Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Язэп Варонка


Уладзімер Арлоў, Менск 17.4.1891, Беласточчына – 4.6.1952, Чыкага, ЗША

Паглядзіце на цяпер ужо добра вядомае фота Народнага сакратарыяту БНР – яе першага ўраду. Трэці зьлева паміж двума вайскоўцамі – самавіты цывільны мужчына з упэўненым і крыху ганарлівым позіркам. Гэта старшыня Сакратарыяту, наш першы прэм’ер і міністар замежных справаў Язэп Варонка.

Ён, нядаўні пецярбурскі журналіст і паэт, заўсёднік сталічных літаратурных вечарын і салёнаў, пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, улетку 1917-га быў абраны ў яе Цэнтральны камітэт, праз колькі месяцаў ужо займаўся падрыхтоўкаю Першага Ўсебеларускага зьезду, а неўзабаве стаў адным зь ініцыятараў абвяшчэньня БНР. Ва ўтварэньні БССР ён разгледзеў палітычны манэўр бальшавікоў з мэтаю “авалодаць розумамі нацыянальна абуджаных элемэнтаў”. Зразумела, што палітыку з такім мінулым і такімі поглядамі знаходзіцца ў савецкай Беларусі было сьмяротна небясьпечна. Ня надта прыхільная сустрэча чакала б прыхільніка канцэпцыі двух ворагаў беларускага адраджэньня – Польшчы і Расеі – і ў адроджанай польскай дзяржаве.

У 1923-м Язэп Варонка сеў на параход зь білетам да Чыкага. За акіянам ён прычыніўся да заснаваньня беларускага палітычнага руху ў ЗША: кіраваў Беларуска-Амэрыканскай нацыянальнай асацыяцыяй, выдаваў газэту “Беларуская трыбуна”. Досьвед і талент журналіста дазволілі Язэпу заваяваць сваё месца ў беларускім і расейскім эміграцыйным друку, магчымасьці якога ён скарыстоўваў найперш для кансалідацыі паўмільённай масы беларусаў, расьцярушаных у Паўночнай Амэрыцы паводле канфэсійнай прыкметы паміж расейцамі й палякамі. У 1928 годзе ў Чыкага ён заснаваў першую ў Новым Сьвеце беларускамоўную радыёпраграму. Старыя чыкаскія суайчыньнікі яшчэ памятаюць Язэпаў голас на хвалях “Беларускай радыёгадзіны”.

“Спадар Варонка прыехаў у ЗША з адзінаю мэтаю – адукоўваць беларусаў”, – пісаў пра яго калега. – Будучы палымяным беларусам, ён спрабаваў абудзіць у іх нацыянальны гонар і самапавагу, вызваліць ад чараў сну, у якім ён іх знайшоў”. На гэтым шляху яму не заўсёды спадарожнічаў посьпех, але ў тым, што беларуская прысутнасьць у Амэрыцы трывае і ў XXI стагодзьдзі, несумненна, ёсьць унёсак першага прэм’ера БНР.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG