным санкцыям, зь Беларусі на Балканы ішлі караваны гуманітарнай дапамогі. Незадоўга да арышту югаслаўскага прэзыдэнта МЗС Беларусі заявіў: калі Слабадан Мілошавіч зьвернецца да беларускіх уладаў па статус палітычнага ўцекача, афіцыйны Менск у той жа момант разгледзіць гэтую просьбу. Нават адзіны замежны дакумэнтальны фільм, прысьвечаны Лукашэнку, створаны сэрбскай акторкай і журналісткай Іванай Жыган (“Зямля пад белымі крыламі”).

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка неаднаразова быў на Балканах, дзе знаёміўся з досьведам супраціву рэжыму. А распад былой Югаславіі называе аб’ектыўным працэсам.

(Вячорка: ) “Адбываецца аб’ектыўны і няўхільны працэс аднаўленьня незалежнасьці ўсіх тых нацыяў, якія рэальна ёсьць нацыямі самастойнымі й самакаштоўнымі. Гэты працэс ня мог не дайсьці да лягічнага завяршэньня ў былой Югаславіі, якая, безумоўна, мела пэўныя рысы дзяржавы імпэрскай. І, нягледзячы на ўсе этнічныя й гістарычныя повязі, калі чарнагорцы пачуваюцца асобнай нацыяй, яны не маглі не дайсьці да самарэалізацыі сваёй у выглядзе незалежнасьці. І я іх шчыра з гэтым віншую”.

(Карэспандэнт: ) “Траціць альбо набывае Чарнагорыя ў гэтым сэнсе?”.

(Вячорка: ) “Бясспрэчна, яна набывае. Тым больш, што яна будзе мець рэальныя магчымасьці ўваходу ў Эўразьвяз, гэтаксама як Украіна і Беларусь. У гэта веру і спадзяюся”.

Чарнагорыя ўвайшла ў склад адзінай югаслаўскай дзяржавы ў 1918 годзе паводле вынікаў Першай усясьветнай вайны. У 2003 годзе парлямэнт Югаславіі стварыў “свабодную супольнасьць Сэрбіі й Чарнагорыі”. Згодна з прынятай Канстытуцыяй, кожная з краінаў можа атрымаць поўную незалежнасьць у выніку рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG