Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскія нататкі: “Дом Турбіных”


Сяргей Навумчык, Кіеў—Прага Інтэрнэт-эсэ. Тыдзень правёў ва Ўкраіне журналіст Свабоды Сяргей Навумчык. Ягоныя чарнобыльскія рэпартажы гучалі ў эфіры, фотаздымкі з Чарнобылю былі зьмешчаны на нашым сайце. Інтэрнэт-эсэ прысьвечаныя кіеўскім сустрэчам і назіраньням.

Нехта падзяліў чалавецтва на тры катэгорыі — тых, хто ўжо прачытаў “Братоў Карамазавых”, тых, хто яшчэ не чытаў “Братоў Карамазавых”, і тых, хто “Братоў Карамазавых” не прачытае ніколі. Калі літаратурныя крытэры перанесьці ў Кіеў, дык для мяне турысты падзяляюцца на два “гатункі”: тыя, хто прыходзіць на Андрэеўскі, 13, і тыя, хто не прыходзіць. Верыць, што сучасны чалавек можа й ня ведаць, што гэта за адрас, неяк ня хочацца.

Сям’я Булгакавых жыла ў доме па Андрэеўскім, 13 у 1906—1919 гадох. Гэты дом, кватэру на другім паверсе Міхаіл Булгакаў згадваў усё жыцьцё, і менавіта сюды ён пасяліў герояў спачатку рамана “Белая гвардыя”, а потым і п’есы “Дні Турбіных”.

З гэтым домам у мяне зьвязаны і ўласныя ўспаміны.

У пачатку 1980-х, калі Булгакаў быў напаўзабароненым аўтарам, я пісаў студэнцкую навуковую працу — пра “Майстра й Маргарыту”. Хаця праца й была адзначана на агульнаўнівэрсытэцкім конкурсе й мяне ў выніку абралі старшынём факультэцкага студэнцкага навуковага таварыства, — у Кіеў на “агульнасаюзную” канфэрэнцыю не пусьцілі. “Если бы вы взялись за Шолохова, тогда другое дело”, — аргумэнтаваў рашэньне дэкан, аўтар кніжак пра дзіцячыя гады Ўльянава-Леніна. Вось жа, і тады, і цяпер падбіралі дэканаў: ведалі, за каго "взяться"...

У Кіеў я дабраўся іншым спосабам — і, канечне, прыйшоў да дому на Андрэеўскім. Нішто тады не нагадвала пра тое, хто тут жыў. І калі я паспрабаваў адчыніць дзьверы, мяне адсюль “папрасілі” — жыхарам, трэба думаць, надакучылі падобныя экскурсанты.

Ахвочых наведацца сюды й сапраўды было шмат. І пачалося гэта з публікацыі ў 1967 годзе ў “Новом мире” нарыса Віктара Някрасава, які так і называўся — “Дом Турбіных”. Някрасаў прасачыў тапаніміку булгакаўскага рамана, але галоўнае — публікацыя адной зь першых прабіла сьцяну замоўчваньня, трывалую цягам дзесяцігодзьдзяў. Пройдзе няшмат часу, і забарона будзе накладзена ўжо на самога Някрасава; спачатку КДБ сканфіскуе ўвесь ягоны архіў, а потым змусіць эміграваць. І калі ў Менску ў сярэдзіне 1970-х на пісьменьніцкай канфэрэнцыі Васіль Быкаў у ліку імёнаў, безь якіх немагчыма ўявіць ваенную прозу, назаве Някрасава, — першы сакратар ЦК КПБ Машэраў дэманстратыўна пакіне прэзыдыюм, чым увядзе кіраўніцтва тагачаснага СП у здранцьвеньне.

Цяпер кнігі Някрасава перавыдаюцца. А на першым паверсе “Дому Турбіных”, там, дзе жыла сям’я домаўладальнікаў Лістаўнічых (у рамане і ў п’есе — Лісовічы), —– часовая выстава, прысьвечаная Віктару Някрасаву.

Але асноўная экспазыцыя, зразумела, прысьвечана Булгакаву й займае ўвесь другі паверх дому. Аўтары знайшлі арыгінальны варыянт: экспазыцыя аднаўляе атмасфэру сям’і Турбіных, створанай фантазіяй пісьменьніка, але адначасна й выяўляе кіеўскі пэрыяд жыцьця Булгакава. Аўтэнтычныя фотаздымкі, сапраўдны абраз Булгакавых, аўтографы, інструмэнты выпускніка мэдычнага факультэту Міхаіла Булгакава. Запачаткоўваўся музэй зь некалькіх дзясяткаў экспанатаў, а сёньня сабрана больш за 500 рэчаў, да якіх дакраналася рука пісьменьніка.

