Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апавяданьні Альгерда Бахарэвіча – у "Начной чытанцы"


*** Творы Альгерда Бахарэвіча гучалі ў нашай "Начной чытанцы" на мінулым тыдні.

БЕЛАРУСЫ НА КРЫШТАЛЬНЫХ ШАРАХ

Аўдыё (чытае Зьміцер Бартосік): Аўдыё WAV (3.9 Мэгабайт)

1. Малады Уладар падкраўся да Барліса ззаду, асьцярожна ўзьняў лазэрны меч, і раптам зьверху на іх абрынуліся цітры. Пайшла рэкляма, загарэлыя твары ўсьміхаліся, рытмічна рухаліся сківіцы. Хлопчык, не адводзячы ад экрану вачэй, правёў рукой па падлозе, намацаў сваю шкарпэтку, потым пісталет і падушку. Давялося агледзецца вакол. Пульт ляжаў ля самай нагі — ня дзіва, што ён яго не знайшоў.

Хлопчык сядзеў у пустой кватэры, на дыване, прысланіўшыся сьпінаю да канапы. Дзьверы на балькон былі адчыненыя, варушыліся фіранкі, ля самых прутоў бальконных кратаў дрэвы гайдалі гальлё ў хрусткіх абгортках. За бэтоннай агароджаю на тым баку вуліцы чулася песьня, там месьцілася вайсковая частка. Хлопчык звыкся з тым, што песьня заўжды пачынае гучаць незадоўга да заканчэньня чарговае сэрыі. Гэтак выйшла й на гэты раз. Аднастайна шаргатала гальлё, унізе, у двары, кагосьці абстрэльвалі каштанамі. У хлопчыка каштанаў было трыццаць сем, некаторыя былі схаваныя ў пісьмовым стале, некаторыя — у заплечніку, быў яшчэ некрануты запас у каробцы пад ложкам. Галоўныя каштаны ляжалі ў нагавіцах. Каштаны былі каштоўнымі прадметамі — іх можна было і перабіраць, засунуўшы руку ў кішэню. Каштаны трэба берагчы — узімку іх ня знойдзеш.

Лета, вядома, было цудоўным вынаходніцтвам чалавецтва, але быў у яго і адзін мінус. Улетку не было сьвятаў, для дарослых яны, натуральна, былі — выходныя напачатку ліпеня, калі бацька не хадзіў на працу нават у панядзелак, і маці тырчэла тры дні запар дома. Але ў хлопчыка ж і так былі вакацыі. Да таго ж у гэтыя летнія як быццам сьвяты ніхто не дарыў яму падарункаў. Тое лета, якое нядаўна мінула, навогул было нібы сон, кароткі, зімовы, сон, кропку ў якім ставіць будзільнік, і ты зьдзіўляешся — пашкадуйце, я ж вочы заплюшчыў хвіліну таму. Іншая справа зіма і вясна. Новы год, стары Новы год, восьмага сакавіка, потым дзень народзінаў, два вялікадні, вельмі зручна, бо адна бабуля праваслаўная, другая — польскай веры, дзяды ўсякія, затым — заканчэньне школы, на якое хлопчык заўсёды што-небудзь атрымліваў. Сёлета, напрыклад, свайго Кашкіна, зусім новага. У бацькоў Кашкін быў ужо стары, паношаны, крычаў надта гучна і ўвесь чамусьці жаўцеў. А лета хлопчыку не спадабалася, і ён нават быў задаволены, што зноў пайшоў у школу. Яна нагадвала яму фае перад уваходам у залю сьвятаў.

Хлопчык нераключыў тэлевізар на другі канал. Там панылыя чорна-белыя людзі катавалі скрыпкі. Ён пасьпешліва націснуў кнопку яшчэ раз. Тут якраз скончылася перадача пра нейкія дыетычныя хлябцы, і зноў пайшла рэкляма, але ўжо не расейская, а свая. На экране зьявіўся чалавек, на выгляд — сапраўдны забойца, зь вялізным аранжавым гальштукам у сініх зорках.

— Увага! Увага! Увага! — Дзяржаўны цырк адкрывае свой чарговы, трыццаць восьмы сэзн!— закрычаў чалавек, махаючы палачкай, з-пад якой выскоквалі, адзін за другім, трус, мартышка, галава клоўна, ахапак зьнічак, малюсенькі жанглёр у цыліндры.— Мы пачынаем яго з самага захапляльнага, самага прыгожага прадстаўленьня,— чалавек загаварыў цішэй, голас ягоны стаў хітрым і саладжавым.— Калі ты напраўду любіш цырк, гэтае прадстаўленьне — для цябе. Гэткага ты яшчэ ня бачыў...

Чалавек пагладзіў хлопчыка па галаве, дакрануўся палачкай ягонага вуха, нахіліўся, абдаўшы пахам мокрай замшы.

—... і наўрад ці ўбачыш калі-небудзь яшчэ! Толькі ў верасні — унікальная праграма... Беларусы на крыштальных шарах!— нечакана залямантаваў чалавек і зьнік.

Бліскучыя кропкі, якія ўвесь час міргалі на экране, ператварыліся ў сьляпучае зьзяньне. Яно імкліва набліжалася да хопчыка. Тысячы пераліўчатых трохкутнікаў, падмінаючы пад сябе чорную дугу залі, сталіся раптам агромністымі коламі, што быццам маятнікі загайдаліся пад купалам. Пранізьліва-белы прамень вырас зь цемры, ударыў у гэтыя колы, зьліўся зь імі. Звыкнуўшыся з асьвятленьнем, якое пастаянна зьмянялася, хлопчык заўважыў нарэшце постаці людзей над гэтымі коламі. Апранутыя ў дзіўныя, зеленаватыя, струмяністыя строі, людзі брылі па пякучым паветры, па шчыкалатку ўтапаючы ў сьвятле. Гэта было так прыгожа, што ў хлопчыка забалелі вочы. Беларусы на крыштальных шарах.

2. Цудоўнае цыркавое прадстаўленьне да вечара не выходзіла ў хлопчыка з галавы. Прыйшлі бацькі, маці сыйшла на кухню, зачыніўшы за сабой дзьверы, бацька, расьціраючы ногі, сеў ля тэлевізара. Хлопчык доўга выбіраў, да каго пайсьці са сваёй просьбай, і адправіўся ў рэшце рэшт на кухню. “Ты ж ведаеш,”— сказала маці, шмыгаючы носам і аціраючы крысом халату сьлёзы, да якіх яе давяла цыбуля. “Такія пытаньні трэба вырашаць з бацькам.” Хлопчык схапіў са стала апякаючы рукі дранік і рушыў у залю. — Цырк — гэта добра,— сказаў бацька, пагладжваючы жывот.— Сланы, удавы! Толькі клоўнаў не люблю. Вось у наш час былі клоўны! Як цяпер памятаю — Пончык і Чэмберлен. Хлопчык распавёў бацьку, што справа зусім не ў сланах або клоўнах. Ён паспрабаваў патлумачыць, як гэта прыгожа — беларусы на крыштальных шарах, але заблытаўся й неўзабаве заўважыў: бацька толькі ўдае, што слухае, а насамрэч глядзіць сэрыял пра міліцыю. Хлопчык і сам любіў гэты сэрыял, любіў уладкавацца на канапе, пагладжваць жывот, як бацька, і з захапленьнем назіраць, як вясёлыя сябры забіваюць злых бізнэсмэнаў. Ён любіў гэты сэрыял да сёньняшняга дня, калі зразумеў — прыгоды міліцыянтаў — казка для немаўлятаў у параўнаньні зь Беларусамі на крыштальных шарах. На шчасьце, надыйшла рэклямная паўза, і першы ж яе ролік абвясьціў пра цудоўную цыркавую праграму. “Глядзі, глядзі, во пра што я казаў!”— узрушана прамовіў хлопчык. Бацька зь неахвотаю пачаў услухвацца. Ролік скончыўся. Хлопчык, поўны надзеі, вачыма ўпіўся ў твар бацькі: “Ну што, спадабалася? Я ж табе казаў? Пойдзем?” Бацька раптам стаў вельмі сур’ёзны. Ён пасадзіў хлопчыка сабе на калені, і той уцяміў, што зараз адбудзецца нешта надзвычай важнае. “Паслухай,”— сказаў бацька нерашуча, а потым уважліва паглядзеў кудысьці праз хлопчыка.— “Ты ўжо дарослы, а хутка будзеш зусім мужчынам, у цябе зьявіцца свая сям’я, і ты будзеш распараджацца грашыма... сямейным бюджэтам. Ты бачыў лічбы ў самым куце экрану? Гэткія маленькія лічбы? Гэтыя лічбы — кошт квіткоў. Разумееш, гэта надзвычай дорага. Мы ж падарылі табе Кашкіна, а ці ведаеш ты, што твой тата працаваў паўгады, каб набыць яго?” Ад гэтых словаў патыхнула чымсьці надта дарослым, кшталту бабуліных лекаў. Хлопчык сам не заўважыў, як у вачох ягоных выступілі сьлёзы. Ён кінуўся ў свой пакой, зачыніў дзьверы, упаў на ложак і даў сьлязам волю. Потым ён доўга, да крыві малаціў свайго Кашкіна. 3. Аднак на наступную раніцу, калі хлопчык выйшаў са свайго пакою, каб памыцца й пасьнедаць перад школай, бацька, які нацягваў куртку ля дзьвярэй, спыніў яго, узяў за плечы і ўрачыста прамовіў: “Ты ведаеш, мы тут з мамай падумалі...” Далей можна было не казаць. Хлопчык заскакаў па вітальні, засьпяваў песьню з мульціка пра Барлісаў і Форана, і маці ўсьміхнулася, гледзячы, як падскоквае ў ягоных майтках ужо зусім сфармаваны стручок. У школе хлопчык здолеў ухапіць адразу дзьве адзнакі ў Аляізы Цішкаўны — пяць за адказ у дошкі і два — за паводзіны, а плюс да ўсяго — чатыры ў Бісэктрысы Катэтаўны і яшчэ пяцёрку ў Магнія Формальдэгідавіча. Дахаты ён ішоў, роўна трымаючы сьпіну, і нават прыбраў у сваім пакоі — прапыласосіў дыван і выкінуў каштаны.

4. У нядзелю зся сям’я паднялася рана, не было яшчэ дзевяці, калі мама, у станіку і трыко, выдастала з шафы прыгожую чырвона-зялёную сукенку, а бацька расклаў на канапе свой пацёрты, але яшчэ цалкам прыстойны касьцюм, і пачаў заклапочана яго разглядваць. Дзень мінуў у пакутлівым чаканьні. А пятай гадзіне яны, бліскучыя і напружаны, выйшлі з дому. Зрэшты, хлопчыку давялося вярнуцца, бо мама забыла, ці выключыла яна прас. Прас яна, натуральна, выключыла, але хлопчык, выходзячы з кватэры, прышчаміў сабе дзьвярмі палец. На дзіва, ён нават не адчуў болю, настолькі перабівала ўсе пачуцці зьзяньне хуткага прадстаўленьня. Ля цырку было шматлюдна, у касу стаялі даўжэзныя чэргі, але ім гэта не пагражала, бацька набыў квіткі яшчэ ў сераду. Вуліца каля цырку была ўся застаўленая самымі рознымі машынамі. Зь іх, круцячы плячыма, выбіраліся іншыя хлопчыкі, увешаныя золатам, усе лакіраваныя й добра змайстраваныя. Яны пагардліва акідвалі позіркамі пралетарскіх дзяцей і накіроўваліся ў будынак, звысака ківаючы натоўпу, у той час як іх бацькі, выставіўшы ненармальна белыя зубы, як малпы крыўляліся ў слухаўкі сотавых тэлефонаў: “Ды вось малога ў цырк вяду...” Хударлявыя дзяўчынкі пацягвалі аголенымі плячыма, быццам ім было халодна, хаця на двары быў вельмі цёплы, утульны верасьнёўскі вечар. Нейкі дзіцёнак, трымаючы за руку масыўнага лысага тату, стрэліў у хлопчыка зь пісталету. Хлопчык зарубіў яго лазэрным мечам і пабег даганяць бацькоў. Фае віравала. “За лёдавам станавіцца няма сэнсу,”— сказала маці, спалохана азіраючыся па баках. Смурныя дамы аглядалі з пагардаю яе чырвоную зь зялёным сукенку й зьнікалі ў залі. “А па-мойму, яна вельмі ёй пасуе,”— падумаў хлопчык. Яны занялі свае мейсцы, і пах мокрае замшы тут жа прапітаў іх. Гэта быў прыемны і хвалюючы пах, і хлопчыку захацелася, каб ён не выветрываўся ніколі. Ён нават панюхаў рукаво свайго швэдру. Пах быў усепераможны. Нарэшце згасла сьвятло, заіржала, як конь, які узьняўся на дыбкі, музыка. Той самы чалавек, якога хлопчык бачыў па тэлевізары ў рэклямным роліку, выйшаў на арэну і абвясьціў першы нумар. Гэта былі танцуючыя сабакі. Дзеці навокал з захапленьнем лізалі лёдава, яно крапала ім на прарэхі й туфлі. Дзяўчынкі захоўвалі пыхлівы выгляд, часта-часта, быццам міргаючы падносілі да доўгіх вейкаў біноклі. “Наташы Растовы”— чамусьці падумаў хлопчык. Сабакі саступілі мейсца малпам, потым былі сумныя жанглёры, якія выклікалі ў вачох рабізну. Пасьля жанглёраў на арэну выйшаў фокусьнік, які ператварыў яйка — у курыцу, шыла — у мыла, а чорнае — у белае. лопчык зь нецярпеньнем чакаў запаветнай хвіліны. Але пасьля фокусніка выступалі акрабаты, якія, выкарыстоўваючы даўгія вяроўкі, напалі на дзяцей з супрацьлеглага сэктару. “Калі ж будуць беларусы?”— грыз пазногці хлопчык. Але й на мейсца акрабатаў прыйшлі два клоўны, якія ўсіх папросту замучылі. Спачатку яны павыторгвалі здяцей зь ніжніх радоў, паставілі ўсіх на арэне ў шарэнгу й надавалі кожнаму па попе а потым доўга й нясьмешна жартавалі, скончыўшы зусім удо непрыстойным жартам пра насосы, засосы і адсосы. Нават у цемры хлопчык заўважыў, як пачырванела мама і кінула на яго зьбянтэжаны, просячы прабачэньня позірк. Клоўны сыйшлі, у залі запалілася сьвятло. — А дзе ж беларусы?— Хлопчык ледзь не расплакаўся ад расчараваньня. — Антракт,— працадзіў праз зубы ягоны добра парублены лазэрным мечам сусед. Такім чынам, мінула ўжо гадзіна, хлопчык ужо адседзеў сабе азадак, а запаветнага відовішча ўсё не было. У антракце яны сядзелі на сваіх мейсцах, вырашыўшы, што абавязкова згубяцца, калі выйдуць у перапоўненае фае. Стракаталі тэлефоны, гучна сьмяяліся бліскучыя, быццам навагоднія елкі, жанчыны. Стагодзбдзе мінула, пакуль сьвятло згасла зноў. Усё было так, як у рэкляме, толькі ў мільён разоў больш цудоўна. Як іншаплянэтнікі, беларусы йшлі па рассыпчатай серабрыстайдарозе, якая зьнікала ў космасе. Нібы вельмі багаты дзядзька набыў Млечны шлях і выпусьціў на яго гэтых сумуючых па волі зьвяркоў. Іх грацыёзнасьць зачароўвала. Было жудаснае і невыразнае адчуваньне, што зараз увесь Сусьвет упадзе на галаву. “Гэта ж трэба так выдрэсыраваць,”— гучна сказаў нехта за сьпінай хлопчыка. У поўнай цішыні беларусы рухаліся, як міражы, у паветры, то зьнікаючы, то зьяўляючыся зноў. Нейкая дзяўчынка ўскрыкнула ад захапленьня. Сьвятло мякка ападала на сьцены цырку, расступалася перад яркай дарогай, якая вяла ў нязьведаныя касьмічныя далечы. Беларусы йшлі, павольна круцячы лапамі зьзяючыя шары, але ў гэтым не адчувалася аніякага прымусу. І на самым грэбні хвалі захапленьня, якая захінула цырк, нечакана і ў той жа час вельмі дарэчы загучала ціхая музыка. Такой хлопчык ня чуў яшчэ ніколі. Ад ні з чым не параўнальнага відовішча і плаўных, не вясёлых, не маркотных гукаў хацелася плакаць ды любіць. Маму, радзіму, бабулю, Бісэктрысу Катэтаўну, бацьку, дзяўчынку, якая сядзела ў ніжнім радзе, адкрыўшы рот і не заўважаючы лёдава, якое рапала ёй на сукенку. Як гэта было казачна! Музыка абарвалася, беларусы замерлі й вельмі лёгка, як пухіры, апусьціліся на арэну. Запалілі сьвятло, выйшаў дзядзька ў чорным і павёў беларусаў за кулісы, груба торгаючы за павадкі. Заля выбухнула аплядысментамі. Кагосьці апырсквалі джын-тонікам, вяртаючы ў прытомнасьць. Хлопчык, карыстаючыся тым, што маці й бацька ўсё яшчэ глядзелі ўніз, ціхенька споўз са свайго крэсла й пабег — паміж ног-ног-ног — туды, дзе яшчэ калыхалася заслона. Ён па-майстэрску праскочыў міма чалавека ў аранжавым гальштуку й хутка дагнаў дзядзьку ў чорным, які вёў беларусаў да клетак. Беларусы былі ўсе мокрыя й зблізку не такія прыгожыя, але нічога, такая ў іх праца. Хлопчык падыйшоў да іх. “Можна пагладзіць?”— запытаў ён, дрыжучы ад нецярпеньня. “Ты як сюды прапоўз?”— вохнуў дзядзька. Але насамрэч ён быў добрым і чулым чалавекам, які любіў ня толькі жывёлаў, але й дзяцей. Хлопчыку нават дазволілі пакарміць беларусаў праз клетку.

