Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: “Што ў Беларусі варта паказаць замежным турыстам?”


Іна Студзінская, Менск На гэтае пытаньне нашай карэспандэнткі адказвалі менчукі.

(Карэспандэнтка: ) “Што замежнікам можна паказваць у Беларусі?”

(Дзяўчына: ) “Па-першае, канешне ж, сталіцу, таму што яна цягам часу рэстаўруецца, літаральна з кожнай хвілінай усё болей і болей. Але мне вельмі сорамна, я сама ня бачыла шмат прыгожых месцаў”.

(Спадарыня: ) “Магчыма, Мірскі замак, Дудуткі – такія ўлюбёныя маршруты, тую ж Нарач, сталіцу”.

(Спадар: ) “У Беларусі? Я адразу губляюся, таму што паказваць асабліва няма чаго з гэтых сучасных новабудоваў. Я як бы адмыслова займаўся гэтым пытаньнем, і, напрыклад, па Верхнім горадзе ўжо на аматарскім узроўні ваджу экскурсіі. Я маю што паказаць. Я маю, што з чым параўнаць, што было і што ёсьць. Ёсьць, напрыклад, цэлы шэраг такіх невялічкіх рэканструкцыяў. Кляштар базыльянаў. Я паказваю: “Глядзіце, так як гэта было і як цяпер. І знайдзіце 10 адрозьненьняў”. Знайсьці цяпер нешта ад жаночага і мужчынскага кляштару даволі складана. Але выглядае гэта дастаткова цікава”.

(Карэспандэнтка: ) “Што ў Беларусі варта паказаць замежнікам?”

(Спадар: ) “Шмат чаго. Напрыклад, Менск прыгожы. Можна яшчэ Хатынь паказаць, па гарадох паезьдзіць беларускіх”.

(Хлопец: ) “Менскую ратушу, царкву, паказаў бы Сьвіслач… Ня ведаю, у цырк бы звадзіў, напэўна”.

(Юнак: ) “Паўднёвы Захад. Цікава, як там усё будуецца”.

(Карэспандэнтка: ) “А чым цікавы Паўднёвы Захад?”

(Юнак: ) “Я там вырас”.

(Дзяўчына: ) “Тут шмат чаго цікавага”.

(Карэспандэнтка: ) “А напрыклад?”

(Дзяўчына: ) “Ну, я сама, у першую чаргу”.

(Спадар: ) “Хутчэй за ўсё, прыроду, а ня нейкія там славутыя адметнасьці, Просты побыт беларускіх людзей”.

(Юнак: ) “Звычайна паказваюць нейкія вёскі. Напэўна, гэта цікава эўрапейцам, у якіх такога ўжо няма. На мой погляд, напэўна, залішне суб’ектыўны, варта было паказаць ня столькі тое, якія ў нас музэі, народная творчасьць, колькі магчымасьці беларусаў нешта рабіць новае, крэатыўнае і цікавае для эўрапейцаў”.

(Спадарыня: ) “Гэта музэі. Гэта людзі – у нас мэнталітэт вельмі добры, гасьцінны, трэба паказваць, у першую чаргу, наша стаўленьне да гасьцей замежных. І наш горад, яго чысьціню, як ён зьмяніўся апошнім часам”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, паказаць шмат што ёсьць. Гэта і Мірскі замак, і Нясьвіскі замак, але ўсё гэта ў вельмі занядбаным выглядзе (прыкладам, у Нясьвіжы). А Мірскі замак рэканструяваны такім чынам, што гэта хутчэй нагадвае пернік. Так што паказваць ёсьць што, але працаваць рэстаўратары павінны лепей”.
XS
SM
MD
LG