Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовая апазыцыя да мясцовых выбараў?


Радыё Свабода Паводле закону, не пазьней як у лютым наступнага году павінен быць сфармаваны новы склад мясцовых саветаў у Беларусі. Аднак ужо зьявілася інфармацыя, што мясцовыя выбары могуць адбыцца раней за чаканы тэрмін.

У інтэрвію Радыё Свабода сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік не пярэчыў чуткам, што мясцовыя выбары адбудуцца па сцэнары прэзыдэнцкіх:

(Лазавік: ) “Дакладна так, як й прэзыдэнцкія. Раней могуць адбыцца. Зімовы пэрыяд й веснавы – найбольш спрыяльныя для падрыхтоўкі”.

Папярэднія мясцовыя выбары ў Беларусі праводзіліся ў 2003 годзе. За мінулы час, паводле афіцыйных зьвестак, за злоўжываньні пры ўладзе адхіленыя ад пасады й асуджаныя больш як паўсотні “вэртыкальшчыкаў”. На Берасьцейшчыне, у прыватнасьці, -- кіраўнікі Івацэвіцкага й Кобрынскага раёнаў. Ці паўплывае крымінал сярод чыноўнікаў на настроі выбарнікаў? Меркаваньне жыхара Кобрыну Аляксандара Цішка:

(Цішко: ) “Зьмяніўся чыноўнік, але ня ўлада. Няма анічога ў Кобрыне да лепшага. Той жа апарат, ранейшыя ягоныя дзеяньні. Людзі баяцца нават гаварыць на гэтую тэму”.

У суседнім да Кобрына Белаазёрску ў мінулыя выбары быў сфармаваны гарадзкі савет, у якім з усіх 13 дэпутатаў 8 зьяўляліся сябрамі партыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Намесьнікам старшыні гарсавету быў абраны Юры Губарэвіч.

(Губарэвіч: ) “Для “вэртыкалі” гэта сталася вялікай праблемай. Не мінула паўгода, як былі прызначаныя давыбары. Менавіта на іх улада ўпершыню ў Беларусі адпрацавала схему, якая пасьля была выкарыстана на парлямэнцкіх й прэзыдэнцкіх выбарах. Галасы не падлічваліся, фальсыфікацыя была максымальныя й жахлівая”.

Юры Губарэвіч узначальваў рэгіянальны штаб былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандара Мілінкевіча. Ён кажа, што досьвед палітычнай барацьбы будзе ўжыты пры падрыхтоўцы да мясцовых выбараў.

(Губарэвіч: ) “Так, мы будзем змагацца. І літаральна нядаўна ў Берасьцейскай вобласьці правялі нараду, дзе мы абмяркоўвалі плян дзеяньняў. Падбіраюцца кандыдатуры, плянуецца кампанія. Я мяркую, што калі нават мясцовыя выбары будуць прызначаныя на пачатак ці сярэдзіну восені, то гэта ня будзе для нас нечаканасьцю”.
XS
SM
MD
LG