NIGHTCLUBBING

Аўдыё (чытае Зьміцер Бартосік): Аўдыё WAV (7.6 Мэгабайт)



Аўтобус гэтак хутка апынуўся на цэнтральнай плошчы мястэчка, што ніхто нічога як сьлед не зразумеў. Зусім нядаўна, калі бас-балалаечнік Вікторчык паднес да вуснаў прыпасеную яшчэ зь Міжрэчча бутэльку піва, а Эла Сямёнаўна ўзяла гігіенічную памаду, і гарманіст Мікола замахнуўся, крэкнуўшы, чырвовым законам, яны ехалі па занрыміраваным пад шашу засьнежаным полі, і навокал не было ані намёку на чалавечае жытло. І тут аўтобус павярнуў направа, і недзе зьверху застаўся пакаты бок дарогі, падобны на агромністага сьнегавіка, утыканага сінімі ялінкамі й трохкутнымі дарожнымі знакамі на тонкіх ножках. У вантробах аўтобуса стала нязвычна ціха, ён шпарка скаціўся ўніз і, прамінуўшы два, не, тры (а вось і чацьверты) пяціпавярховікі, спыніўся на маленькай плошчы.

— Прыехалі, ці што?— крыкнуў Вікторчык з заднягя сядзеньня й пасмактаў бутэльку, потым заткнуў яе адмысловым вечным плястмасавым коркам і схаваў у спартовую валізу, што ляжала на багажнай паліцы.— Гэта, значыцца, Шмальцэвічы?

Ад ягонага крыку неспакойна заварочаліся танцоры Жэня й Дзіна, якія спалі побач. Пухавік, што захінаў іхнія калені, падумаў ды споўз, упаўшы ў праход. Бубнач Ягор адвярнуўся да вакна. Але пухавік гэтак непрыемна нагадваў самога Ягора і ўчорашнія падзеі ў Міжрэччы, што бубнач хутка падняўся, узяў пухавік і зноў накінуў яго на танцораў.

Плошча была бязьлюднаю, толькі ля будынку адміністрацыі стаялі на варце яліны ды займаўся кітайскай гімнастыкай абавязковы бронзавы Ленін. Гадоў дзесяць таму ён быў шмат для каго, да прыкладу, для Міколы, аб’ектам праведнага абурэньня або зьедлівых кпінаў, цяпер жа ўспрымаўся хутчэй з замілаваньнем – лагодны дзівак-дзядуля, які кожную бязмоўную нядзельную раніцу выходзіць займацца у-шу на местачковую плошчу. Мікола ўсьміхнуўся й сьцебануў сваёй картаю голага караля, якім Вікторчык даўно накрыў змрочную піковую дзесятку:

— Пішыце пісьмы і прывет радзіцелям!

Першай на цнатлівы сьнег выйшла Эла Сямёнаўна, за ёй спусьціўся, віхляючы зацеклым задам, кіроўца. Саскочыў з падножкі Вікторчык, запаліў, Эла Сямёнаўна незадаволена зморшчылася.

