Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аблога” — весткі зь беларускага Сеціва ад 19 траўня


Дзьмітры Падбярэскі, Менск

Дзьве падзеі аказаліся сёньня ў цэнтры ўвагі беларускага Інтэрнэту: хакей і “Эўрабачаньне”.

Пачнём зь першага. На форумах tut.by карыстальнік АВМ піша: “Мужыкі, вы на што спадзяваліся? Зразумейце, цяперашняй зборнай Беларусі выйграць у зборнай Фінляндыі проста нерэальна! Фіны — дакладна адладжаны мэханізм, у якім кожны ігрок выконвае вызначаную функцыю. У Беларусі Хэнлан не пасьпеў (ці ня змог) запусьціць такі самы мэханізм, таму зыход сустрэчы быў прадвызначаны”. Яму адказвае DIMA-gog : “Мэнталітэт у нас, разумееш, такі: газ на халяву, перамогі на халяву”.

Цяпер пра “Эўрабачаньне”. Карыстальнік neonotmatrix на сайце бас-гітарыста Мікалая Няронскага nikobass.com адзначае: “Гэтага варта было чакаць. Я гераічна ўчора ўсё паглядзела, увесь адбор. Так, Паліна была ня горш за іншых і па выступу, і што тычыцца песьні. Але тое ж можна сказаць пра ўсіх іншых удзельнікаў, акрамя літоўцаў і фінаў. Безумоўна, літоўцы — проста парвалі залю. Фіны… не, ну вы самі бачылі! Такім фінам ня сорамна ў хакей прайграць. Хлопцы рэальна адцягнуліся на сцэне, дадаўшы вялізную лыжку фінскага дзёгцю ў бочку прытарна саладжавага папсовага мёду “Эўрабачаньня”.

Сайт Паліны Смолавай. Нехта Марына піша: “Паліна! Выступіла ты выдатна! А тое, што не прайшла ў фінал, — гэта не твая віна. Таму нават ня думай гараваць! Усё было гэтак несправядліва, што цяпер нават фінал глядзець ня хочацца!”

А вось у ЖЖ сама сьпявачка (ці асоба якая хаваецца за нікам “Паліна Смолава) прызнаецца: “Ну ня здолела я, ня здолела! Сёньня ўначы я зразумела, што сьпявачка зь мяне — не ахці, але мой лёс тут, у Беларусі, — несьці людзям радасьць”.

Сайт Аляксандра Мілінкевіча зьмясьціў такую абвестку, што рэсурс пераяжджае на новую пляцоўку. “Мяркуецца, сайт milinkevich.org стане часткай інтэрнэт-парталу руху "За свабоду". На працягу некалькіх дзён магчымы збой у функцыянаваньні сайту. Выбачаемся”.

Карыстальнік researcher на форумах studenty.by абмяркоўвае навучальныя ўстановы: “Я хоць і не кампутарнік, але ж у БДУІР зазіраю як мінімум раз на год. На канфэрэнцыю па дыстанцыйным навучаньні, што ладзіцца ўвосень. Дык, вось, мне вельмі падабаецца блінная ў адным з карпусоў. Гэта проста рай. Там такія блінчыкі — проста супэр. Калі б я ў вас вучыўся, абавязкова наведваў бы кожны дзень”.

ЖЖ minsk_by Карыстальнік 7man адгукаецца на выступ начальніка Ўправы ў справах моладзі Мінадукацыі Ірэны Дыль з нагоды дня піянэрыі: “Вось гэтага я не зразумеў: “У цяперашні час Беларуская рэспубліканская піянэрская арганізацыя рыхтуе зьлёт байцоў “Батальёну беларускіх арлянят”... Што за "байцы батальёну арлянят"? Гэта школа маленькага СОБРаўца? Тады нада назваць "батальён пеўнікаў" ці "казьлянят"! Арлы тут прычым? Арол — птушка гордая: лётае высока й падалі ня есьць... :(“

На форумах сайту minsklife.net карыстальнік Йожик зьмясьціла такую інфармацыю: “Вызначана яшчэ адна прычына ўзьнікненьня імпатэнцыі ў мужчын. Гэта інтэнсіўныя заняткі вэлясыпэдным спортам… Да такой высновы прыйшла група гішпанскіх дасьледчыкаў на чале зь кіраўніком службы ўралёгіі клінікі Рубэр у Мадрыдзе Іньіго Саэнс де Тэхада. Цягам 10 гадоў вучоныя назіралі за 1 700 вэлягоншчыкамі й аматарамі вэляспорту. Сярод іх 21% цярпеў імпатэнцыю, што шматкроць вышэй за сярэднюю норму”. На што карыстальнік Opozit заўважае: “А мне неяк бязь розьніцы, прыводзіць язда на ровары да імпатэнцыі, ці не))) Я ежджу й атрымліваю надзвычайнае задавальненьне ад гэтага”.

Карыстальнік Citizen на форуме сайту minsktrans.by пратэстуе з нагоды перайменаваньня прыпынку “Крупцы” на “Магазін “Суседзі”: “Вярнуць назву прыпынку — і ўсё! Аргумэнты: заўтра іншая кантора краму выкупіць, зноў пераймянуем? “Крупцы” — гістарычны назоў. Калі бюракрат, які прыняў рашэньне, паўгода, як зь вёскі ў Менск прыехаў, і яму начхаць на гісторыю гораду — тады бяз слоў…”

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты й гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітры Падбярэзскі, яшчэ сустрэнемся…
XS
SM
MD
LG