Сярод іх пабачыў я й стол, за якім больш як дваццаць гадоў таму неаднойчы даводзілася сядзець самому — у маскоўскай кватэры другой жонкі пісьменьніка, Любові Яўгенаўны Белазёрскай-Булгакавай. З гэтай жанчынай Булгакаў пражыў з 1924 да 1932 году, ёй прысьвяціў “Белую гвардыю” й “Сабачае сэрца”. У 1983 годзе Любоў Яўгенаўна падпісала мне прыжыцьцёвае, парыскае, выданьне “Белай гвардыі” — выдаўцы назвалі яго “Дні Турбіных” (магчыма, таму, што п’еса пад такім назовам мела шалёную папулярнасьць; вядома, што Сталін глядзеў яе трынаццаць разоў). Якраз Любоў Яўгенаўна й падышла да тэлефону, калі Сталін аднойчы патэлефанаваў даведзенаму да адчаю Булгакаву. І пасьля гэтай размовы пісьменьніка прынялі ў МХАТ, на стаўку асыстэнта рэжысэра.

Паходзіла Любоў Яўгенаўна з княжай сям’і, і менавіта як княжна была ў юнацтве прадстаўлена расейскаму імпэратару Мікалаю Другому. Сям’я мела палац на Мойцы, маёнткі. Рэвалюцыя 1917 году забрала ўсё. Да знаёмства з Булгакавым Белазёрская прайшла праз эміграцыю — Канстанцінопаль, Парыж і Бэрлін (шмат якія дэталі з расповеду жонкі Булгакаў потым скарыстае ў п’есе “Бег”), займалася балетам, была адной зь першых жанчын Масквы, якія навучыліся кіраваць аўтамабіль.

Жыла Любоў Яўгенаўна ў маленькай аднапакаёўцы — ледзь прасунесься сярод мэблі з тае, колішняе, сумеснай з Булгакавым, кватэры. Пачуваўся я там, як у музэі: сядзіш у адным з булгакаўскіх фатэляў (а іншых тут і няма) — і гарбату табе падаюць на булгакаўскі стол (пісьменьнік называў яго “сараканожкай”).

Спадарыня зьберагла ўсё — і лісты, і фатаздымкі (першая жонка, дарэчы, зьнішчыла лісты Булгакава з патрабаваньня другога мужа). Калі мы пазнаёміліся, Любові Яўгенаўне было 88 гадоў. Ліставаліся некалькі гадоў. Тыя лісты, натуральна, я захаваў. І вось некаторыя фрагмэнты.

Пра кнігу мэмуараў аднаго зь сяброў Булгакава, якую я даў пачытаць Любові Яўгенаўне (яна мела да гэтага сябра вялікія прэтэнзіі): “О Вашей книге не беспокойтесь. Она цела и невредима, а её автора недавно похоронили. Что-то быстрое сразило его. Каюсь, я начала читать его “труд”, но мне вдруг стало неприятно, и я бросила. М.б. он умер от злости?” ( 14 сакавіка 1984 г.)

“Не могу порадовать Вас известием о трёх томах М.А. в издательстве “Сов. Писатель”. Очень всё там медленно подвигается. А вот у меня был на днях художник с иллюстрациями к “Мастеру и Маргарите”. Интересные”. (9 красавіка 1984 г.)

Перад маімі выпускнымі іспытамі ва ўнівэрсытэце:

“Желаю от души Вам самого ўдачного. “Ни пуха, ни пера!” Полагается в ответ меня, после такого пожелания, выругать. Ругайте на здоровье!” (4 мая 1984 г.)

Аднойчы здарылася бяда — Любоў Яўгенаўна няўдала пасьлізнулася...

“Я лежу — у меня перелом бедра, и передвигаться я буду потихоньку, на костылях. Месяц отлежала в больнице. Теперь второй месяц пошёл, как я дома. За какие грехи мне так попало, не знаю.” (5 студзеня 1985 г.)

Пра Міхаіла Яншына, які ў пастаноўцы “Дні Турбіных” (1927 г.) бліскуча выконваў ролю Ларыёсіка:

“Прислав книгу о Яншине, Вы доставили мне радость: замечательные знакомые лица, вспомнились хорошие времена и беседы. Да и театр МХАТ был по-новому интересен. Я пересмотрела все фотографии несколько раз. Интересно, как изящный подвижный юноша почти на глазах превращается в колобок! Не верится, что танцевала на его свадьбе”. (лістапад 1995 г.)

“В воздухе появилось сообщение о будто бы спланированном в верхах открытии музея-квартиры М.А. Булгакова, но я не очень-то верю” (3 лістапада 1986).

Ні музэю Булгакава, ні збору твораў свайго мужа Любоў Яўгенаўна не дачакалася: праз два месяцы пасьля гэтага ліста, у студзені 1987-га, яна пайшла з жыцьця...