— Дзе ж фанфары ды хлеб-соль?— ашчэрыўся Вікторчык, стрэліўшы сьлінаю ў сьнег.— Дзе правінцыялачкі? — Хлеб-соль вунь у краме набудзеш,— Мікола з перакінутым празь плячо гармонікам грузна ступіў на плошчу усьлед за Вікторчыкам.— А фанфары свае ты сёньня яшчэ чыніць будзеш, не забыў? — Ну канэшна, ты ж у нас дзед,— з робленай павагай працягнуў Вікторчык.— Табе відней, ты ж у нас еты... пахан народнай культуры! Усё ж Мікола меў рацыю – да вечару трэба было неяк заклеіць бас-балалайку, якую Вікторчык выпусьціў з вакна Дому культуры ўчора ў Міжрэччы. Здаецца, і невысока было – другі паверх, і ўпадзі адтуль сам Вікторчык, ён бы падняўся ды пайшоў далей піць, і гэтую... Сьвета яе звалі... ці ня Сьвета... угаварыў бы ўсё-ткі. А балалайка трэснула, нібы кавун, і доўга яшчэ выла бяздомным зьверам пад марозным ветрам, лежачы на зьледзянелым асфальце, пакуль Вікторчык марудна, бы з хмарачосу пехатой спускаючыся, рухаўся ёй на дапамогу. Вярнуўся, а Кацькі ўжо й няма, адно толькі сьлед яе прастылы чыхае ў шклянцы зь півам. Карацей, трэба бегчы клей шукаць у гэтых ебенях, а ніякае ахвоты... — А праўда, нешьа не сустракае нас ніхто,— сказаў паныла Ягор. — Ну, будзем чакаць,— закрыла тэму Эла Сямёнаўна падазрона добрым голасам.— І лепш за ўсё ў аўтобусе. Вярнуліся ў душны салён, сталі раскладаць на мерзнучых каленях сьняданак: захаваную яшчэ зь Міжрэчча пазелянелую каўбасу, агуркі, што пахлі цёплай гарэлкай, выціраць аб чахлы сядзеньняў мокрыя ад рассолу рукі, на якія, нібы летнія мухі, ліплі хлебныя крошкі. Прачнуліся й пацалаваліся Жэня й Дзіна, паклалі на пухавік бутэрброды з сырам. Толькі Вікторчык застаўся дапаліць і, грэючы адной рукой вуха, фальшыва ўдаваў задавальненьне ад сырой цыгарэты, якая дыміла ўсё гусьцей ды гусьцей. Сьпяшацца было няма куды, іхная мэта ўзвышалася зьлева ад будынку адміністрацыі – чырвоны цагляны дом з надпісам “Шмальцэвіцкі дом культуры”, вокны якога былі хутчэй закалочаныя, чым зачыненыя. Гэткі самы быў у Міжрэччы, і гэткі ж заўчора – у вёсцы Хмяльцы, і гэткі ж, але зь белай цэглы, – у Трунцах, і дакладна гэткі ж – у Каралёх, і падобны, толькі з піянэрам ля ўваходу, – у Каршакевічах, і паўсюдна местачкоўцы называлі гэьае збудаваньне клубам. Эла Сямёнаўна, паважна паглынаючы колца каўбасы, якое яна трымала, далёка адставіўшы мезенец, што служыў, відаць, дзеля спакушэньня гідліва назіраўшага за ёю апэтыту, глядзела ў вакенца. Кіроўца, пажаваўшы хлебу, задрамаў на пярэднім сядзеньні. Прачнулася ўрэшце вялізная й непрыгожая Марыя Пятроўна, салістка й галоўная танцорка, – калісьці ёй на галаву ўпаў скрутак дроту, ды так і застаўся ляжаць на макаўцы, зь цягам часу пачаўшы лічыцца валасамі. — У Вікторчыка гарэлка ёсьць,— сказаў Ягор вельмі ціха, каб ніхто не пачуў, але пачулі ўсе, бо даўно чакалі адзін ад аднаго гэтых запаветных словаў, і разам зірнулі ў вакно, але Вікторчыка там не было.— А ў мяне гарэлка ёсьць,— сказаў бадзёра Вікторчык, на поручнях уцягваючыся ў салён. Зь нейкаю шкадобаю і адначасова агідаю да сяде ўсе адчулі, як напружыліся падушачкі пальцаў, прадчуваючы гладкасьць плястмасавых шклянак, шэрых зьнізу й залапана-белых уверсе, зь цёмнай дрогкай палоскай пасярэдзіне. Але тут жа загудзела недзе за Домам культуры машына, і ўсе са спакойным будзённым страхам убачылі, як да аўтобусу, пакідаючы на сьнезе ўзор, пад’язджае міліцэйскі уазік. Невысокага росту пажылы лейтэнант нецярпліва замахаў рукой у ва ўсе вокны адразу, і кіроўца, мацюкнуўшыся, з рыпеньнем падняўся і адчыніў дзьверы. — Хто такія будзеце, госьці дарагія?— лейтэнант бухнузся на пярэдняе сядзеньне. Зботаў ягоных адразу ж кінулася абнюхваць куты вада. — Мы ансамбль фальклёрны, са сталіцы да вас з канцэртам,— грудным голасам прамовіла Эла Сямёнаўна, вельмі кругла крутануўшы “а” ў слове канцэрт.— Чакаем вашых, нас павінны сустрэць. — І дакумэнцікі маюцца?— хутчэй сьцьвярджальна, чым запытальна сказаў лейтэнант, азіраючыся вакол. Эла Сямёнаўна задумалася, потым дастала з валізкі пасьведчаньне, якое лейтэнант згроб вялікай мужыцкай далоняй. — Та-а-ак... Тын-ды-рын Эла Сямёнаўна... сапраўды зьяўляецца кіраўніком ансамбля народнай музыкі й танца “Яромка”...— лейтэнант захлопнуў пасьведчаньне й паглядзеў на вокладку. — Упраўленьне народнай культуры... Вы як, у клубе будзеце прадстаўленьне выступаць? — Ну, хутчэй за ўсё... Гэта нам вашы павінны паведаміць. Пра мейсца выступу. Дарэчы, прыходзьце да нас на канцэрт. — Так, прыходзьце, з жонкай там, зь дзецьмі,— падаў голас Вікторчык, падміргнуўшы Ягору. — Абавязкова,— сказаў лейтэнант, гледзячы на Вікторчыка з прафэсыйным інтарэсам.— Ну што... усяго вам, я ўжо падумаў, рокеры якія, панкі балдзець прыехалі. Шчасьліва выступаць! Ён падняўся, і ўжо выходзячы, пад міжвольны ўздых палёгкі за сьпінай, абярнуўся. — А вось ету пець будзеце... Скакаў казак чэраз даліну! — Для вас эксклюзіўна,— сказала Эла Сямёнаўна. — Дзякую,— усьміхнузся лейтэнант і хутка ягоны уазік зьнік за адміністрацыяй. І Вікторчык ужо адкаркоўваў бутэльку, і на твары кіроўцы ўжо зьявілася чорная зайздрасьць разам з салідарнасьцю, і паціраў ужо рукі П’еро-Ягор,— але ў аўтобусе раптам адчуўся дух пакорлівасьці й прыкрасьці. Першым яго крыніцу заўважыў Жэня. “Гэта за намі,”— сказаў ён і паказаў на лабавое шкло. За ім было відаць дзяўчына, якая пасьпешліва перасякала плошчу, накіроўваючыся да аўтобуса. Вікторчык уздыхнуз, закруціў памацней корак і схаваў бутэльку ў валізу. Дзяўчына доўга торгала ручку дзьвярэй, пакуль кіроўца не падняўся і не адчыніў ёй, працадзіўшы папярэдне яшчэ адно нецэнзурнае слоўца. — Здрасьці! Вы ж артысты, зь Мінска?— таропка загаварыла яна.— Вы ўжо даруйце, зусім з ранку забегалася. Давайце ў клуб, вам жа, мусіць, рэпэтыраваць трэба? — Нас бы пакарміць спачатку,— сказаў Мікола, гледзячы ёй проста ў вочы. — Без абеду граць ня будзем,— уставіў свае пяць нотаў Вікторчык. — Так, канешне,— замітусілася дзеўчына.— У дзьве гадзіны ў вас абед у нашай сталовай.(— А чаму ў дзьве?— пакрыўджана заскуголіў Вікторчык, але пад пагрозьлівым позіркам Элы Сямёнаўны схаваўся за сваёй валізай.) А зараз трэба ў клуб ісьці, там наша дырэктар вас чакае... — А вса як зваць-та?— строга спытала Эла Сямёнаўна, спускаючыся з падножкі.— Анжэла,— сказала зьдзіўлена дзеўчына. Эла Сямёнаўна зрабіла кароткі задаволены паўстон, быццам назаўсёды занесла Анжэлу ў сваю картатэку, і адразу згубіла да яе цікавасьць. Тым ня менш яны поруч пайшлі да клубу, прычым Анжэла ўсё гаварыла нешта й настойліва спрабавала зазірнуць худруку ў поўныя годнасьці вочы. За дáмамі, раз-пораз пасьлізгваючыся на затоеным пад сьнегам лёдзе, пацягнулася чарада астатніх: рэвалюцыйны матрос Мікола з гармонікам праз плячо, які вольнай рукой дапамагаў Ягору несьці ягонае складанае прыстасаваньне, Жэня з заплечнікам, захутаная ў пухавік па самыя вочы Дзіна, вельмі шмат Марыі Пятроўны. За імі ўсьлед плёўся Вікторчык са сваей вялізнай пакалечанай бас-балалайкай. Аўтобус пакуль застаўся стаяць пасярод плошчы, на ягоным рулі, быццам філёзаф, што спрабуе спасьцігнуць бясконцасьць кола, задрамаў кіроўца. Чамусьці ўсе залі ўсіх местачковых дамоў культуры пахнуць семачкамі. Гэтая не была выключэньнем. Вялікая лямпа на столі асьвяціла бязладна раскіданыя абоймы крэслаў, нечакана высокую сцэну, на якойшыбеніцай тырчэла мікрафонная стойка. Сцэна сканчалася сьцянрй з фоташпалерамі: зь вялікай вышыні, быццам са шпіёна-спадарожніка, надзвычай цьмяна быў зьняты цудоўны куточак сінявокай Беларусі, зь нязьменнай супрацьтанкавай рэчкай і разбаўленым лесам полем (ці наадварот). Уверсе сьцяны, проста на шпалерах, нечай рукой па-майстэрску быў намаляваны агромністы бусел, які драпежна распасьцёр белыя крылы. Пачалі ладкавацца: Мікола, не знайшоўшы зьніклага выключна згодна з традыцыяй мясцовага гукарэжысэра, пайшоў шукаць дрот, Марыя Пятроўна села на крэслы і ці то малілася, ці то рэпэтавала, Вікторчык адправіўся здабываць сылікатны клей (насамрэч ён ужо даўно дамовіўся з Анжэлай, каб тая прынесла яго пасьля абеду ў клуб), Жэня й Дзіна правяралі сцэну на трываласьць, Ягор даядаў каўбасу. Эла Сямёнаўна й дырэктар клубу Ніна Саламонаўна стаялі й глядзелі на ўсё гэта, а насамрэч адна на адну. “Кароваў падаіла, калхозьніца?”— думала Эла Сямёнаўна.—“Фарбавацца навучыся спачатку, памада – не каляровая крэйда. І гэта – жанчына. Сьвіньня на ўбой! Зубы залатыя, вочы тупыя. Што ты ў жыцьці бачыла, апрача гною?” “Чаго вылупілася?”— адказвала ёй у думках, схаваных пад сівым парыком, Ніна Саламонаўна.—“Гарадзкая! Я ж сама ў горадзе нарадзілася. Там я бы чаго лепшага знайшла, чым алкашоў вучыць на гармоніку пілікаць. Хто ж вінаваты, што па разьмеркаваньні мяне сюды, а тут Барыс еты... каб ён здох, кабелюга. Каб яму яйкі прышчаміла! А гэтая зерыцца ўсё... кашчавая якая... ні грудзей, ні жопы. Калхозьніца”. На абед усе яромкаўцы сабраліся ў шмальцэвіцкай сталовай, якая мела гучную назву “Ресторан “Колосок”. Стравы “Колосок” прапанаваў цалкам традыцыйныя: грэчку, сасіскі, кампот. Але ўсё было гарачае й сьвежае, і грэх было не ашчасьлівіцца гарэлкаю. Праблемы ўзьніклі з посудам – шклянак Вікторчыку не далі, і пачаць давялося з кампоту, давячыся і апякаючы нёбы. Са сталовай усе выйшлі, значна павесялеўшы. Марыя Пятроўна нават паспрабавала прасьпяваць нейкі раманс, ззаду яе йшлі Вікторчык ды Жэня, дэманструючы нешта сярэдняе паміж фашысцкімі карнікамі й брэмэнскімі музыкантамі – міма рыпелі драбіны, і Вікторчык вельмі пераканаўча крычаў мужыкам:”Тафай-тафай-рапотай!”, а Жэня гартанна сьмяяўся; праносіліся машыны мясцовых бізнэсмэнаў, а потым павольна праехаў уазік ужо знаёмага ўсім лейтэнанта. Яны прайшлі пехатой амаль усё мястэчка – царква, касьцёл, драўляны мост праз непрыкметную рачулку, гароды, Дом быту, унівэрсам №1, школу, кучу забарыкдаваных “Запарожцамі” хатаў, мэдпункт, унівэрсам №2, некалькі пяціпавярховікаў, павярнулі на вуліцу нгельса. Тут, ля Дошкі гонару й tabula rasa аб’яваў, яны ўбачылі ўкрыдаваны наплоце дзіцячяга садку кавалак паперы, на якім флямастэрам было выведзена: Сегодня у 17,30 у клубе состоиться выступление ансамбля “Яромка”. Вход свободный. Натуральна, у слове “ансамбля” усе літары, апрача апошніх трох, былі замазаныя. — Ляканічна,— сказаў Ягор.— Вельмі ёміста,— заўважыў Мікола.— Я бы сказаў, непераборліва,— дадаў Вікторчык.— Опа! Ля брамкі аднаго з дамоў стаяла дзяўчына прызыўнога ўзросту ў паліто й бяздумна глядзела на артыстаў. Вікторчык моўчкі паёшоў на яе. — Зараз зноў завядзе,— сказаў Жэня й зарагатаў. Ён абняў Дзіну за талію ё працягнуў голасам Вікторчыка:”Нездарма мяне завуць Андрэйка-целагрэйка!” Пры набліжэньні Вікторчыка дзяўчына схавалася за брамкай. Вікторчык нешта сказаў ёй, стоячы, як паштальён, ля плоту. Нечакана брамка расчынілася, і на вуліцу выскачыў голы да поясу хлопец зь сякераю ў руках. Не сякераю, вядома, але... Вікторчык упаў у сумёт (ад сьнегу, відаць, толькі нядаўна ачысьцілі праход да дому), потым падняўся, размазваючы па твары кроў. — Пойдзем, ён нас дагоніць,— сказала Эла Сямёнаўна, і за ёй, быццам за гусьсю, пацягнуліся астатнія, імкнучыся не азірацца. Хутка міма іх прабег Вікторчык, глытаючы соплі й кроў, у канцы вуліцы спыніўся, павярнуўся, але ўбачыў адно сваіх пазмрачнелых калегаў. Урэшце дайшлі да плошчы. Вырашылі паспаць гадзінку ў аўтобусе ды йсьці рыхтавацца. Вікторчык, забыўшы, якая далікатная, сылікатная апэрацыя яго чакае, захрапеў, паклаўшы галаву на пухнатыя калені Марыі Пятроўны. Палеглі й іншыя. Уключыўшы радыё, спаў на рулі кіроўца. Ня спала толькі Эла Сямёнаўна. Неўзабаве перад ад’ездам са сталіцы яна хадзіла за касьцюмамі да свайго былога мужа, зама дырэктара Дому культуры БЗІр. Той быў яшчэ і экс-танцорам “Яромкі” – лядашчы, з лысінай між кучаравых вушэй мужчына па прозьвішчы Багатыроў. — Ну калі ж ты ўцяміш,— казаў ёй Багатыроў, усё адчыняючы ды адчыняючы бясконцыя шафы, у якіх стаяў пыл і днішчы якіх былі застаўленыя пустымі павуціністымі бутэлькамі і стосамі ніяк не жадаючых жаўцець брашураў кшталту “Унівэрсальны сцэнарый камсавольскага свята на 1981-1999 год”.— Калі ж ты ўцяміш, што сама абрала гэты шлях. Лёшка – наш сын, але калі ўжо ты забрала яго сабе – зрабі ласку, выхоўвай яго сама. Нахабства якое, сына забраць, а цяпер садзіць мне на шыю! Адначасова Багатыроў кідаў перад ёй на доўгі стол сукенкі ды кашулі, як нейкія доказы таго, што ён мае рацыю. Некаторыя строі ён, агледзеўшы, вешаў назад у шафу. — Я ня маю такой магчымасьці (сукенка), у мяне асабістае (кашуля) жыцьцё зьявілася – дарэчы!— амаль крычаў Багатыроў, утапаючы ў хэбэ.— Раней (боты) трэба было думаць (сукенка), Эла! — Толькі на тыдзень,— казала, перабіваючы яго, Эла Сямёнаўна, якой у гэты момант больш за ўсё хацелася чаго-небудзь выпіць або плюнуць Багатырову проста на лысіну.— Багатыроў, ты ж ягоны бацька! Ты ж разумееш... Яна зрабіла паўзу і без аніякае веры ў посьпех выдыхнула: —...што такое гастролі. — Але гэта твой клопат,— аднастайна, быццам на грузчыкаў, пакрыкваў Багатыроў.— У нас няма – няма (Багатыроў прымерыў на сябе кашулю з арнамэнтам у каўнера і барвовай плямаю ўнізе) агульных праблемаў. Ёсьць твае і мае, Эла. Адвязі яго да мамы... да Ганны Іванаўны. — Яна хворая!— закрычала Эля Сямёнаўна,— Яна, можа, да Новага году не дажыве! І што ты мне суеш – тут жа на бірцы “Рускі народны касьцюм” напісана. Чытаць ня ўмееш? — Хворая!— усклікнуў Багатыроў, паказаўшы вострыя пацучыныя зубы.— Яна ўсё жыцьцё хворая – на сквапнасьць ды тупасьць! Рускія, беларускія, гаўнарускія, хахляцкія – каму якая справа! Хто разьбярэ? Хоць у паранджы лявоніху танчы – ніхто слова ня скажа! — Ды мне пофіг,— сказала Эла Сямёнаўна.— Толькі нас перад ад’ездам бэтэ здымаць будзе для нейкай підарачы. Трапімся на вочы якому-небудзь прафэсару... ...А чацьвертай Эла Сямёнаўна пабудзіла сваіх падначаленых, і “Яромка” рушыў у клуб. Усе пераапрануліся ў народныя строі, і Вікторчык, смокчучы абломак зуба, сеў заклейваць бас-балалайку. А пятай пачаў зьбірацца народ. Прыйшлі дырэктар, Анжэла, пэнсыянэр з фотаапаратам й трое маладых людзей дэгенэратыўнага выгляду. Ансамбль схаваўся ў пакойчыку за сцэнай. Празь некалькі хвілінаў туды завітаў пэнсыянэр. Высьветлілася, што ён карэспандэнт раённай газэты й жадае ўзяць інтэрвію ў худрука. — У народных традыцыях – мудрасьць пакаленьняў. Таленты нашых дзедаў й прадзедаў сканцэнтраваныя ў гэтых песьнях і танцах,— мармытала машынальна Эла Сямёнаўна, думаючы пра Лёшку – як ён там?— Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына. В условиях бездуховности и девальвации искусства она нам лаской матчынай. Аб ёй у СМІ нам баюць казкі-сны, а таксама вясеннія праталіны, якія, на жаль, предпочитают массовый ширпотреб таму, што прынята называць багацьцем народа, сьвятыняй яго. Говорят, что народная культура исчезает, ёй зьнікнуць пара. Для ансамбля “Яромка” яна ж – вечна жывая. Як вада, як зямля, як зара. Пэнсыянэр згодна хітаў галавою ды запісваў. У залі засьвісьцелі. — Усё-ткі йдзе народ,— сказаў Мікола.— паслухайце, што ў залі крычаць. Але ў залі клікалі нейкага Ромку. Урэшце ўсталявалася бурлівая цішыня, і са сцэны, быццам рапартуючы, загучаў узрушаны голас Анжэлы: — Добры вечар, дарагія сябры! Сёньня ў нас у гасьцях – фальклёрны ансамбль “Яромка”, які прыехаў да нас са сталіцы нашай Радзімы. Сёлета “Яромку” спаўняецца 40 гадоў. За гэты час калектыў шматразова станавіўся лаурэатам разнастайных конкурсаў, выязджаў на гастролі па рэспубліцы, а таксама за мяжой. “Яромка” унесла... унес... “Яромку” належыць неацэнны ўклад у захаваньне й разьвіцьцё наўай народнай культуры, у выхаваньне пакаленьняў людзей на вечных, спрадвечных узорах нашага фальклору, які заўжды ўяўляў сабой скарбніцу мудрасьці, здаровага гумару й служыў... Голас Анжэлы раптам згубіўся ў аглушальным пульсуючым грукатаньні. Мікола вызірнуў у залю. У вакна пяцёра або шасьцёра падлеткаў хавалі магнітафон. На фоне вухаючага умца-умца пацёк, як расплаўлены чупа-чупс, салодкі вакал:”Дзевачька... Слаткаайя... Пацэллуй... Пацэллуй...” У залі ўхвальна заржалі. Там сядзела з паўсотні школьнікаў, цінэйджары разваліліся на крэслах, некаторыя старанна пісалі нешта на драўляных сьпінах тых, хто сядзеў наперадзе, іншыя імкнуліся наступіць на ногі суседзяў, правальваючыся пад сядзеньні. Заднія рады, не баючыся быць атакаванымі са сьпіны, спрабавалі даплюнуць да пярэдніх радоў. Тыя ўставалі і ў сваю чаргу імкнуліся дамацюгацца да галёркі. Ля правай сьцяны, саставіўшы колам крэслы, сядзелі няпэўнагя веку мужыкі й рэзаліся ў дурня. Ніна Саламонаўна віскнула на ўладальнікаў магнітафону, і тыя неахвотна прыглушылі гук. —...а таксама прадэманструюць свае таленты самыя ўмелыя выхаванцы Шмальцэвіцкага Дому культуры... Адзін з гледачоў падняўся на сцэну, абыйшоў Анжэлу ды ўладкаваўся ззаду, любастрасна рухаючы тазам. Заля выбухнула воплескамі. Анжэла, нічога не заўважаючы, раздражнёна скончыла: — А цяпер мы запрашаем на сцэну ансамбль “Яромка”! Заля ўзвыла, у паветра ўзьняўся воблак з насьліненых папяровых снарадаў. Павярнулі да сцэны цёмныя твары карцёжнікі, крыважэрна павяла ноздрамі дарослая публіка. Выйшлі Ягор і Вікторчык, сеў на падрыхтаванае крэсла Мікола. Каля Ягора стала Дзіна, поруч зь Вікторчыкам – Жэня. Марыя Пятроўна з заплюшчанымі вачыма выйшла апошняй. Заля прыціхла. Прыціхла. Прыціхла. — Ну пачынайце ж,— гучна, на ўсю залю шапнула Эла Сямёнаўна. — Балалайка, скажы зсім, хто табе сёньня зуб выбіў?— крыкнуў са свайго мейсца адзін з гледачоў. Вікторчык з жахам пазнаў у ім хлопца зь сякераю.— Ладна, лабай давай! Марыя Пятроўна адкашлялася й заравела, нібы мула зь мінарэту: — Хто песьню бае – той розум мае, Хто лён кідае – той аддыхае, Хто любіць чарку – любіць і скварку, Хто любіць катацца – любіць і... — Ябацца,— крыкнуў нехта з гледачоў радасна. — Хто хлеб пасее – той і пажне,— не зьвярнула на яго ўвагі Марыя Пятроўна.— А хто нас слухае – той... Тут па задуме патрэбны быў хор астатніх удзельнікаў “Яромкі”, але кожны змрочна думаў пра нешта сваё, і толькі Ягор віскнуў, зь цяжкасьцю ўтрымліваючы ў руках сваю бочку:”...той з намі сьпяе!” Эла Сямёнаўна, якая ўласнаручна склала ў Менску вышэйпамянёны тэкст, са звычнай прыкрасьцю апусьцілася на крэсла. Пачалі граць, але, трэба адзначыць, музыка даўно ўжо не прыносіла яромкаўцам аніякага задавальненьня. Яны грукалі, шчыпалі струны й расьцягвалі мяхі гармоніку з гэткімі мэдытатыўнымі выразамі на тварах, што здавалася, народная музыка йдзе аднекуль з-пад сцэны, а музыкі граюць нешта ціхае й маркотнае. Скрывіўшы вусны, пачалі хадзіць адно супраць аднаго Жэня й Дзіна, а потым у справу ўступіла Марыя Пятроўна. Як вопытны баец, яна захоўвала натужную ўсьмешку героя працы, які выканаў пяціггадовы плян у вадзін дзень і не атрымаў за гэта анічога, апрача граматы й вазы. Песьня значылася ў рэпэртуары як гульлівая й вясёлая, але заля, быццам рухавік сьпісанага трактара, заводзіцца не зьбіралася й змрочна маўчала. Другая кампазыцыя была пра каханьне. Тут на авансцэну выйшлі Жэня й Дзіна, якія дэманстравалі голуба й галубку. Зь нецярпеньнем чакаючы канца гэтага катаваньня, яны паказалі нейкае кароткае порна й пасьпяшаліся схавацца за бубнам Ягора. У фінале галоўнай дзейнай асобаю мусіла стаць Марыя Пятроўна, якая сымбалізавала любоў ды дзетанараджэньне. Трасучы неабдымнымі грудзьмі, яна рабіла па сцэне дзікія скачкі. Валасы трапілі ёй у рот, і яна, закусіўшы іх, нібы цуглі, скончыла свой страсны танец, упаўшы на калені. Школьнікі глядзелі на яе з пагардлівым шкадаваньнем, адзін з карцёжнікаў крыкнуў: — Гэтая з цыцкамі начуе ў мяне, жонка якраз у трэцюю зьмену! — Ну карова,— сказаў адзін з падлеткаў, што сядзелі ў першым радзе, і павярнуўся да суседа: — Ты жопу ейную бачыў? Ягоны сусед, падобны на п’янага чорціка, падавіўся шчарбатай усьмешкай і закрычаў: — Яйкі мне пачашы, карова! Яромкаўцы сыйшлі адпачыць у пакойчык за сцэнай. “Балалайка ня ладзіць,”— сказаў Вікторчык.—“А я тут сала раздабыў і самагону.” “Вось у Хмельніках самагон быў – сьляза,”— прамовіў летуценна Ягор. “Дзіна, Жэня, вы чаго сабатажам займаецеся?”— спытала Эла Пятроўна. “Паняў,”— сказаў бадзёра Жэня.—“Выправім.” “А ты, Ягор, граеш, як дыван выбіваеш,”— накінулася худрук на бубнача. “Яшчэ тры граем,”— пазяхнуў Мікола. “Чатыры,”— удакладніла Эла Сямёнаўна. — А цяпер вершы нашага паэта-земляка прачытает выхаванец літаратурнага гуртка Кірыл Добрык,— звонка сказала за дзьвярыма Анжэла. На сцэну выйшаў хударлявы юнак у чорным. Заля сьціхла. Кірыл Добрык зрабіў вельмі злыя вочы, падняў правую руку і, выразна выдзяляючы паузы, прадэклямаваў: На бэтоннай шашы дождж балтыйскі напяўся І ўрэшце закрапаў Падарожнік у кнізе закладку зрабіў Узіраецца ў мапу І нібы кінакадры, на шкле лабавым Гэтак хутка зьмяняецца ўзор У кабіне няроўны хістаецца дым І аўтобус адольвае ўзгор Раздваілася мокрай шашы бескарыснае джала На палеткі, як бомба, падарожнае сонца ўпала Хмара з назвай вясковай – “Дражэ” – Навакольле рассыпала дробам Град на гразкіх гародах ўпалову з каменьнем і бобам Добрык павярнуўся да паўадчыненых дзьвярэй у бакавы пакойчык, дзе адпачывала “Яромка”, і чатырма кантрольнымі стрэламі прагрымеў: Нібы рот, учарнелы ад кіслых парэчак Зь цемнаты праступае чарговае з тысяч мястэчак Паспрабуйце, бадзягі, такое скарыце! Хіба толькі зваліцца на мэтэрыце На гарматным ядры, як Мюнгхаузэн, вярхом На плякат не зважаючы: “Госьці, гоў хом!”

