Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд недзяржаўнай прэсы за 22 траўня


Радыё Свабода

Беларусь заяўляе пра тое, што ўсе яе экспартныя грузы, якія перавозяцца марскім шляхам, будуць ісьці праз Калінінград – такім чынам будзе ўмацоўвацца расейска-беларускі эканамічны саюз. Аднак вазіць грузы празь Літву ўсё адно выгадней, чым праз расейскі анкляў. Хто будзе пакрываць лішнія выдаткі на транспартоўку беларускіх грузаў праз Калінінград, пакуль невядома. Пра гэта піша сёньняшняя “Белгазета”.

Таксама ў “Белгазете” можна прачытаць пра тое, як прынц Луітпольд Баварскі, кіраўнік кампаніі, якая выпускае піва “Кальтенбэрг”, ацэньвае беларускі рынак піва. У Менску адбылася прэзэнтацыя гэтага міжнароднага брэнду – піва гэтай маркі цяпер будуць рабіць на бровары “Крыніца”. Са словаў Луітпольда Баварскага, яго зусім не бянтэжыць тое, што больш за 80 адсоткаў акцыяў “Крыніцы” належаць дзяржаве й што беларускі піўны рынак не дастаткова разьвіты. “Пакуль рынак малы і не разьвіты, яго прасьцей рэгуляваць, але як толькі ён пачынае расьці, усё вырашае спажывец”, – кажа прынц.

“Витебский курьер” публікуе чарговую крымінальную гісторыю: 30-гадовая жанчына спрабавала замовіць забойства свайго мужа, віцебскага бізнэсоўцы. Міліцыя мае ўсе доказы ейнай віны, аднак адбываць турэмнае зьняволеньне будзе не сама жанчына, а ейны брат, які дапамагаў ёй у пошуках кілера і ўтойваў ад міліцыі тое, што на ягонага швагера рыхтуецца замах. Жанчыну ж прызналі псыхічна хворай – яна цяпер будзе лекавацца пад жорсткім наглядам.

“Сакавітая маладая траўка, якая прабіваецца скрозь чорныя керамічныя ашчэпкі й абломкі белых костак, – гэта не апакаліптычная выява, а цалкам рэальныя наступствы будаўнічых работ, што разгарнуліся адразу пасьля сьвяткаваньня Дня перамогі на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу “Берасьцейская крэпасьць”, – піша “Брестская газета”. Блізу Сьвята-Нікольскага гарнізоннага сабору хацелі ўзьвесьці царкоўны дом і шэраг іншых забудоваў. Аднак археолягі не выключаюць, што будаўнічая пляцоўка разгарнулася на месцы старых пахаваньняў. Будоўлю плянуюць замарозіць.

Таксама “Брестская газета” піша пра тэатральны фэстываль “Непратаптаны шлях”, які ладзілі ў Берасьці 16-18 траўня. Асаблівасьць фэстывалю была ў тым, што ў ім бралі ўдзел тэатральныя калектывы маладых людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Для ўдзелу былі адабраныя 10 калектываў зь Беларусі, Расеі, Украіны й Польшчы.
XS
SM
MD
LG