Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 траўня 1921 году нарадзіўся Андрэй Сахараў


Галіна Абакунчык, Менск 21 траўня 1921 году нарадзіўся навуковец-фізык, савецкі дысыдэнт і праваабаронца Андрэй Сахараў. Сёлета яму споўнілася б 85 гадоў. Андрэй Сахараў памёр напрыканцы 1989 году ад інфаркту. Эўрапарлямэнт заснаваў Прэмію імя Сахарава, якой уганароўвае людзей і арганізацыі, што займаюцца абаронай правоў чалавека. Падчас працы Міжрэгіянальнай групы на зьезьдзе народных дэпутатаў СССР прадстаўнікі Беларусі мелі сустрэчы з Андрэем Сахаравым.

Народным дэпутатам СССР ад Менску быў Аляксандр Дабравольскі. Вось як ён узгадвае Андрэя Сахарава:

(Дабравольскі: ) “Першы раз я сустрэўся на першым паседжаньні Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, якая была арганізаваная на першым зьезьдзе народных дэпутатаў СССР. Якраз тады мы абмяркоўвалі адмену шостага артыкулу Канстытуцыі, які даваў магчымасьць камуністычнай партыі кіраваць, незалежна ад усяго. І вось тады я ўпершыню пачуў яго блізка. Сахараў быў чалавек бескампрамісны. За гэта многія называлі яго не палітыкам. Сапраўды, дысыдэнты ў Савецкім саюзе не былі палітыкамі, а былі бескампраміснымі людзьмі. Калі Сахараў выступаў, усе ведалі, што ён можа сказаць штосьці такое, што большасьцю галасоў прыняць немагчыма. І нават меншасьць можа пабаяцца. Але гэта тое, што ўжо заўтра стане рэальнасьцю. І вось ягоная бескампраміснасьць была такім маральным арыенцірам для ўсіх астатніх”.

(Карэспандэнтка: ) “Што са спадчыны Сахарава можа быць карысным для Беларусі сёньня?”

(Дабравольскі: ) “Сахараў вельмі любіў праўду. І вось бескампраміснасьць і любоў да праўды вельмі магло б быць карысным для беларускага грамадзтва й нашых людзей. Бо калі ты адзін раз адрокся ад праўды, другі раз прамаўчаў – пасьля з табой ніхто ня будзе лічыцца. Сахараў прымусіў з сабой лічыцца. І Сахараў прымусіў лічыцца ня толькі з сабой, але й з усімі астатнімі людзьмі, якія прыйшлі за ім”.

Гомельшчыну ў Маскве прэзэнтаваў Юры Варонежцаў, які меў пэрсанальныя сустрэчы з Андрэем Сахаравым.

(Варонежцаў: ) “Я яго ўпершыню ўбачыў у Крамлі, у зале паседжаньняў зьезду народных дэпутатаў. І ён уразіў мяне абсалютнай прастатой. Уяўляеце, акадэмік, Нобэлеўскі ляўрэат, а ён мог сесьці дзесьці на прыступках і нешта пісаць. Двойчы мне давялося зь ім гутарыць, і гэтыя гутаркі былі пра Беларусь, найперш па Чарнобыльскай праблеме. І ён, як спэцыяліст-фізык, і як вучоны, і як грамадзкі дзеяч даў некалькі сур''ёзных парадаў, якія мы пасьля выкарыстоўвалі ў сваёй працы. Былі таксама гутаркі ў складзе групы пра агульную сытуацыю, у тым ліку ў Беларусі, аб разьвіцьці дэмакратыі й перабудовы. І Сахараў тады быў перакананы, што непадпісаньне новага Саюзнага дагавора пацягне распад Савецкага саюзу”.

(Карэспандэнтка: ) “На вашую думку, што са спадчыны Андэя Сахарава можа быць карысным для сучаснай Беларусі?”

(Варонежцаў: ) “Я думаю, што наперш гэта ягоная ўпэўненасьць у тым, што, што б ні адбывалася, заўсёды ўрэшце перамагае дэмакратыя. Іншая рэч – тэрміны, калі гэта адбудзецца”.

Народны дэпутат СССР ад Менску Станіслаў Шушкевіч быў асабіста знаёмы зь сям''ёй Андрэя Сахарава.

(Шушкевіч: ) “Калі я зь ім пазнаёміўся, калі я пазнаёміўся зь ягонай жонкай Аленай Бонэр, я зразумеў, што гэта быў за чалавек. Гэта чалавек, для якога прынцыпы былі важнейшымі за ўсё. Гэта было вялікае дзіця, якое ніколі не адступала ні ад якіх сваіх прынцыпаў. Яго савецкі ўрад накіраваў у міжнародныя структуры, каб ён бараніў савецкія ідэалы, а ён бараніў чалавечыя ідэалы. Ён проста зачароўваў мяне. Я бачыў, як зьезд народных дэпутатаў СССР асуджаў яго. Там нейкая жанчына выла проста, казала, як вы можаце быць супраць тых маіх сыноў, якія загінулі ў Аўганістане? А ён казаў, што выступае за тое, каб ніхто там ня гінуў. І самым вялікім патрасеньнем для мяне было, калі ён памёр. Для мяне гэта была найвялікшая страта. І пахаваньне яго было самым сумным днём у маім жыцьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Што са зробленага Сахаравым, што зь ягонай спадчыны можа быць карысным і павучальным для Беларусі сёньня?”

(Шушкевіч: ) “Вы ведаеце, самым павучальным можа быць шчырасьць, можа быць прыстойнасьць і самым павучальным можа быць тое, што чалавек не клапаціўся пра ўласны дабрабыт. Ён клапаціўся пра тое, каб мы жылі сумленна й годна. І, на жаль, на гэты шлях ня сталі нават тыя, хто лічыць сябе ягонымі нашчадкамі. Час ад часу яны ад гэтага адступаюць”.

Гл. таксама: А.Лукашук. Норма Сахарава
XS
SM
MD
LG