Вельмі сур’ёзна заля запляскала ў потныя далоні. Выхад “Яромкі” быў сустрэты сьвістам. Пад градам папяровых шарыкаў было адграна яшчэ дзьве кампазыцыі – “Вясна” і “Камар”. Цяжка дыхаючы, Марыя Пятроўна арала носам сцэну. Зноў надыйшоў перапынак, падчас якога дзяўчынка гадоў дзесяці, пастаянна зьбіваючыся, выканала на цымбалах дзяржаўны гімн. Выйшла Эла Сямёнаўна, зь недаўменьнем, як муха ў баршчы, успрынятая гледачамі (яны й не падазравалі, што ў бакавым пакойчыку ёсьць нехта яшчэ), уручыла дзяўчынцы плякат, на якім “Яромка” пры поўным парадзе шыхтаваўся на фоне камышовых зарасьнікаў.

“Яромка” адграў палову наступнай песьні, калі ў залю, грукаючы ботамі, увайшоў нізкалобы мужычок перадпэнсыйнага веку. Разьмераным крокам ён наблізіўся да сцэны і ўважліва паглядзеў на экзэрсысы Марыі Пятроўны. Тая пачала скакаць з падвоенай энэргіяй. “Здарова, Грысь,”— крыкнулі мужыку карцёжнікі. Грысь рушыў да іх, парукаўся з кожным, пагладзіў па макаўцы, потым падняўся на сцэну і ўзмахам далоні спыніў Вікторчыка. Музыка абарвалася, абярнулася Марыя Пятроўна, зь незразумелым захапленьнем гледзячы на Грыся. Той узяўся за грыф бас-балалайкі, сьціснуў яго, быццам руку суперніка па армрэстлінгу, цяжка паглядзеў на музыкаў, потым на ўзьніклую ў дзьвярох Элу Сямёнаўну. Усе маўчалі як загіпнатызаваныя. Нечакана Грысь усьміхнуўся, і яромкаўцам стала неяк адразу цяплей, нібы зьяўленьне гэтага мужыка вырашыла ўсе праблемы, надала сэнс гэтай усеагульнай лухце.

— А давай Таганку,— душэўна прамовіў Грысь і нават павярнуўся да залі, шукаючы падтрымкі.— Ты ж Таганку магёш? Вікторчык ацепаўся. — Я кажу, ты Таганку магёш?— павысіў Грысь голас, але вочы ягоныя працягвалі глядзець пяшчотна й лагодна. — Гэта бас-балалайка,— сьцяўся Вікторчык.— Басовы інструмэнт... Рытмічны малюнак... — Я не маляваць цябе прашу,— раздражнёна сказаў Грысь.— Я Таганку прашу злабаць. Вікторчык стаяў у здранцьвеньні, вочы ягоныя прасілі літасьці, але пальцы ўжо запрацавалі: цы-ган-ка з кар-тамі-і-і... — А казаў не магёш,— працягнуў Грысь.— Гаварыў інструмэнт... Дарога дальняя... Ну давай, давай... Грысь вельмі спрытна разьмінуўся з Марыяй Пятроўнай, заграбаючай паветра лапатападобнымі далонямі, падыйшоў да мікрафону й захрыпеў: — Казённы дом... Да Вікторчыка далучыўся, адбіваючы просты – прасьцей няма куды – рытм, Ягор. Ня гледзячы на бубнача, Грысь падняў вялікі палец, і раптам засьпяваў прыгожа й глыбока, нагнятаючы тугу, якая чакала за сьценамі клюбу й цяпер уварвалася ў залю, несучы прыемнае ачмурэньне. Захацелася быць шырокім, як кашуля, разарваная на грудзёх. Пілікнуў, падладжваючыся, гармонік, і затым разыйшоўся – надрыўна, прасторна. Марыя Пятроўна загрукала нагой, Жэня й Дзіна сьпявалі, як перад расстрэлам. “Па новай ждёт,”— вымавілі вусны Элы Сямёнаўны, і ёй закарцела дакрануцца да чорных вусоў Грыся – зараз жа, грудзьмі, шыяй, жыватом, шчакамі. Мікола спачатку граў неахвотна, але цяпер ягоны гармонік выдаваў пад падаючую ў залю песьню гэткія мудрагелістыя варыяцыі, што аж задыміўся... не, гэта запаліла першую ў жыцьці цыгарэту дзяўчынка, якая выконвала на цымбалах дзяржаўны гімн, і прысланілася да пляча падобнага на чорціка хлопчыка. Засьпявалі карцёжнікі, зьмяшаліся з грашыма законы й шасьцёркі. Кірыла Добрык падыйшоў да Ніны Саламонаўны й лёгка ўсадзіў ёй у жывот нож. Тая з удзячнай усьмешкай села ў другім радзе, восьмае мейсца зьлева. Школьнікі пацягнуліся да дзьвярэй. Над заляй, выглядаючы здабычу, лунаў бусел.

лістапад 2001

ПАЗБАВІЦЦА АД КАРАЛІНЫ



Цяпер мне ўжо цяжка ўзгадаць, калі ж я ўпершыню намаляваў Караліну. Навек прымерзлая да вобаду сьняжынка, аксамітная пупышка, кветачная экспэдыцыя сонечнага матылька, заштрыхаваны дажджом палы ліст, сьняжынка, пупышка, матылёк – гэтае кола з каляровымі карцінкамі даўно круціцца побач са мной з такой хуткасьцю, што мне застаецца хіба мружыць вочы й прыгладжваць валасы. Калісьці яно рухалася марудна, з музыкай, бы катрынка... Ветрык часу не нясе ні прахалоды, ні цеплыні; шчыра кажучы, я навучыўся не заўважаць ягоных раўнадушных дотыкаў да майго ўспацелага лба.

Затое я памятаю, пры якіх абставінах адбылося яе стварэньне. Незадоўга да гэтага дзядзька знайшоў у мяне фатаграфіі. Некалькі хвілінаў ён моўчкі глядзеў на мяне – дзіўны ягоны позірк, нібы дзядзька падпісаў з кімсьці кантракт, не прачытаўшы да канца дагавору, прымусіў мяне выбегчы з пакою. Увечары за сталом я не падымаў галавы: на талерцы ляжаў парэзаны на кавалкі язык, і ад выгляду сасочкаў на ім мне стала блага. “Я думала, ты любіш...” – расчаравана сказала дзядзькава каханка, узяла самы тоўсты марынаваны памідор, сакавіты й бессаромны, ды шумна ўцягнула ў сябе мякаць. “Эй, ты чаго, плачаш? Не, ты праўда?” Фатаграфій, набытых на вакзале за такія грошы, што жыві я на стыпэндыю, гэтая пакупка выракла б мяне на галодную сьмерць, я болей ня бачыў, ды й дзядзька пра іх ніколі не ўспамінаў. Маіх маленькіх чорна-белых суцяшальніц мне было зусім не шкада, а дзядзьку я быў удзячны – ён паводзіў сябе, быццам нічога не адбылося, так, што неўзабаве я зноў пакепліваў зь ягонай непісьменнасьці, а ён лупіў мяне па галаве крыжаванкай.

Такім чынам, фатаграфіі сталі толькі прыкрым непаразуменьнем, якое засталося без наступстваў, а значыць, яго й не было ўвогуле. Кола яшчэ раз зрабіла поўны абарот, я пасьпяхова перавёўся на другі курс, і ўпэўніўся, што падступны загадкавы ступар, які чамусьці апаноўвае на іспытах-допытах менавіта тых, хто дасканала валодае матэрыялам, болей мне не пагражае. Павага да мяне з боку дзядзькі ўзрасла, здавалася, ужо да неімаверных памераў – мне нават было дазволена не прыбірацца ў сваім пакоі, ягоная каханка рабіла гэта кожны дзень, пакуль я быў ва унівэрсытэце. Рэч у тым, што яны лічылі мяне надзвычай правільным маладым чалавекам, чалавекам, які абраў сабе жыцьцёвы шлях і йдзе па ім цьвёрдым крокам. Небаракі, яны лічылі, што калі я не ўжываю алькаголю й не палю цыгарэтаў, калі я начую дома й засынаю з кніжкай, то арганізую ім калі-небудзь адпушчэньне грахоў. Вядома ж, адкуль ім было ведаць, што ў ва мне ўжо расла Караліна, хапалася пялёсткамі за стромы край абранага ёй берагу, ведаючы, што ніхто не наступіць на іх разважлівай і абачлівай нагой.

Летам я паехаў да бацькоў, тысячы вольных гадзінаў, якія чакалі юнака ў нашым правінцыйным гарадку, весела зьвінелі ў ва мне, і я марыў пра тое, што патрачу іх з шыкам. Мяне чакаў поўны правал: лета я праспаў ды праеў, і нават загарэць як сьлед ня здолеў. У верасьні я вярнуўся ў свой Бабілён. Дзядзька з каханкаю кожныя выходныя прападалі на лецішчы, а прыязджалі такія стомленыя, што некалькі начэй нават не займаліся каханьнем. Так прайшоў месяц. Неяк яны зноў выправіліся за горад, і ў мяне было амаль два дні, каб падрыхтавацца да першага сэмінару па мангольскім праве. З раніцы я выправіўся ў бібліятэку, схадзіў у кіно, а вяртаючыся ўвечары дахаты трапіў раптам пад несанкцыянаваны дождж, такі злы, нібы ён і праўда быў формай нечага пратэсту. На двары пасьпела сьцямнець, кватэра ўсё яшчэ пахла валяр’янкай, якую выпадкова разьліла раніцай перад парогам дзядзькава каханка. Я з агідай адляпіў ад сябе мокрае адзеньне й хутчэй пачуў, чым пабачыў, як праз адчыненае вакно вада залівае мой пісьмовы стол. Не ўключыўшы сьвятла, я падыйшоў да вакна і ўзяўся за халодную вільготную ручку. Зімны вецер абдаў маё аголенае цела, і так пакрытае гусінай скурай, я кашлянуў, але працягваў стаяць тут. Людзям на вуліцы або ў доме насупраць мяне магло быць відно хіба па пояс, аднак мне было прыемна, што я стаю вось так, адкрыты ўсяму сьвету, п’яны Адам, паміж зубоў якога застрала корка забароненага плоду. Я сеў на падваконьне, зьвесіў ногі ўніз. Па вуліцы сноўдалі парасоны. Я зірнуў на сябе і ўзбудзіўся. Нібы мэдузы на паверхні каламутнай вады, пада мной пагойдвалася чужое жыцьцё. Раптам я ўзгадаў пра фатаграфіі, тыя, якія забраў дзядзька, і мне закарцела іх вярнуць. Я залез назад у пакой, зачыніў вакно й пайшоў у спачывальню гаспадароў. Выграб з шафы бялізну дзядзькавай каханкі, лянотна расправіў усе гэтыя майткі й станікі. Мне ніколі не падабалася яе парфума. Уключыў тэлевізар – як на злосьць, на другім канцы зямлі нешта выбухнула, і на ўсіх тэлеканалах толькі пра гэта й балбаталі. І тады я сеў за свой стол і намаляваў Караліну.

Я намаляваў яе ў поўны рост, простым алоўкам. Яна была тоўстай – кіляграмаў сто белае жывое плоці, яна сядзела на плеценым крэсьле анфас, шырока расставіўшы ногі. Юны вычварэнец, я не асабліва клапаціўся пра яе твар, ён атрымаўся зусім схематычным, чатыры грубых рыскі, як расшчэпленыя трэскі. Затое запаветную сэрцавіну я пастараўся зрабіць жывой. Тады я зусім не любіў маляваць, і Караліна была самай непрыгожай з жанчын, якіх я ведаў – аднак мы пражылі зь ёй амаль двое сутак, якія я назваў бы шчасьлівымі, калі б не пачуцьцё няяснай трывогі, якое не пакідала мяне ажно да вяртаньня дзядзькі. Я ледзь пасьпеў зьнішчыць яе: як толькі Караліна была скручаная ў мікраскапічны шарык і адпраўленая ў нетры вадаправоду, у перадпакоі пачуўся званок.

Чаму я назваў яе менавіта гэтак, чаму замест цёплых сьветаў і жанаў мяне напаткала ў гэтай халоднай кватэры, дзе раз на два дні абавязкова гасла сьвятло, Караліна на таннай паперы? Мяркую, справа тут у нізкапробных замежных фільмах, якімі тады была інфікаваная душа ледзь ня кожнага майго суайчыньніка. Мы ўсе мелі тады комплекс уласнае непаўнавартасьці, і марылі ўпотай пра свае будучыя рэінкарнацыі ў джэкаў і джымаў. Нашыя імёны падаваліся нам вартымі хіба шкадобы. Караліна страціла б палову сваёй прыцягальнасьці, набудзь яна славянскае мяно. Што казаць – ды яна б, напэўна, не існавала ўвогуле.

Празь некалькі дзён паружавелыя дзядзька і ягоная пасія абвясьцілі мне, што сабраліся законна аформіць свае даўнія адносіны. Занятыя мітусьлівымі вясельнымі турботамі, яны перасталі езьдзіць на лецішча, дома цяпер заўжды нехта быў. За ўсю зіму я змог намаляваць Караліну толькі аднойчы. Гэта адбылося ў чытальнай залі бібліятэкі: перада мной сядзела дзяўчына, якую я ведаў толькі ў твар, здаецца, яна вучылася на першым курсе, ды і на іншым факультэце. Відаць, яна была блізарукай, бо сядзела, нахіліўшыся да нейкага тому, які ляжаў на яе стале, амаль ушчыльную. Адну нагу яна падагнула пад сябе, джынсы спаўзьлі, адкрыўшы майму погляду салодкую частку яе вабнотаў, спакушальна падзеленую амаль нябачнай палоскай тканіны (тады якраз увайшла ў моду такая бялізна). Прыкрыўшыся вялізнай кнігай, ад якой балелі запясьці, я асадкай пасьпешліва стварыў сваю Караліну. Яна пагардліва глядзела на мяне, мышцы на яе лытках напружваліся, але ссунуць ногі яна была няздольная. Караліна. Я зайшоў за стэляж. “Мы сканчаем працу празь пятнаццаць хвілінаў”, -- гучна прамовіла бібліятэкарка.

Дзядзька перавез у кватэру сваю маці, яна стала жыць у прахадным пакоі, кожную ноч мяне будзілі яе стогны. Ад Караліны давялося на нейкі час адмовіцца. Адурэлы ад колькасьці вызубранага, я часта клаўся на свой ложак і ўглядаўся ва ўзор на шпалерах: неўзабаве там зьяўлялася Караліна ў загаданай мной позе, хворы яе твар скажала нянавісьць. Так, гэтую, шпалерную Караліну я мог разглядваць да ачмурэньня – але яна прыходзіла не заўсёды. І як бы я ні хацеў, убачыць пад ёй плеценага крэсла я ня мог. А гэта было вельмі істотна, паверце.

Аднойчы дзядзька з маёй цёткай павезьлі старую ў лякарню. Як толькі яны пачалі спускацца па лесьвіцы, я адразу ж выклікаў Караліну. Мы правялі зь ёй пару маўклівых гадзінаў, пакуль я, дашчэнту аглухлы й зьнясілены, не пачуў крокі дзядзькі на кухні. Намацваючы сваю вісячую недзе ў навакольнай пустэчы прытомнасьць, я дрыжачымі рукамі адчыніў вакно й выкінуў Караліну вонкі. Зайшоў дзядзька. “Ты што, курыш?” – запытаўся ён падазрона. “Ты, канешне, як хочаш, але вось я, напрыклад...”. Ён яшчэ доўга размаўляў са мной, а я краем зьніякавелага вока назіраў, як вецер прыклеіў маю Караліну з таго боку вакна да шкла, і яна халодна сочыць сваім адверзлым вокам за тым, што адбываецца ў пакоі. Урэшце дзядзька выйшаў. Вецер хутка зьмяніўся, і Караліну панесла ў стратасфэру.

