Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Gazeta Wyborcza”: Лукашэнка хоча задушыць Інтэрнэт


Радыё Свабода Польская "Gazeta Wyborcza” піша пра намер беларускіх уладаў цалкам кантраляваць доступ да Інтэрнэту ў краіне і пра тое, што ўлады ўжо купілі ў Кітаі неабходную для гэтага тэхніку.

“Для значнай колькасьці беларусаў Інтэрнэт застаўся адзінай незалежнай крыніцай інфармацыі. Але рэжым рыхтуе зьмены ў закнадаўстве, якія дазволяць яму закрываць старонкі ў сецтве, якія ўладам не падабаюцца,” -- піша "Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік расказвае пра заявы ў гэтай справе міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча, а таксама пра тое, што ў самім міністэрстве інфармацыі, якое, як адзначае газэта, у Беларусі завуць “міністэрствам праўды”, трымаюць будучыя зьмены ў сакрэце.

“Неафіцыйна, аднак, вядома, што ўлады хочуць, каб Інтэрнэт-выданьні падпарадкоўваліся такім самым законам, як і газэты, а гэта заначыць, што стварыць старонку ў Сеціве можна будзе толькі з дазволу мінстэрства інфармацыі. Міністэрства будзе мець магчымасьць закрыць старонку, калі, прыкладам, там зьявяцца матэрыялы, якія, паводле чыноўнікаў, абражаюць прэзыдэнта. Карыстаючыся такімі законамі, рэжым зьнішчыў амаль усе незалежныя газэты,” -- адзначае "Gazeta Wyborcza”.

Польскі штодзёньнік апісвае, як улады блякуюць незалежныя інфармацыйныя Інтэрнэт-старонкі ў часе выбарчых каманіяў, ці іншых важных палітычных падзеяў ды адзначае, што беларускія адмыслоўцы ўжо шукаюць шляхі, як супрацьстаяць магчымай блякіроўцы ўладамі сваіх старонак.

“Зьмены ў заканадаўстве дадуць законныя падставы каб увесьці супраць Інтэрнэту цэнзуру... Улады сыстэматычна рыхтуюцца да вайны ў Інтэрнэце. Адмыслоўцы з Белтэлекаму вывучаюць кітайскія мэтады кантролю над сецівам – у Кітаі закупленае адпаведнае абсталяваньне”, -- піша найвялікшы польскі штодзёньнік у матар’яле “Лукашэнка хоча задушыць Інтэрнэт”.
XS
SM
MD
LG