Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмсілы абіраюць стратэгію для аб’яднаных дэмакратычных сілаў


Радыё Свабода Палітычная рада дэмакратычных сілаў мяркуе ўхваліць на сваім сёньняшнім паседжаньні стратэгію й плян дзеяньняў на бліжэйшую пэрспэктыву. Таксама плянуецца прыняць рашэньне адносна арганізацыйнага ўдасканаленьня аб’яднаных дэмсілаў.

Праект стратэгічнага пляну на бліжэйшы час абмяркоўвалі на мінулым паседжаньні палітрады. Аднак ягонае зацьвярджэньне адклалі на просьбу Аб’яднанай грамадзянскай партыі, лідэр якой Анатоль Лябедзька знаходзіўся за межамі Беларусі. Паводле спадара Лябедзькі, сёньня адбылася ягоная сустрэча зь лідэрам аб’яднанай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам. Старшыня АГП кажа, што падыходы да стратэгіі й пляну дзеяньняў розьняцца.

(Лябедзька: ) “Мы за тое, каб на гэтым этапе асноўныя намаганьні скіраваць не на стварэньне руху, а на правядзеньне агульнанацыянальнай кампаніі — як пляну дзейнасьці прыхільнікаў пераменаў. Нельга ствараць нейкую новую структуру на тым падмурку, які мы маем. Трэба пашыраць кола прыхільнікаў пераменаў і ўключаць іх у працэс. А гэта можна праз рэальную дзейнасьць”.

Таксама старшыня АГП выказваецца за рэарганізацыю палітрады й ўключэньне ў яе новых суб’ектаў. Паводле спадара Лябедзькі, рашэньні можа прымаць палітычная рада, але канчатковая легітымізацыя стратэгіі павінна адбыцца на чарговым Кангрэсе дэмсілаў.

Мінула два месяцы пасьля выбараў, і прыняцьце супольных рашэньняў не павінна адкладвацца, заявіў старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Ён ня бачыць патрэбы ў правядзеньні новага Кангрэсу дэмсілаў.

(Вячорка: ) “Стратэгічная мэта, пастаўленая кангрэсам дэмсілаў, не мяняецца й ня можа мяняцца. Гэта аднаўленьне дэмакратычнага ладу ў Беларусі. Гэта вяртаньне ў Беларусь свабоды. Нам трэба ставіць задачы на бліжэйшы пэрыяд. Трэба дамагацца свабодных, дэмакратычных, адкрытых выбараў паводле крытэраў АБСЭ. Прычым дамагацца гэтага шляхам масавай агульнанацыянальнай кампаніі. Такая агульнанацыянальная кампанія прапануецца ў форме руху “За свабоду”. Кампанія руху “За свабоду” павінна ажыцьцяўляцца аб’яднанымі дэмсіламі”.

Старшыня ПКБ Сяргей Калякін заявіў, што стратэгія застаецца ранейшай.

(Калякін: ) “Трэба працаваць з насельніцтвам, працаваць над грамадзкай сьвядомасьцю й праз узьдзеяньне на сьвядомасьць, праз матывацыю людзей да палітычнай актыўнасьці трэба праводзіць зьмены ў нашай краіне, каб краіна разьвівалася дэмакратычным шляхам”.

Паводле вядомага палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, аб’яднаным дэмакратычным сілам неабходны адзіны рух.

(Мацкевіч: ) “Усялякі, хто сёньня ставіць свае ідэалягічныя ці там карпаратыўныя мэты вышэй за агульныя й таму разбурае агульны нейкі рух — гэта здраднік ці той, хто сьвядома ці несьвядома працуе на Лукашэнку. Таму аб’яднаньне — нягледзячы на ўсялякія разыходжаньні ў канчатковых мэтах пабудовы незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. Але сёньня ва ўсіх першы крок адзіны — трэба адхіліць ад улады гэтага ўзурпатара і прывесьці краіну зноў да канстытуцыйнага, прававога статусу. Таму толькі адзіны рух. Ня важна, хто яго сёньня будзе ўзначальваць. Ну і кампэтэнтныя людзі, якія будуць вызначаць сёньня крок за крокам тое, што гэты рух павінен рабіць”.
XS
SM
MD
LG