Музыка грала. Я скончыў унівэрсытэт, паехаў да бацькоў, якія ўставілі мой дыплём у рамку ды павесілі над тэлевізарам. Дома я маляваў Караліну, аднак ці то я зусім згубіў мастацкія здольнасьці, ці то мне ня вельмі хацелася, каб яна пасялілася ў доме, дзе я нарадзіўся – тая Караліна, якую я жадаў, не атрымлівалася. Толькі ўвосень, засохшы ад вымушанага лайдацтва, я змог выклікаць яе: Караліна стала ладнай, нібы прайшла курс пахудзеньня. А яшчэ падчас аднаго з нашых сэансаў у яе зьявіўся сад – гэта быў сад пры загарадным доме, за высокай агароджаю, каб ніхто не пабачыў оргіяў, якія яна тут арганізоўвала. Потым у садзе загучалі галасы гасьцей – яны таксама сядзелі ў плеценых крэслах, рознага полу, паўтараючы яе позу... Ці любіў я яе? Ці быў закаханы, стаўшы ў адну чаргу зь некаторымі пэрсанажамі жахлівых літаратурных пэрвэрсіяў? Не, адкажу я, не, усё наадварот – я ненавідзеў Караліну, як толькі ўмее ненавідзець чалавек тых, без каго ён ня можа абысьціся.

Я вярнуўся ў горад, дзе жыў дзядзька, зьняў там пакой у адной сям’і. Прыходзячы пасьля працы, я зачыняўся й займаўся чым хацеў: цяпер я ўжо не зьнішчаў Караліны і яе гасьцей, я набыў вялікі ліст паперы й намаляваў там свой навязьлівы й прымітыўны сюжэт у фарбах. Захоўвалася Караліна сярод маіх асабістых рэчаў, і ўсё йшло нібыта цудоўна, пакуль не здарылася катастрофа. Я піў з гаспадарамі гарбату, мы мірна глядзелі тэлевізар. Іх дачка гадоў дзесяці сядзела за сталом у белым сачку лямпы й мазюкала нешта ў вучнёўскім сшытку. Гаспадыня зморана паднялася й пашыбавала на кухню. Мімаходзь яна зазірнула праз плячо дзяўчынкі й вохнула. Гаспадар паволі падняўся й пайшоў паглядзець. Ён вылаяўся, выхапіў сшытак з рук дзіцяці й пачаў біць яе па шчаках. Я пабляднеў. “Хто цябе навучыў маляваць такое?” – галасіла маці. Дзяўчынка моўчкі пабегла ў свой кут. Я сядзеў за сталом, калі ў мае дзьверы пагрукалі. “Я вымушаны праверыць”, -- усё яшчэ ветліва, але пагрозьліва прамовіў гаспадар – да ягоных ног ціснулася дачка, зь цікавасьцю паглядваючы на мяне. Што й казаць – яны знайшлі Караліну; я спрабаваў бараніць сваё права на недатыкальнасьць, але бацька дзяўчынкі заехаў мне ў зубы і ў той жа вечар выкінуў на вуліцу, забраўшы ўсе грошы – як ён выразіўся, “за маральныя страты”.

Я знайшоў другое жытло, аднак цяпер заўсёды браў Караліну з сабою – новую Караліну, бо тая была ганебна зьнішчаная ў мяне на вачах. Мы хадзілі ў парк, і там, паклаўшы на калені спартовую газэту, я наведваў яе сад. У парку мы і сустрэліся з маёй нявестай. Калісьці яна сядзела ў той жа чытальнай залі, што і я, і часам мне здаецца, што менавіта яна была тады перада мной, калі я шаптаўся з маёй Каралінай за стэляжамі. У першую ж ноч яна засталася ў мяне начаваць – балазе, маім новым гаспадарам было напляваць, хто ходзіць да мяне ў пакой, ім навогул усё было да лямпачкі – а празь месяц зацяжарыла. Цяпер яна замінала маім сустрэчам з Каралінай, і тады я стаў пакутліва вырашаць: каго зь іх пакінуць са мной. Як ні дзіўна, зрабіць выбар мне дапамаглі зубы. Адзін зь іх раскрышыўся, я пайшоў да ўрача, і ў прыёмным пакоі зірнуў на сябе ў люстэрка. Маршчына паўзла праз мой лоб, раскрышаны зуб ныў, і статус будучага бацькі лямантуючай істоты, полу якой я нават ня ведаю, пасяляў у душы пачуцьцё безнадзейнага глупства майго існаваньня. І Караліне была наканаваная сьмерць.

Нявеста звольнілася з працы, і нават не выходзіла безь мяне з дому, скардзячыся на тое, што ёй страшна. Агаломшаны ад неабходнасьці ўзвальваць на сябе цяпер яшчэ і чужых прывідаў, я ў разгубленасьці сядзеў у сваёй падатковай інспэкцыі й ня ведаў, што рабіць. І вось момант надарыўся. Усё было проста: я прачнуўся раней за маю нарачоную, таропка апрануўся й выскачыў на вуліцу з Каралінай пад пахаю. Спачатку я хацеў выкінуць яе ў сьметніцу, але на злосьць усе сьметніцы знаходзіліся якраз у тых месцах, дзе сямігадзінныя людзі, пасьлізгваючыся на першым лёдзе, сьпяшаюцца на працу. Тады я вырашыў спаліць яе, набыў запальнічку й потым да зьнямогі хадзіў коламі па сваім мікрараёне: гэта выклікала б падазрэньні – чалавек, які нешта спальвае. Вы ж самі памятаеце тыя часіны: кожны другі сустрэчны на вуліцы – міліцыянт. Усё ж я наважыўся, абраў момант, калі прынамсі на мяне ніхто не глядзеў, паклаў Караліну пад адну з тых лавачак, на якіх любяць з нагамі сядзець юныя дэбілы, і пасьпешліва пайшоў ў гушчар двароў.

Ён дагнаў мяне амаль каля майго пад’езду, і якой клаунадай мне падалося маё зацярушваньне сьлядоў! “Вы забылі”, -- сказаў ён спакойна. “Гэта не маё”, -- прамармытаў я. “Я рамантаваў на бальконе сынаў ровар”, -- прамовіў ён так, нібы кола ровару было чароўным люстэркам, што паказвае ўсіх злыдняў у радыюсе трох вёрстаў. “Вы памыліліся”, -- сказаў я фальшыва і ўцягнуў галаву ў плечы. “Я рамантаваў ровар і падняўся, каб выцерці пот”, -- сказаў ён весела й сунуў мне Караліну ў руку. “Я не глядзеў, што там. А вы шпіён...”. Ён зарагатаў, і я скрывіў вусны. “Я чэсны чалавек”. Ён, відавочна, чакаў нейкае ўзнагароды, але я схапіў Караліну й пайшоў прэч.

Праз гадзіну я быў на аўтобусным вакзале. Успацелае й згаладнелае маё цела выйшла на амаль безыменным прыпынку недалёка ад таго месца, дзе тырчыць гарадзкая рыса. Я прайшоў праз поўны чалавечых адкідаў узьлесак, прамачыў ногі, адольваючы бадай што абарончы роў, і неўзабаве апынуўся ў полі, заціснутым паміж могілкамі людзей і невядомых мне сельскагаспадарчых мэханізмаў. Караліна выпала з маіх рук на сьнег. Я нахіліўся, падняў яе й пасьля некалькіх сутарговых спробаў запаліў. Караліна гарэла неахвотна, марудна, дымна. Я запальваў яе зноў і зноў, з розных канцоў. Адсырэлая Караліна. Караліна. “Так-так”, -- пачуў я раптам каля самага свайго вуха. “Чытаць ня ўмееце... Тут ня тое месца, дзе агонь дарэчы...”. Іх было двое, і хто яго ведае, як яны здолелі падыйсьці да мяне так нячутна. “Дык зіма...”, -- жаласьліва прамовіў я. Трохі воддаль ад гэтых дваіх, пабліскваючы на сонцы дзьверцамі, стаяў легкавік. “Паедземце складаць пратакол”, -- ласкава сказаў адзін зь іх, а другі прафэсыйным рухам выхапіў у мяне абгарэлую Караліну й сунуў сабе пад паху.

У машыне мне было дазволена трымаць Караліну самому. Мы шпарка даехалі да гораду, не зважаючы на сьветлафоры пранесьліся празь яго й выехалі на паўночную шашу. Я баяўся пацікавіцца ў маіх спадарожнікаў, куды мы імчым, ды неўзабаве й сам перастаў глядзець у вакно. Мы праехалі не спыняючыся дзень, і другі, і трэці... Прайшоў месяц, і недзе далёка застаўся новы год, і спаленыя чучалы зімы, і купальскія колы ў падробных вёсках, і Караліна спарахнела ў маіх руках, а мы ўсё яшчэ імчым на поўнач, -- кола круціцца: сьняжынка, пупышка, матылёк, ліст, -- на поўнач, туды, дзе камяністыя берагі й вада, цяжкая як мазут, лепш за нас ведаюць, што з намі рабіць.

ДЗЬВЕ ТЫСЯЧЫ СЛОВАЎ ПРА ЗАВАЛЮХІНА



Ён сядзіць непрыемна блізка, без супынку гаворыць і ўвесь час хістаецца – ён хістаецца так энэргічна, што лавачка пад намі ажно ходзіць хадуном: я сяджу побач і пакорліва трываю гэтую марскую хваробу. Аднак самае жахлівае ў тым, што хістаньне лавачкі вымушае мяне аднастайна ківаць галавой, і таму звонку ўсё выглядае такім чынам, быццам я згодны зь ягонай балбатнёй. Насамрэч нават паралізаваны й нямы Завалюхін выклікаў бы ў мяне гарачы пратэст.

Хістаньне Завалюхіна – той жа прыроды, што і грукат пальцамі па стале, пагрызаньне ўласных пазногцяў, хрумсьценьне косткамі або вышлёпваньне на губах папулярных песенек (а то, бывае, яшчэ хто-небудзь са знаёмых, сымпатычны, здавалася б, чалавек, сярод вясёлай размовы пусьціць зьнянацку ў скокі сваё правае калена – далібог, у такія хвіліны хочацца па-галівудзку спыніць жыцьцё як форд мустанг і званітаваць у фортку), гэтае хістаньне – найбрутальнейшы від такіх вычварэньняў. Сам Завалюхін, натуральна, не ўсьведамляе таго, што адбываецца зь ягоным целам падчас хістаньня...а можа быць, яму падаецца, што ягоны торс, які абдымаюць пад рэбрамі безвалосыя, кароткапалыя рукі, грацыёзна й ледзь прыкметна рухаецца ў такт нячутнай чароўнай музыцы – дык вось не: Завалюхін папросту сядзіць і тупа хістаецца ўперад-назад, а пры гэтым яшчэ й гаворыць. Ня ведаю: у мяне большую прыхільнасьць выклікае чалавек, які п’е ацэтон, чым пажыральнік уласных пальцаў, я хутчэй абняў бы забойцу, чым таго, хто мае звычку стукаць костачкамі пальцаў, напрыклад, па шкле. Напэўна, гэта нэрвы. У іх нэрвы. І ў мяне.

Завалюхіну, вядома ж, я нічога падобнага ніколі не казаў. Мы зь ім, здаецца, сябры. Прынамсі, ён так думае. Што ж, нядаўна я нарэшце ўцяміў значэньне гэтага слова. Сяброўства – гнюснае спараджэньне калектывізму. На думку Завалюхіна, наколькі я разумею, сяброўства – гэта гарэлка, пяльмені й потым задушэўная размова, якая мусіць складацца зь ягонага п’янага трызьненьня й майго спачувальнага маўчаньня. Беражы мяне божа ад сяброў і сяброўства.

І ўсё ж я распавяду пра яго.

Напрыклад, Завалюхін і жанчыны. Рэч у тым, што мой сябра мае рэпутацыю вялікага жартаўніка. Ня памятаю ўжо, зь якіх часоў гэта павялося, але ў нас заўжды было прынята ўсё, што б ні казаў Завалюхін, лічыць неверагодна сьмешным і дасьціпным. Яму такое становішча, натуральна, да спадобы – хто з нас ня марыў пра пажыцьцёвую ролю душы кампаніі? Аднак мы ўздыхаем і адыходзім убок, да сваіх страхаў, сьлёзаў і расчараваньняў, у абдымкі сваёй ненавіснай і таму яшчэ больш мілай слабасьці. Завалюхін жа даўно ня мае на гэта права. Ён абавязаны жартаваць. Завалюхін упэўнены, што ўсе навокал толькі й чакаюць ад яго што ўдалага жарту. Думаю, гэты чалавек ніводнага разу не дазволіў сабе сумненьня ў трапнасьці свайго гумару. Аднак доля штатнага жартаўніка пачынае ціснуць на Завалюхіна. Яму хочацца плакаць. Ды вось толькі гэта веселунам забаронена. Увечары, на лесьвічнай пляцоўцы, Завалюхін трывожна абкурвае сваё рагочучае сэрца й нечакана ловіць сябе на тым, што баіцца – баіцца таго, што адмовіўшыся ад акладу жартаўніка, стане для нас пустым месцам. Жартаўнікам, якімі б пляскатымі й пошлымі ні былі іхныя жарты, плоцяць прыстойна. Іх нязьменна запрашаюць у госьці, частуюць гарэлкай, жанчыны падсаджваюцца да іх бліжэй, і калі ты, на сваё шчасьце, ня быў абраны жартаўніком у якасьці сёньняшняй ахвяры для яго кпінаў, то ты таксама будзеш аж да разьвітаньня на аўтобусным прыпынку расьцягваць вусны ў звыкла балючай для сябе ўсьмешцы, нібыта на тваім твары засохлы клей, і паляпаеш зажартаванага і апляванага няўдачніка па плячы. А штатны гумарыст пойдзе праважаць дахаты рудавалосае хіхіканьне з маленькімі грудзьмі, і ты адчуеш палёгку, бо можаш спакойна выплюнуць прамінулы вечар у ракавіну на кухні, а Завалюхін будзе вымушаны яшчэ гадзіну запар гумарыць, гумарыць, гумарыць: у прамерзлым трамваі, на ўскраіне места, з пунсовымі вушамі, без цыгарэтаў, у цёмным пад’езьдзе, у цеснаце тамбуру, бо каму ён цікавы, смурны й маўклівы Завалюхін, мёртвы Завалюхін, не маўчы, Завалюхін, жартуй, і тады табе дадуць паціскаць. Ну, я пайшла, Завалюхін. Патэлефануй мне, Завалюхін. І толькі ўнізе, адкуль чуецца такое выразнае бляяньне, можна будзе не жартаваць – трэба будзе бегчы.

Вядома ж, як толькі Завалюхін трапляе ў арбіту жаночага сьвету, ён адразу ж пачынае гіранізаваць і кідацца сваімі вострыцамі. Ён проста не ўяўляе сабе, як можна размаўляць з жанчынамі інакш. Ён ведае, што ён шыкоўны. Чароўны мужчына. Я назіраю за ім праз паўапушчаныя вейкі. Мне добра, бо мяне тут ніхто не заўважае. Хвіліну таму мне кінулі: “Будзь прасьцей тварам і людзі да цябе пацягнуцца”, вось, бадай, і ўсё, што мне сказалі за сёньняшні вечар. А я не хачу быць прасьцей, бо усё няпроста, усё вельмі дрэнна, складана й трагічна. Я назіраю за сваім сябрам, гэта я прывёў яго сюды. Ён сядзіць між трох жанчын і жартуе. Завалюхін іскрыцца жартамі. Ён выбухае показкамі, як гарэзьлівы фэервэрк, ён асьцярожна заігрывае з пошласьцямі й робіць рызыкоўныя камплімэнты. Ён – душа кампаніі. Ён пачуваецца ўтульна, ён ганарыцца сабой. І раптам я заўважаю, што празь сьмех жанчын праступае неімаверная стома, што іхныя ірты зь цяжкасьцю ператвараюць ва ўсьмешкі прыгожыя шырокія позехі. Яны ж насамрэч не ідыёткі, гэтыя прывабныя й глупаватыя на выгляд кабеткі, яны ж разумеюць, што жарцікі Завалюхіна ня вартыя нават мімалётнай усьмешкападобнай здані, яны ведаюць, што прамоўленыя імгненьне таму словы Завалюхіна каштуюць менш, чым бурая вада, што зьнікае ў адтуліне ванны, -- але яны жанчыны, і ім загадана згодна зь нейкімі дзікімі тысячагадовымі законамі сьмяяцца ў вадказ на мужчынскія жарты, а Завалюхіну загадана прыкладна тымі ж цыркулярамі й дэкрэтамі жартаваць, гумарыць, кпіць. Я бачу, што насамрэч жанчынам хацелася б сесьці з намі на падлогу й, скінуўшы ўсе гэтыя гіпсавыя маскі, пагаварыць з намі як зь сябрамі, проста шчыра пагаварыць – але яны ніколі ня пойдуць на гэта, і апускаюць вочы, і натужна чырванеюць, і Завалюхін заліваецца закіпелым імбрыкам. Паміж імі глухой сьцяною стаяць сэксуальнасьць і Завалюхінская пасада штатнага жартаўніка.