Пасьля сьмерці Любові Яўгенаўны частка мэблі з кватэры ейны пляменьнік перадаў у Кіеў — так і апынуўся ў доме на Андрэеўскім стол “сараканожка”. Праўда, мне не зусім зразумела, навошта яго падзялілі: адна частка стаіць у сталоўцы, другая — у “пакоі Міколкі”. Добра, што хоць не расьпілавалі (стол жа раскладаецца на дзьве часткі).

...У перадапошні кіеўскі дзень мне нарэшце ўдалося прыдбаць двухтомнік, які доўга шукаў. Гэта — першае выданьне найбольш вядомых твораў Булгакава з дакладнай тэксталягічнай падрыхтоўкай.

Справа вось у чым. Як вядома, Булгакаў не пасьпеў завяршыць працу над “Майстрам і Маргарытай”, пакінуўшы некалькі даволі значных тэкставых кавалкаў у варыянтах — часам зь істотнымі сюжэтнымі разыходжаньнямі. Паміраючы, ён прасіў сваю трэцюю жонку, Алену Сяргееўну, давесьці раман да чытача (прычым пасьпеў надаць юрыдычныя паўнамоцтвы).

Алена Сяргееўна яшчэ й пры жыцьці Булгакава перапісвала асобныя разьдзелы пад дыктоўку пісьменьніка, рабіла папраўкі — і, як ніхто, ведала задуму твора. Менавіта Булгакава падрыхтавала тэкст, які выйшаў у 1967 годзе ў часопісе “Москва”. Выйшаў, праўда, са скарачэньнямі. Самае пікантнае, што толькі некаторыя з купюраў мелі цэнзурны, “палітычны”, характар — галоўнай прычынай паўстала тэрміновая патрэба па-за плянава зьмясьціць у нумар вялікі нарыс нейкага літаратурнага чыноўніка.

Скарацілі, як тое надараецца, “малавядомага” Булгакава. Праз два гады поўны тэкст быў надрукаваны ў Нямеччыне, у выдавецтве “Посев” — прычым, выкінутыя рэдакцыяй савецкага часопісу кавалкі былі адноўлены й набраны курсывам (напрыклад, уся сцэна зь “вяртаньнем валюты”. Гэтаму эпізоду ўвогуле неяк не шанцуе – чамусьці не ўвайшоў ён і ў апошнюю экранізацыю, зробленую кіеўлянінам Борткам).

Пасьля “Посева” выдаваць поўны тэкст рамана ў Савецкім Саюзе азначала, фактычна, капіяваць “эмігранцкае” выданьне. А на гэта савецкія ідэолягі пагадзіцца не маглі. Выйсьце знайшлі арыгінальнае: была зроблена новая вэрсія рамана, якая спалучыла перадапошнюю й апошнюю рэдакцыі. Гэтае выданьне пабачыла сьвет у 1973-м годзе й потым шматкроць перавыдавалася. Мяркую, што большасьць тых, хто чытае цяпер гэтыя нататкі, знаёміліся з геніяльным творам менавіта па гэтай вэрсіі.

У 1989 годзе ў кіеўскім выдавецтве “Дніпро” тэкстоляг Лідзія Яноўская падрыхтавала выданьне “Майстра й Маргарыты” на аснове рэдакцыі Алены Сяргееўны, выправіўшы “апячаткі” й зьверыўшы тэкст з рукапісам. Аналягічная тэксталягічная праца была зроблена зь “Белай гвардыяй” і “Жыцьцём спадара дэ Мальера” (апошні ўвогуле быў надрукаваны без купюраў упершыню). Усё гэта й сабрана ў кіеўскім двухтомніку.

Пазьней “Майстар і Маргарыта” у найбольш аўтэнтычнай і блізкай да задумы аўтара рэдакцыі ўвайшоў і ў пяцітомнік Булгакава.

Адрозьніць варыянты вельмі проста — ужо зь першага радка. “Аўтэнтычны” пачынаецца так:

“В час жаркого весеннего заката на Патриарших прудах появилось двое граждан”.

Выданьне ж 1973 году (і яго перавыданьні):

"Однажды весною, в час небывало жаркого заката, в Москве, на Патриарших прудах, появились два гражданина".

Ахвочым чытаць сапраўднага Булгакава раю знайсьці кіеўскі двухтомнік (наклад быў не маленькі — паўмільёна, і ў Кіеве набыць яго няцяжка), альбо пяцітомны Збор твораў.

І што абсалютна бясспрэчна: будучаму перакладчыку вялікага рамана на беларускую мову варта карыстацца менавіта гэтымі выданьнямі.


Дом Булгакава на Андрэеўскім спуску, 13


Шчыліна між дамамі, дзе Міколка Турбін хаваў зброю


Велікодны стол (гэтак жа сама на стол зьбіралі і ў сям’і Булгакавых)

Гл.таксама

• Кіеўскія нататкі: ці ўтрымаецца прэзыдэнт Юшчанка?

• Кіеўскія нататкі: Гібель Вячаслава Чарнавіла: здарэньне альбо забойства?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG