Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справу актывістаў "Партнэрства" павінны перадаць пракурору


Радыё Свабода Днямі адвакаты актывістаў незарэгістраванай арганізацыі "Партнэрства" маюць азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы сваіх падабаронных. Чацьвёра актывістаў "Партнэрства" ужо тры месяцы знаходзяцца за кратамі. Адвакатка Вера Страмкоўская кажа, што напрыканцы траўня справу “Партнэрства” перададуць пракурору.

Актывістаў “Партнэрства” - Міколу Астрэйку , Цімафея Дранчука, Аляксандра Шалайку і Эніру Браніцкую - вінавацяць у дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Камэнтуючы іхныя арышты, кіраўнік КДБ Сухарэнка вінаваціў “Партнэрства” у замаху на выбарныя правы грамадзянаў і ўдзеле ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту.

Цяпер, на думку адвакаткі Аляксандра Шалайкі Веры Страмкоўскай, у справе намеціўся пэўны прагрэс. Днямі абаронцы мяркуюць пачаць знаёміцца з матэрыяламі справы.

(Страмкоўская: ) “Я думаю, 24 альбо 25 мы пачнем знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Гэта зойме прыкладна пару дзён. Выглядае, што напрыканцы месяца справа будзе накіравана пракурору і ён будзе вырашаць – перадаць яе ў суд альбо прымаць іншыя рашэньні, прадугледжаныя заканадаўствам. Але ж, на мой погляд, справа ў суд накіраваная будзе. І ў гэтым выпадку, мяркую, у наступным месяцы мы зможам разглядаць гэтую справу ў судзе”.

Афіцыйны бок у асобе сьледчага гарадзкой пракуратуры Сяргея Грахоўскага камэнтаваць зрухі ў справе “Партнэрства” адмовіўся. Спаслаўся, што для гэтага ёсьць адмысловы спэцыяліст.

(Сьледчы: ) “Так, даведацца можна. Тэлефануйце памочніку пракурора Мінска па працы з заканадаўствам і сувязях з прэсай. Агафонаў Алег Пятровіч.”

Паводле ж Алега Агафонава, да якога карэспандэнта накіраваў сьледчы, камэнтаваць справу “Партнэрства” ён не мае права:

(Карэспандэнтка: ) “Патлумачце, калі ласка, на якой стадыі знаходзіцца справа “Партнэрства”.

(Памочнік пракурора: ) “Вазьміце Закон аб друку і пачытайце.”

(Карэспандэнтка: ) “А што Вы маеце на ўвазе?”

(Памочнік пракурора: ) “Я маю на ўвазе, што па справе, якая знаходзіцца на этапе папярэдняга расьследваньня, даць інфармацыю можа толькі сьледчы, якія вядзе гэтае расьледваньне.”

(Карэспандэнтка: ) “Але сьледчы накіраваў да Вас...”

(Памочнік пракурора: ) “Я не маю права.”

У сьледчым ізалятары актывісты “Партнэрства” знаходзяцца ўжо тры месяцы. Зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыездзе ім адмаўляюць. У спатканьнях сваякам таксама рэгулярна адмаўляюць.
XS
SM
MD
LG