Па дарозе дамоў я раблю памылку й распавядаю яму пра гэта. Завалюхін мярзотна шчоўкае пальцамі па сваёй шчацэ й жартуе. Я ўзгадваю, як глядзелі на Завалюхіна мужчыны. З зайздрасьцю. Тым ня менш дахаты мы вяртаемся ўдваіх. Ня тая кампанія. Трошкі разумнейшая, чым звычайна. Жанчын мне шкада, а з Завалюхіным я стараюся хутчэй разьвітацца. Дарэчы, я ведаю, што ён цнатлівец, а цнатліўцы выклікаюць у мяне алергію. Разумею, што гэта дурата, але калі я дакладна ведаю, што мужчына цнатлівы, мне гідка нават паціскаць яму руку – мне здаецца, што дакранаючыся да яго, я дакранаюся да ягоных тых самых ворганаў.

Карацей, гэта адно з самых панылых відовішчаў на сьвеце – жартаўнік, які вымушаны жартаваць.

Завалюхін любіць гаварыць пра тое, што ён мой лепшы сябра. Тое, што ён лічыць сябе ім, дазваляе Завалюхіну прыпірацца да нас ў дзьве гадзіны ночы й спаць на кухні, атручваючы нашае сандалавае паветра сваім перагарам. Назаўтра ён падымаецца на досьвітку, ідзе ў краму і ўрачыста прыносіць адтуль бутэльку гарэлкі, такой салодкай для таго, хто пахмяляецца, і такой ванітоўнай для мяне, які толькі прачнуўся. Завалюхін прымушае мяне выпіць і пакуль мы яго кормім, распавядае нам зьмест учорашняга кавээну. Вось яшчэ адна рэч, адно ўзгадваньне якой здольнае адбіць у мяне апэтыт да жыцьця. Я сапраўды не разумею, што вясёлага можа быць у сузіраньні сотні завалюхіных, якія б’юцца ў параксызму свайго жартаваньня, а да таго ж яшчэ сьпяваюць, хто ведае навошта, нейкія перайначаныя песенькі, і самае вар’яцкае – заля надрываецца ад рогату, і сцэна трасецца: грошы патрачаны не дарэмна! Завалюхін у сваёй стыхіі. Аднак я ветліва сьмяюся. Жонка, ледзь стрымліваючыся, ідзе ў залю, я ведаю, што яна трывае ўсё гэта толькі дзеля мяне, а наш мілы сябра патрабуе гітару.

Вось яшчэ адна жарсьць Завалюхіна. Ён любіць музыку. Ён любіць сьлязьлівую, патэтычную калярокавую эстраду савецкіх часоў, але гэта яшчэ ня самае жахлівае. Завалюхін сам піша песьні й сьпявае іх пад уласны акампанімэнт. Ён б’е па струнах, і наша гітара, не вытрымліваючы, пачынае румзаць – яна добра ведае, што такое апынуцца ва ўмелых завалюхінскіх руках. Правая кісьць Завалюхіна сутаргава торгаецца, левая ўчапілася ў струны як у маё горла. Прыгожа фальшывячы, Завалюхін енчыць нешта псэўдарамантычнае, хаця мне здаецца, што песьня пра інцэст. Мэлёдыя, згодна з уяўленьнямі Завалюхіна – гэта калі голас неадступна сьледуе за ўдарамі пальцаў па струнах, нібы пад строгім канвоем, такім чынам, завалюхінскія песьні – гэта занудныя рэчытатывы пра каханьне, якія выконваюцца казьліным голасам і з п’янай сьлязою ў хітрым кутку правага вока – трагедыя! Я сяджу побач і пазіраю на гарэлку ўжо без усялякае агіды, як на паратунак. Завалюхін заводзіць новую, на гэты раз не сваю, хаця, па шчырасьці, кожная песьня, якую ён выконвае, падаецца напісанай маім адданым сябрам. У вачох Завалюхіна я бачу, што яму ажно карціць, каб я падцягнуў у прыпеве. Я куляю ў сябе гарэлку й бадзёра стараюся ўдаць такі ж казьліны голас: “У комнаце зь белым паталком!..”, аднак, кажучы напраўду, мой прыродны голас не казьліны, ён хутчэй мядзьвежы, а ім, медзьведзям, як вядома з славянскага фальклёру, некалі пераехала вушы дагістарычным камбайнам. Па тым, зь якім грукатам жонка зачыняе дзьверы ў залю, я здагадваюся пра посьпех нашага дуэту. Котка хаваецца ў шафу, падалей ад завалюхінскіх мадуляцыяў. Завалюхін просіць мэдыятар. Божа, навошта я гэта трываю? Вазьмі, вазьмі вострую брытву, Завалюхін, і ўнясі ў сябе праўкі! Аднак мяне чакае новая бяда. Завалюхін, мой дружочак, жадае даведацца, якая ягоная песьня мая ўлюбёная. Я пакутліва перабіраю ягоныя шэдэўры ў галаве й нарэшце называю нешта самае кароткае. Натуральна, Завалюхін прасьпявае лепшаму сябру ягоную ўлюбёную песьню. Нам вельмі весела, вельмі.

Завалюхін лічыць сябе надзвычай таленавітым. Неяк ён прызнаўся мне, што ягоны паэтычны талент, напэўна, усё ж пераўзыходзіць ягоны талент кампазытара. Што ж, магчыма. Калі я думаю пра гэтыя два асноўныя, бо Завалюхін, натуральна, мае і яшчэ безьліч іншых талентаў, проста яны ня так кідаюцца ў вочы, -- дык вось, пра гэтыя два асноўныя таленты Завалюхіна, я чамусьці заўсёды зьбіваюся на думкі пра сіямскіх блізьнятаў. Будучы, скажу шчыра, поўнай бяздарнасьцю, Завалюхін не жадае дасягаць чагосьці й вучобай. Больш за тое, пра страшэнныя правалы ў будынку сваёй асобы ён гаворыць як пра разумна зробленыя вакенцы. Ён упэўнены ў сваім інтэлекце. Ён марыць пра тое, каб выдаць зборнік вершаў, хаця дагэтуль сьвята верыць, што “малако” рыфмуецца з “кімано” (Завалюхін прытрымліваецца погляду, што рыфма – “гэта калі два словы сканчаюцца на адну й тую ж літару”) – справа ўскладняецца тым, што для Завалюхіна ўсё, што ня ў рыфму, ёсьць прозай. Прозу Завалюхін піша таксама, але казаць пра гэта ў мяне ўжо не стае моцы. Прачытаўшы кніжку пра Суворава, Завалюхін пачаў лічыць сябе знаўцам гісторыі й выклікае мяне зрэдзьчас на навуковыя дыспуты – ці варта казаць, што я заўсёды іх прайграю.

Вось тое, што мой сябра папросту паталягічна няздольны вывучаць замежныя мовы, факт сапраўды неаспрэчны. Запомніць дзесяць нямецкіх дзеясловаў для яго непасільная задача. Само па сабе гэта, натуральна, ня страшна, ня ўсе траглядыты – паліглоты, але мяне прыводзіць у шаленства тое, што Завалюхін гаворыць пра такое бясьсільле як пра цікавую ўласьцівасьць сваёй творчай натуры, пра нешта кшталту разынкі ўласнай псыхікі. Я думаю, што гэта істотны недахоп, але госпадзе! -- паводле ягоных словаў, гэта “забавно”. Мяне, прыводзіць, у, шаленства, -- у ціхае шаленства, спадарства, у ціхае шаленства, нямое шаленства, бо я ніколі не казаў Завалюхіну нічога падобнага.

Завалюхін мае безьліч люмпэнскіх звычак, гідкіх, савецкіх, звычак у маім ўяўленьні антрапаморфных, бо кожная зь іх нагадвае сваёй самастойнасьцю тлустую базарную бабу, якая можа і з Парыжу за адзін дзень зрабіць калгас. Завалюхін не разумее, што кепскага ў сьмярдзючых піўнухах, футбольных фанатах, піянэрскіх лягерах, расейскіх акупантах, паленьні недапалкаў, сэнтымэнтальных балядах, кавээну, антысэміцкіх кнігах, мацернай лаянцы, шпалерных цьвяточках, жоўтай прэсе, сьвежых анэкдотах, не разумее, што такое тактоўнасьць, гігіена, воля, адзінота, літаратура, густ, сям’я, сэкс, годнасьць, маўчаньне. Яму, нягледзячы ні на што, лёгка жыць на сьвеце. А мне страшэнна няўтульна, пагатоў зь ім; я адчуваю, што на маім целе вырас тоўсты шанкр пад назвай Завалюхін, і я ня ведаю, як мне пазбавіцца ад яго. Напэўна, я ня маю пачуцьця гумару. Але калі я ўспамінаю, наколькі верны сябра мой Завалюхін, мяне ахоплівае роспач.

Верагодна, мы самі вінаватыя ў тым, што ён упэўнены ў сваёй выключнасьці. Бо ніколі не асьмельваліся сказаць яму праўду. Бо шкадавалі яго, нават калі ня мелі для гэтага нагодаў. Бо замянялі справядлівасьць сяброўствам. І Завалюхін жывіўся нашым маўчаньнем, нашымі фальшывымі ўсьмешкамі, ухваленьнем кожнага ягонага выбрыку. Але сёньня позна зьмяняць яго – любое слова супраць ён успрымае як зайздрасьць. Ды й вось што мне хочацца сказаць: мой сябра, калі напраўду, быў такім ад пачатку. Бо такімі ж былі цэлыя генэрацыі Завалюхіных, генэрацыі хамаў і паразытаў. А апошнія пяць гадоў адзіным, што нас аб’ядноўвала, была гарэлка. Нашыя дарогі мусяць разысьціся, няхай для гэтага спатрэбіцца і хірургічнае ўмяшальніцтва. Я мяркую, што калі пасадзіць у вадну турэмную камэру таленавітага чалавека й Завалюхіна, то яны нават падземны ход для ўцёкаў будуць капаць у розных месцах.

Цяпер Завалюхіну вельмі пагана, ягонае жыцьцё руйнуецца, і мне салодка назіраць, як ён дэградуе проста на вачах. Самы час прымаць рашэньне. Ён заўсёды паразытаваў на мне, дык нашто пазбаўляць чалавека права несьці за гэта адказнасьць? Завалюхін сядзіць непрыемна блізка, без супынку гаворыць і ўвесь час хістаецца. Я гляджу проста перад сабой і пасьміхаюся. У пэўны момант Завалюхін паварочваецца да мяне й нешта раззлавана бурчыць.

-- Што? – прамаўляю я пасьля паўзы зусім абыякава. – Ты штосьці казаў ці мне падалося?

Ён лаецца, а я падымаюся і іду наперад, не абарочваючыся. Бывай, Завалюхін! Бывай назаўсёды. Свае дзьве тысячы словаў ты заслужыў.

НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ ПАЛЕСЬСЯ

Безумоўна, я здагадваюся пра прычыну такой увагі да сваёй асобы. Рэч у тым, што мне – і гэта не выпадак, не, гэта нечы геніяльны пас уросчырк, праз мокрае поле храналягічных табліцаў, скрозь лінейную абарону часу, пас, які імгненна пазбаўляе мяне надакучлівай пэрсанальнай апекі й выштурхоўвае ў небясьпечнай адзіноце да штрафной суперніка – дык вось, менавіта мне выпала сёньня стаць першым студэнтам за ўсе гады існаваньня нашай невялічкай дзяржавы, якому давядзецца адказваць на пытаньні білету №50. Экзамэнатараў трое, і кожны ўдае, што нічога звышбудзённага не адбываецца: анічога, анічога, усё да такой ступені трывіяльна, што варта мне нечакана прыўзьняць галаву над партай, як гэтыя трое мужчынаў палахліва адводзяць ад мяне cвае пільныя позіркі, і не пасьпяваюць, і сарамліва пачынаюць фальшывым шэптам перамаўляцца пра вынікі расейскіх выбараў, усё так звычна, што неўзабаве ў аўдыторыю завітвае дэкан гістфаку й сядае акурат за маёй сьпінай, усё гэтак сумна, што лябарант, якога паклікалі да свайго стала сябры камісыі, быццам бы выпадкова забывае празь некалькі хвілінаў на суседнім стале адгорнуты на патрэбнай старонцы падручнік – пажадай я, і мог бы спакойна ім скарыстацца, ніхто б слова не сказаў. Насамрэч усе гэтыя людзі вакол дрыжаць ад нецярпеньня, бо ўсьведамляюць, што зьяўляюцца сьведкамі папросту гістарычнае падзеі.

Менш за ўсё тое, што тут адбываецца, мае дачыненьне да футболу.

Іх можна зразумець, гэтых людзей, дарослых, пляшыстых, мудрых. Дзеля таго моманту, які я падару ім цераз – ого, ужо цераз дзесяць хвілінаў! – яны гадамі мерзьлі на мітынгах, весела лаяліся ў пастарунках, дзекалі й цекалі, баяліся за дзяцей і жанок, плакалі й пілі гарэлку, а галоўнае – штодня душылі агідны фурункул сумненьня, які заўсёдна выскокваў у самых патаемных кутох іхных душаў, там, дзе цень вонкавай упэўненасьці надзейна захінае любую слабасьць. А сумненьне налівалася, пунсавела, сьвярбела зноў і зноў: а ці варта за гэта змагацца?...а ці варта працягваць?...або зьмірыцца на супакой сямейнікаў ды заклеіць на зіму вокны?... Іх можна зразумець, гэтых фанатыкаў, бо тут, у нашай невялічкай краінцы, яны атрымалі жывое ўвасабленьне сваіх мараў. Колькі начэй запар яны акуналіся ў вольнае сеціва, каб вылавіць такі вось сон: студэнт рыхтуецца да іспыту, рыхтуецца адказваць на пытаньні білету №50, і ён вымушаны адказваць па-беларуску, і ён вымушаны адказваць праўду, і студэнту гэтаму мусіць быць прыемная такая працэдура, бо з вакна маладзён можа бачыць дрэўка на вежы берасьцейскай ратушы, загорнутае ў бел... так, так, правільна, ў бел-чырвона-белае палотнішча, і можа натхняцца ладным грукатам ботаў добразычлівых натаўскіх жаўнераў, што чуецца з плошчы, бо вучыцца тут студэнт, насуперак мінскім “галасам”, фактычна бясплатна, атрымаў летась дзяржаўную стыпэндыю, амаль тысячу талераў, і на вучобу хапае, і на кватэру ў Пружанах – ня ўсім, натуральна, тут так шанцуе.

Краіна, у якой я нарадзіўся, нагадвала футбольнае поле бяз брамак, трыбуны раўлі блатныя песенькі – зрэшты, гэта была тэрыторыя майго маленства, кукурузныя палачкі ў цукры, мама й тата, у такім узросьце ты папросту ня маеш адпаведнага органу, каб ненавідзець; краіна, у якой я паступіў ва ўнівэрсытэт, была меншая й страшнейшая, аднапакаёўка ў хрушчоўцы, пераробленая пад катавальню – вось яе, наколькі памятаю, я ненавідзеў ужо сьвядома, зь перакананасьцю сярэднявечнага пурытаніна, я заўжды ненавідзеў яе, цяжка нават апісаць, як я яе ненавідзеў, яе жыхароў, мову, звычаі, стравы, краявіды. Колькі сябе памятаю, я заўжды пачуваўся там невылечна хворым – на сындром прыроджанага эўропадэфіцыту, я задыхаўся між цесных ягадзіцаў радзімы. Фізычная агіда да яе шэрых дыяфільмаў падмінала пад сябе любыя спробы любові, яе сталінскі ампір каменем ляжаў на грудзях; калі ў гэтай дзяржаве нешта адбывалася, я бачыў перад сабой сьлізкага паўзуна, аганізуючага, з кавалкам чалавечыны, што зьвісае зь ліпучых, вільготных, нібы падлога бясплатнай прыбіральні, тоўстых губ, і паўзун марудна круціўся вакол уласнай восі, пэцкаючы аслупянелае сваё атачэньне – дагэтуль лічу, што гэта найлепшая, няхай і даволі банальная, мэтафара для любой, нават самай міралюбнай дзейнасьці маёй бацькаўшчыны. О Тварог і ўсе малочнакіслыя паганскія багі, як я яе ненавідзеў! Мне катастрафічна не ставала эўропы. Я марыў толькі пра адно – пасадзіць на сьпіну заплечнік і перайсьці заходнюю мяжу. Я быў гатовы стаць кім заўгодна – палякам, немцам, грэкам, італьянцам, баскам, ірляндцам, літоўцам, вугорцам, фарэрцам, абы толькі змыць зь сябе сапраўднае сваё паходжаньне. Я стаў горбіцца – як жа інакш, калі на твае кволыя плечы цісьне сорам за дзесяць мільёнаў суайчыньнікаў. Мне казалі: фу, эўропа, паўсюль адно й тое, ізаляцыя, глябалізацыя, дэвальвацыя, пыха й пуга, транснацыянальныя карпарацыі, бяздушныя бюргеры, мы для іх ніжэйшая раса, далася табе гэтая эўропа, гэтая маразматычная фрэкэн Бок; мне казалі: ты ж нават ня быў ніколі па той, нібыта шчасьлівы бок мяжы, вось і ідэалізуеш, ідэалізуеш, верыш казкам, казкам, а яны надта ўжо часта насамрэч апынаюцца каскамі, каскамі...

Я ня слухаў. Дакладней, я завёў сабе трэцяе вуха, замаскаваўшы яго ў гушчары сваёй шэвелюры, і ўсю горкую атруту сваіх суразмоўцаў, усю іхную непераймальную жоўць зьліваў туды, у ратавальны рэзэрвуар па-над мозгам, дзе яна раскладалася на бясьпечныя й бессэнсоўныя рэчывы, што адразу ж па заканчэньні гэтай кароткай працэдуры адпраўляліся ва ўраўняльнае, млоснае беларускае паветра. Мае ж прыродныя, натуральныя вушы чулі толькі тое, што мне хацелася чуць. Кнігі ды інтэрнэт давалі мне трохі скрыўленую, але тым ня менш прывабную карціну Заходняй Эўропы, якую я, як мне здавалася, з посьпехам выгінаў да рэальнага адлюстраваньня. Прызнаючы той факт, што нішто ў сьвеце не заслугоўвае катэгарычнай ацэнкі, і пагаджаючыся, што адно неабходнасьць выбару стварае чалавечыя каштоўнасьці, я тым ня менш з жахам заўважаў: усё, што выклікае маю сымпатыю або інтарэс, месьціцца там, у маім эльдарада, усё, што я бы хацеў набыць на гэтай агромністай вэдээнгэ прадметаў і пачуцьцяў, якую называюць нашай плянэтай, знаходзіцца дзе заўгодна, але ня тут, усё, што я люблю, створана за мяжою. Там, дзе я жыў, на паўдзікія чалавечыя асобіны палявалі толькі мярзота, дэградацыя й гвалт – хрумсьцячы храшчыкамі, трупы даядала дзяржава, народаў братэрскі саюз, неяк я бачыў яго з бархану, гэтага трохгаловага мутанта: зубаты рот, дручок і струк; навокал стаяў няспынны енк гіенаў і старшыняў мясцовых саветаў. Я шчыра спрабаваў адшукаць хаця б каліва чыстага-сьветлага на запусьцелай тэрыторыі, дзе вымушаны быў існаваць, але апрача каменных стодаў й бэтонных хрэнаў з макам, густа раскіданых па бацькаўшчыне, не знайшоў анічога.

Сябры неўзабаве адвярнуліся ад мяне, бо мая гістэрычная любоў да любога прыхадня адтуль падавалася ім паталягічнай. Замежнікі прыводзілі мяне ў балючую роспач, я быў на мяжы – яшчэ адной шчасьлівай мяжы, па другі бок якой мусіць сьвяціць сапраўднае сонца, – на мяжы вар’яцтва. Я жыў пад штосэкунднае бубненьне недзе за сьпінай: эўропа, эўропа, там жа чалавек чалавеку воўк, там жа людзі існуюць адасоблена адзін ад аднаго, ні сяброўства, ні суседзтва, ні дармаедзтва, ні калектывізму, ні ўзаемавыручкі...На ўзаемавыручцы мяне зарубала, я рэзка паварочваўся й крычаў: хачу без суседзтва, хачу без калектывізму, хачу без узаемавыручкі!...хачу без вас!... Вагон маўчаў і глядзеў на мяне са шкадаваньнем. Неяк я ўвесь вечар прабавіў у кампаніі галяндцаў, іх было чалавек дваццаць, яны не разумелі ні часьціцы па-расейску, я размаўляў зь імі на нейкай неданошана-крэольскай ангельскай – у якасьці перакладчыкаў ўдала выступалі дзесяць бутэлек белавескай і дзесяць піўных фаўстпатронаў. Ап’янелы, я сядзеў між беларусаў і тупа злаваўся на тое, што ў размовах паміж сабой яны хераць галяндцаў уздоўж і ўпоперак. Мае дарагія замежнікі кранальна махалі рукамі й дружалюбна сьмяяліся. Апоўначы галяндцы разьвіталіся з гаспадаром і сыйшлі. Хвілінаў празь пятнаццаць паперся дахаты і я. У мэтро я заснуў, а разбудзіў мяне жыцьцярадасны сьмех над галавой і вясёлая размова пра абстаноўку ў нашых кватэрах. Я падняў вочы й наткнуўся позіркам на тых самых галяндцаў. Яны размаўлялі па-расейску, прычым без аніякага акцэнту. Увесь шлях дамоў я праседзеў, апусьціўшы вочы й дыхаючы ў шалік, на канцавой станцыі мяне прыбраў мент.

Вар’яцтва, вар’яцтва...—зрэшты, яно адступала, калі замежнікі да пары зьнікалі. Тады я гуляў у футбол. Можа быць, хто-небудзь ведае пра FIFA-99, кампутарную гульню, цудоўны сымулятар, даўно, калі напраўду, састарэлы. Я пачаў зь некалькіх таварыскіх матчаў, гуляў жартам, без аніякага жаданьня перамагаць, але неўпрыкмет захапіўся й хутка ўжо гадзінамі ганяў віртуальных мужыкоў з тварамі кланаваных дэбілаў па зялёнай траўцы. Шчыра кажучы, да футболу й спорту навогул я быў тады больш чым абыякавы – у той, прамінулай краіне ён зьяўляўся чымсьці кшталту дзяржаўнай рэлігіі, і натуральна, што я плаціў спорту нянавісьцю. Але мой футбол быў нечым большым за футбол. У адзін перадкалядны вечар я адкрыў, што каманды і іхныя колеры можна прыдумваць самому, можна нават узяць на сябе функцыі футбольнай маткі й нарадзіць, апладніўшыся ўласнай фантазіяй, цэлыя лігі, ахрасьціўшы іх на свой густ. Беларусі ў сьпісе камандаў не было, я не марудзячы сьцёр з зямной паверхні Бэльгію, і ўжо ўвечары пад флямандзкім сьцягам бегалі фаміліянты маіх сяброў. А на наступны дзень на сьвет зьявілася Палеская рэспубліка. Бел-чырвона-белы сьцяг аб’ядноўваў шаснаццаць футбольных клюбаў і тэрыторыю ад Берасьця да Гомлі. На карэйскі лад нешматлікія дэмакратычныя сілы маёй роднай пустэльні ўтварылі на яе поўдні вольную і эўрапэйскую краіну – такімі працэсамі поўнілася мая сусьветная гісторыя. Уяўленьне імгненна дабудавала падрабязнасьці. “Вітаўт” біўся з “Рэалам” у Лізе чэмпіёнаў, палеская зборная марна змагалася за выхад у фінал чэмпіянату сьвету, і ў той жа час Палеская рэспубліка ня мела дыпляматычных стасункаў толькі зь Беларусяй, Расеяй і некалькімі вечна рэвалюцыйнымі дзяржавамі ўсходу. Польская тэлевізыя казала пра жорсткі крызыс, нашы паўночныя суседзі спрабавалі вярнуць палешукоў да карыта, пасьля доўгіх сумненьняў ната ўзяла рэспубліку пад сваю абарону. Рэспубліка Чарнобыль – так нас называюць цяпер на поўначы вядучыя панарамы. Спачатку было цяжка, потым умацаваўся талер, наладзіўся гандаль – я ніколі ня быў спэцыялістам па гэтых эканамічных пушчах. Урэшце, я толькі гуляў у кампутарны футбол, і да плённай працы бактэрыяў свабоды ня маю аніякага дачыненьня.

– Білет нумар пяцьдзесят, – кажу я прыцішана, але ўпэўнена. – Утварэньне Палескай рэспублікі і яе станаўленьне на міжнароднай арэне. У 2021 годзе...

Яны слухаюць мяне, паўзакрыўшы змораныя вочы. З твару на твар, нібы мяч ад гульца да гульца, пераскоквае экстаз. Яны перамаглі. Я – сымболь іхнае перамогі.Я распавядаю пра візыт амэрыканскага прэзыдэнта, забываю дату ўвядзеньня палескага пашпарту, але спрытным фінтам абыходжу яго й пачынаю крытыкаваць Раду. Яны пахмурнеюць, бо ўсе зьяўляюцца яе дэпутатамі. Краіна мудрых гісторыкаў і кепскіх паэтаў. Што казаць, калі наш прэзыдэнт – аўтар гістарычных раманаў. Я атрымліваю сваю адзнаку, здаецца, вышэй за яе не бывае, але мне ўсё адно. У Палескай рэспубліцы дыплём – не сьвятыя мошчы. Дэкан даганяе мяне й паціскае руку. Гэта – трэцяя краіна, у якой мне давялося жыць. Спадзяюся, апошняя. Бацькі засталіся старэць у той, страшнай, другой. Там я мог бы стаць мастаком і музыкантам, пісьменьнікам або забойцам. Тут я стану мэнэджарам кампаніі “Puma-Palessie” або рэклямным агентам за чатырыста талераў у тыдзень.

У дзьвярох я спыняюся і абарочваюся. Экзамэнатары глядзяць на мяне са зьдзіўленьнем, грубая, рабатызаваная радасьць яшчэ сьвеціцца на іхных тварах – тварах пэрсанажаў кампутарных гульняў старой генэрацыі.

АБСАЛЮТНЫ СЛЫХ



На мэдыцынскай лаціне ён называецца tragus – абцягнуты скурай храшчык, дэкаратыўны вартавы каля ўваходу ў пячору чалавечага вуха, туды, дзе зьдзяйсьняе сваю ўрачыстую працу самая дзіўная з існых на сьвеце кавальняў. Амаль бескарысны, амаль атавізм, часам нават зусім непрыкметны, ён тым ня менш яшчэ скарыстоўваецца некаторымі з нас дзеля пэўных мэтаў; з абсалютным падабенствам паўтораны ў невідочнай блізкасьці ад свайго пасту, задуманы хутчэй з аглядкай на непадатлівую пустэльню, чым на заўжды гатовыя да кампрамісу цесныя гарады ў люстэрку задняга агляду; кропля барбарства ў барочнай ракавіне вонкавага вуха – трагус. На яго можна націснуць пальцам, прыцішыўшы навакольны сьвет, пазбавіўшы яго на нейкі час стэрэагучаньня – а можна націснуць адначасова на абодва свае трагусы – а можна ганяць свае трагусы туды-сюды, то прыбіраючы пальцы, то зноў тыцкаючы імі ў вушы, прымушаючы вуліцу мярзотна квакаць, ператвараючы ўсё ў анэкдот, у сьмехатуры, у бязглуздую гульню.

Вось і я, наіўны, напружана цісну цяпер на абодва свае трагусы, спрабуючы хаця б на хвіліну выключыць гэты нясьцерпны крык за сьцяной. Цісну, забыўшы, што аднойчы пачутае можа стаяць увушшу яшчэ доўгія гады. Бо трагус – бутафорскі жаўнер, ён адразу ж забываецца на тых прыхадняў з катавальнымі прыладамі, што прасьлізнулі міма. І лямант, які чуецца з-за сьцяны, разьдзірае мяне знутры. А я цісну й цісну на трагусы, ажно пакуль яны не пачынаюць балюча сьвярбець – і ўсё адно з гулкай ратавальнай ваты пакрысе высоўваецца зьняможаная пыса жахлівага крыку.

Седзячы вось так за сталом і трымаючы сваю цяжкую галаву ў руках, нібы баскетбольны мяч перад тым, як кінуць яго ў карзіну, я не адразу разумею, што мне гаворыць Альбінос на гэты раз: ягоны твар падплывае да мяне збоку, нахілены амаль да майго носу; вусны Альбіноса варушацца, і ўсьмешка на іх, гэтае агіднае аднаклетачнае, паволі скарачаецца:

-- Што? – я пасьпешліва перахопліваю ў яго двухкроп’е: Што? Я болей не магу! Я зараз памру! Скажы ім, каб яны спыніліся! Прашу цябе! Скажы ім!

Я адымаю пальцы ад скроняў. На колькі імгненьняў стала ціха, нібы адмыслова для таго, каб даць мне прамовіць гэтыя прыніжальныя словы. Аднак як толькі я замоўк, енк за сьцяною распачаўся з новай сілай. Альбінос пасьміхаецца й садзіцца перада мной на крэсла, налягае грудзьмі на сьпінку, кладзе на яе рукі, глядзіць на мяне пяшчотна-зьдзекліва; ён ня мае броваў.

-- Няўжо чуваць? Я ўжо думаў, ты аглух. Так заціскаў вушы, я думаў, і дзірак не застанецца – зарастуць, рассмокчуцца вухі!

Сьмех у Альбіноса хрусткі, сухі – з такім гукам камечаць новы, пусты цэляфанавы пакет. Ён закатвае чырванаватыя вочкі й тупае нагой ад задавальненьня, у такт крыкам з суседняга пакоя. На Альбіносе майка-барцоўка й сінія шорты, такія шырокія, што паміж ног, калі ён садзіцца,надзімаецца сапраўдны шар. О, за той час, які мы прабавілі разам, я пасьпеў добра вывучыць ягоную зьнешнасьць вечнага хлопчыка, пах ягонае дарагое парфумы ўеўся ў кожную складку майго сьціплага гардэробу, звыкся з тым, што ён почасту шчыпае сябе за левы сасок, размаўляючы па тэлефоне, я пасьпеў узьненавідзець ягонае цела без усялякіх прыкметаў расьліннасьці – у адной маёй наздры больш валасоў. “Няўдачнік”, -- кажа Альбінос ласкава й торгае мяне за мочку вуха, пакуль я – з трэцяй спробы – не затыкаю сваімі трагусамі закатаваныя слыхавыя каналы. Гэта дае прынамсі ілюзію таго, што я нічога ня чую.

Няўдачнік. Гэта праўда, мне ніколі не шанцавала. Гэта праўда (неўтаймаваны крык) што мне (гайдаецца) ніколі (паміж маіх) не шанцавала (трагусаў) гэта праўда (як акрабат) што мне (пад купалам цырку) ніколі (на трапэцыі) не шанцавала (рытмічна стукаючыся ў чарапную каробку). Я нават рады, што не ажаніўся, што не займеў дзяцей, што згубіў сяброў, аднаго за адным, нібыта ў душы маёй зеўрыць дзірка, куды яны з зайздроснай паступовасьцю правальваліся – рады, бо цень майго фатальнага нешанцаваньня несумненна закрануў бы і іх, а так кепска толькі мне, падарожніку на пыльным прасёлку – іншыя выправіліся чыгункай. Апагей жа майго нешанцаваньня прыпаў на той дзень, калі мы стаялі баязьлівым натоўпам там, унізе, ля ганку – брудна-брунатыя статуі ў тонкіх сарочках сьнегу, каля якіх мы тады абменьваліся грубымі жартачкамі, я магу пабачыць і цяпер, варта толькі прыўстаць з-за стала і адсунуць фіранку. Альбінос прыбыў ці не з самай апошняй партыяй, на ім былі тыя ж шорты й майка. Ён паводзіў сябе так бесцырымонна, што наша купа сьціхла: кожны баяўся атрымаць яго суседам. А я, як толькі пабачыў, зараз жа зразумеў: мне трапіцца менавіта Альбінос. “Ты чаго вылупіўся?” – кінуў ён мне, калі пачаўся падзел на пары. А я ня мог адвесьці позірку ад ягоных чырвоных, як на фатаграфіях, зрэнак.

-- Скажы ім! Ну скажы ж ім! Няхай яны перастануць! Гэта невыносна!

-- Невыносна? – Альбінос паціскае плячыма. – Я б не сказаў. Зрэшты, ты ж можаш выйсьці з пакою. Ніхто цябе не трымае.

Я бясьсільна й ціха выю, загортваючы кнігу. Крыкі працягваюцца, пранізьлівыя, пакутныя. Нават у гэты момант мне прыкра ад таго, што я зноў забыў закласьці старонку – давядзецца потым шукаць, а старонкі ж непранумараваныя, некалькі тысяч старонак таўшчэзнай кнігі. Застаецца толькі, як заўсёды, узважваць на далоні паперу, каб хаця б прыкладна вызначыць месцазнаходжаньне тых словаў, на якіх я спыніўся. Складаны занятак, які да ўсяго вымагае засяроджанасьці, а яе амаль немагчыма дасягнуць у пакоі, за сьцяной якога нехта так роспачна лямантуе. Я ўяўляю сябе сьпінай, аголенай сьпінай, якую бязьлітасна паласуе аўтаматычная пуга. Раптам Альбінос падымаецца з крэсла – адно затым, каб сарваць гронку вінаграду над ложкам.

-- Хочаш? – ён запытальна глядзіць на мяне. – Ну, як хочаш. Не, мне таксама больш да спадобы чорны, але ж выбіраць не даводзіцца, праўда?

Ён адкрывае рот, і мне падаецца, ягады самі саскокваюць яму між зубоў. Я кладу галаву на кнігу.

Ужо ў першы вечар нашага знаходжаньня тут высьветлілася, што болей за ўсё Альбінос любіць гуляць і перамагаць. Я быў надзвычай зьдзіўлены, калі гэтая каржакаватая істота раптам выдастала зь невялікага чамадану безьліч розных пці-жо, як іх называлі калісьці: там былі маленькія дарожныя шахматы на магнітах і гэткія ж шашкі, там былі нарды й го, парнаграфічныя карты й гульня “Загані шарык”, тамагочы й даміно, дроцікі з наборам мішэняў, розныя дзіцячыя забаўлянкі накшталт “Аўтагонак” і цэлы пакецік гуляльных касьцей, настольны футбол і нават плястмасавы рэвальвэр з шасьцю кулямі. Што казаць: жадаючы, каб Альбінос як найхутчэй ад мяне адчапіўся, я прайграў яму ў кожную з гэтых гульняў па чарзе – у шашкі мы гулялі ўжо глыбокай ноччу, і мне дужа хацелася спаць, пагатоў мы абодва зрабілі перад гэтым сапраўды доўгі шлях. Пераканаўшыся, што гулец зь мяне ніякі, засмучаны Альбінос прапанаваў пабарукацца й выйграў разоў дваццаць запар. Тады ён разьюшыўся й нават выклікаў адміністрацыю, патрабуючы больш канкурэнтаздольнага суседа. Што і казаць: натуральна, яму адмовілі. Каб дагадзіць Альбіносу, я шчыра пастараўся ўзяць рэванш у шахматах, самай інтэлектуальнай, як я вырашыў, гульні з тых, якія былі нам даступныя – і атрымаў мат ужо на шостым ходзе.

Такія ўспаміны трохі дапамагаюць мне трываць крык. Калісьці я любіў сваё цела, яно выглядала і адчувалася зручным і носкім – а цяпер бы я шмат чаго зьмяніў у ім, так, зьмяніў. Памяняў бы свае трагусы на што-небудзь больш прыдатнае ў гаспадарцы, напрыклад. Чалавечы арганізм мае важную асаблівасьць: калі доўга ўзьдзейнічаць на нейкі орган успрыманьня, ён перастае рэагаваць на раздражняльнік, або прынамсі рэагуе на яго ўсё слабей і слабей. Так мы ўратаваныя ад перагрузак жыцьця. Ня ведаю, ня ведаю: пакуль што галашэньне з-за сьцяны аніяк не прытупіла маё ўспрыманьне – наадварот, яно затачыла мае бедныя нэрвы, як лязо, затачыла да апошняй мяжы. І я змахваю з каленяў бясконцы мэталёвы пыл. Бо як можна звыкнуцца з крыкамі болю?

Выплюнуўшы ў кулак апошнюю костачку, Альбінос кладзецца на мой ложак і нібыта зьбіраецца трохі падрамаць. У тым, што гэта крык болю, я ня маю аніякіх сумненьняў – бы музыкант, я магу сёньня раскласьці катавальныя гукі на партыі. Аснову іх складае першасны, прымітыўны і ўсеабдымны боль, простае і адназначнае паведамленьне сьвету пра тое, што адну зь ягоных часьцінак пакінула гармонія, пырхнула кудысьці ўверх, крылцы разагнуліся -- й зьніклі. Гэта ня вельмі цікава, а вось далей ідуць падрабязнасьці: вычурнай, мудрагелістай вязьзю, цыклічным узорам на белым болі выразаны верш пра тую д’ябальскую соль, якой пасыпаная першасная пакута – менавіта гэтая соль надае крыку разнастайныя мадуляцыі й вісклівыя ноткі, захлынаньні й роў. І нарэшце тое, куды вядзе ахвяру ўказальнік болю – нянавісьць да ўсяго, што магло б быць крыніцай пакуты, што знаходзіцца па-за болем, што не адчувае яго, што пазбаўленае яго. Стан, калі ахвяра становіцца некіраванай.

-- Ну што я мушу зрабіць, каб гэта скончылася? Скажы, што? Чаго ты ад мяне хочаш?

Альбінос адплюшчвае адно вока й сонна ўзіраецца ў мяне, потым расчаравана заплюшчвае яго й паварочваецца на другі бок: маўляў, што зь цябе возьмеш?

-- Ну хочаш, я зайдуся ў гістэрыцы, як баба – ты ж гэтага дамагаешся?

Альбінос пагардліва хмыкае.

-- Хочаш, я адрэжу сабе вушы? Ці мне неабходна ламіцца ў дзьверы, каб паглядзець, каго вы там... Скажы ім, Альбінос, гэта ж ты загадаў ім, так?

Альбінос маўчыць. Адна ягоная нага лянотна сьцягвае з другой тапачак. Няспынныя крыкі з-за сьцяны замінаюць мне гаварыць, прамаўляць усе гэтыя ўшчувальныя словы даводзіцца празь сілу. Мне ажно балюча – відаць, таму, што насамрэч я таксама мусіў бы лямантаваць, а не займацца бязглуздымі ўгаворамі. Я бясьсільна абводжу вачыма пакой, ягоная звыклая сінь не дае мне ўзгадаць, як называюцца іншыя колеры: перада мной стол і стул, за падваконьнем – прыземістая шафа, справа ад яе – рукамыйнік, за крок ад яго ложак, на якім ляжыць сьпінай да мяне мой сусед. Тое, што ён увесь апрануты ў сіняе й блакітнае, даўно наводзіць мяне на думку, што Альбінос апынуўся тут невыпадкова. Я ведаю, што ў пакоі Альбіноса дакладна такі самы інтэр’ер. Мой позірк сьлізгае па фіялетавым паркеце.

-- Паслухай, ну давай згуляем у ва што-небудзь, і калі я выйграю...

Ня ведаю, чаму я гэта прамовіў. Мае словы якраз заглушыў чарговы дзікі крык – так, мусіць, крычаць людзі, якіх рэжуць жыўцом, і Альбінос цалкам мог не пачуць, што ж я сказаў – аднак ён чуе, спружына ўсеўладнага азарту выпроствае яго на ложку, ён рэзка падымаецца ды рушыць да дзьвярэй у сваё логава, нешта задаволена мармычучы. Хутчэй за ўсё, выправіўся па свой чамаданчык.

-- Пачакай! -- я нахіляюся да падлогі. – Глядзі!

Зьверху даўно ўжо нехта раздражнёна грукае – відавочна, мы размаўляем надта гучна, спрабуючы перакрычаць няспынны енк. На маёй далоні ляжыць просьценькі, белы гуляльны кубік з плястмасы, далёкі нашчадак рымскіх касьцей, напэўна, ён закаціўся да мяне ў пакой падчас нейкіх Альбіносавых практыкаваньняў. А можа, мой сусед выпусьціў яго з рук і паленаваўся шукаць – ён часта ходзіць туды-сюды вось так, трасучы ў далонях кубік: трэніруецца ў чаканьні моцных супернікаў, годных канкурэнтаў. Крыкі за сьцяной зноў нарастаюць, і я на сэкунду дакранаюся да сваіх трагусаў, так лягчэй.

Кубік ляжаў шасьцёркай уверх, я падымаю далонь да самага падбародзьдзя Альбіноса, набіраю ў лёгкія паболей паветра й кажу:

-- Я выкіну шэсьць разоў па шэсьць...

Ён сьмяецца й хоча нешта сказаць, аднак я прымружваю вочы й працягваю:

-- Шэсьць разоў па шэсьць, і калі я гэта зраблю, за сьцяной стане... Стане...

Раптоўная сьляза засьціць мне вока, робіць усё навокал нерэальным і хісткім:

-- Ціха! –

ціха, ціха, супакойвае мяне Альбінос, з падазрэньнем разглядваючы між тым кубік: ці няма на ім выступаў, умяцінак, трэшчынак, усяго таго, што дапамагло б мне перамагчы. Я кладу руку на кнігу, быццам зьбіраючыся на ёй клясца, нібы просячы падтрымкі ў найвышэйшых сілаў. Якая лухта.

-- Дамовіліся, -- Альбінос вяртае кубік мне й разгладжвае нябесна-блакітны абрус на стале. – Пачынай. Дарэчы, ты ніколі не выйграваў у лятарэю?

Я няўцямна гляджу на Альбіноса. У маіх складзеных разам далонях скача свае рабскія танцы кубік. Я не магу яму анічога адказаць. Ня будзеш жа яму тлумачыць, што я ніколі ня браў удзелу ў лятарэях, і ня браў з той простай і сьмешнай, мабыць, прычыны, што мне сорамна й няёмка – няёмка турбаваць лёс з такой дробнай нагоды. Я расьціскаю далоні. Кубік падскоквае й ледзь не зьлятае са стала.

Альбінос сьмяецца.

-- Шчасьлівец ты наш! Ну, дурням заўсёды шанцуе. Спачатку.

Ён гаворыць нешта яшчэ, ужо сур’ёзна, я бачу, як падрыгвае ягоная ніжняя губа. Калі ж ён зьнямее, гэты голас, калі пяройдзе ў хрып ад болю, бясконцага болю, бязмэтнага болю. Бязмэтнага? Але хіба я ня стаў хвіліну таму ягоным сэнсам, ягоным апраўданьнем? Хіба ня даў надзею невядомай ахвяры, якая зьнішчыць нас абодвух, толькі паслабце ёй путы? Альбінос садзіцца на крэсла.

-- Мне вельмі хочацца верыць, -- чую я, -- што гэтая шчырая гульня. Чыстая гульня. Што ты гуляеш за сябе, а не за...

Ён вялікім пальцам паказвае за сьпіну.

-- А інакш гэта нейкае змаганьне... а змагацца я ні з кім не зьбіраюся. Разумееш, я гулец. Гулец!

Ён ганарліва падымае ўверх падбародзьдзе.

-- Можаш быць спакойны, -- мае ўмольна складзеныя далоні мімаволі намацваюць дзіўны рытм, які мне чамусьці зусім ня хочацца ламаць. – Можаш быць спакойны. Я проста хачу, каб стала ціха. Гуляю сам за сябе. Мне пляваць, чым там займаюцца твае... Мне проста трэба за-ся-ро-дзіц-ца!

-- Кідай, -- злосна адказвае Альбінос. – Кідай ужо, ня карты тасуеш. Шэсьць. Во, блін.

Паміж намі ні з таго ні зь сяго ўзьнікае незразумелая, празрыстая прыязнасьць – грубаватая, недаўгавечная, але прыязнасьць, душэўная повязь ката і ахвяры. Альбінос кладзе руку мне на плячо, і калі б ня крыкі, якія з новай сілай б’юцца аб кволы борт майго розуму, я бы, далібог, жартаўліва тыцнуў бы цяпер суседа пад рэбры. Пакой раптам пачынае гайдацца перад вачыма, і я хапаюся рукамі за край стала, заплюшчыўшы вочы. Добра чуваць, як удар кубіку аб стол трапляе акурат паміж двума крыкамі – адзін на тон вышэй за другі, пякельная гама.

-- Каб цябе! – з захапленьнем крэкча Альбінос. – Шэсьць! Дай я цябе пацалую!

Я паволі адплюшчваю вочы. Сіняя вопратка Альбіноса бруднай плямай распаўзаецца па маім пакоі колеру маладой травы, надае ўсяму вакол нешта балотнае, багнавае, прыдоннае. За вакном цямнее, непрытомнее, дранцьвее, і ўжо не відаць дарогі, па якой калісьці нас прывёз сюды стары аўтобус. Альбінос круціць у руках кубік, потым кладзе яго ў кішэню.

-- Ты ніколі не працаваў у лякарні? – я бяруся за трагусы. – Або ў разьніцы?

-- Не, -- няўважна кідае Альбінос і дастае аднекуль іншы кубік. – Давай цяпер гэтым. Такі самы. Між іншым, ад цябе дрэнна пахне. Казлом...

Я ня гледзячы раблю кідок і гляджу Альбіносу ў вочы:

-- Чатыры нуль.

-- Так ня лічыцца! – енчыць ён. – Кідай па правілах.

І вось кубік зноў скача ў маіх руках. Невядома адкуль, але я ведаю, што й гэты кубік ня здрадзіць, -- так і ёсьць, шасьцісьпінная пачвара кладзецца як трэба. Альбінос плюе мне пад ногі.

-- Ты за каго мяне трымаеш? Хітры, так? Думаеш, ня ведаю я вашага брата? Думаў пад дурня закасіць?

Аднак потым Альбінос сьцішваецца, зьнясілена апускаецца на крэсла й безуважна ўжо сочыць, як я вытрасаю дробязь перамогі з кішэняў лёсу. Кубік коціцца да краю стала, ні мая, ні Альбіносава рука не пасьпяваюць накрыць яго, ляпаюць па жоўтым абрусе, сутыкаюцца, пераплятаюць пальцы... Мы стукаемся ілбамі й слухаем, як кубік бразгае па падлозе. Ён спыняецца ў мэтры ад дзьвярэй у пакой Альбіноса. Я падымаюся зь месца, але тоўстая рудая рука хапае мяне ўпоперак грудзей й адпіхвае да ложку – зрэшты, досыць асьцярожна. Я падаю надта доўга, пасьпяваючы ўсьміхнуцца, і ўсхліпнуць, і сьцерці са шчок нешта, падобнае на ўзьбіты яечны жаўток, а калі падымаюся, вакол мяне спалохана кружляе сухое лісьце. Адным крокам я наганяю Альбіноса і ўчапляюся яму ў карак – ён ужо схіліўся над кубікам і працягнуў да яго лапу. Альбінос губляе раўнавагу – як на мой погляд, дык надта карцінна: мы валімся на падлогу і я адчуваю, колькі вагі ў маім суседзе, урэшце ён усаджваецца мне на жывот і хапае за шыю. Яшчэ імгненьне – і мы апынаемся пад сталом, месім адзін з аднаго адзін аднаго, лепім, ахайна пазбаўляючыся ад непатрэбнага. – Што гэта? – раптам хрыпіць Альбінос, -- Што гэта ў цябе, вось тут? – і паслабляе хватку. – На лаціне гэта называецца tragus, -- шапчу я, углядаючыся ў перапуджаныя зрэнкі Альбіноса. – Гэта такі храшчык, абцягнуты скурай...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG