Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Грыб: Расея хоча ўвесьці расейскі рубель у Беларусі


Радыё Свабода Тыдзень таму ў расейскай газэце "Коммерсант" быў надрукаваны артыкул, у якім паведамлялася, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 9 траўня падпісаў распараджэньне аб спыненьні ўсіх формаў субсыдаваньня беларускай эканомікі.

Адна з аўтараў гэтага артыкулу – аглядальнік “Коммерсанту” Натальля Грыб дала камэнтар Радыё Свабода:

(Натальля Грыб: ) "Літаральна ў гэтую сераду, калі першы віцэ-прэм''ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў аб прапанове аддаць 50% акцый "Белтрансгазу" у абмен на доступ да радовішчаў для здабычы, "Газпром" адказаў дастаткова жорстка і пасьлядоўна. Ён заявіў, што ў яго няма практыкі дапускаць замежнае прадпрыемства на ўнутраны рынак Расеі з тым, каб яно само здабывала і эспартавала газ.

У маім разуменьні менавіта такая пазыцыя пацьвярджае тое, што ёсьць карт-блянш у "Газпрому" весьці жорсткую лінію на падвышэньне цаны на газ. Да пачатку гэтага году дзейнічала палітыка асобага, льготнага рэжыму для беларусаў. Фігуральна кажучы, да прэзыдэнцкіх выбараў вушы газпромаўскіх чыноўнікаў былі адкрытыя, а пасьля яны закрыліся. Ніякіх прапановаў Менску ў "Газпроме" ня чуюць.

Я ня думаю, што гэта ўласная карпаратыўная палітыка "Газпрому". Я дакладна ведаю, што намесьнік старшыні "Газпрому" Аляксандар Разанаў, калі першы раз зьявілася інфармацыі аб падвышэньні цэн для Беларусі, сказаў: "Гэта нейкая памылка". Так што гэта не камэрцыйная, а палітычная ініцыятыва, якая сыходзіць з Крамля.

У тэксьце крамлёўскага дакумэнта, які я бачыла на свае вочы, гаворыцца, што Расея мае намер абмежаваць Беларусь у ільготах у першую чаргу фінансавага характару.

Напачатку гэтага году іншы намесьнік кіраўніка "Газпрому" Аляксандар Мядзьведзеў езьдзіў да Аляксандра Лукашэнкі ў Менск на сустрэчу, пасьля чаго ён заявіў: "Ня блытайце Беларусь і Ўкраіну. Беларусь з 2008 году ўводзіць расейскі рубель, гэта саюзная дзяржава". Я лічу, што сёньняшняя пазыцыя Расеі – гэта ціск на ўлады Беларусі, каб хутчэй увесьці расейскі рубель.

І дзеля гэтай мэтай увядзеньня расейскага рубля могуць быць зробленыя два крокі. Гэта адмова ў ільготным крэдытаваньні, якое можа ісьці на падтрымку нацыянальнай валюты Беларусі, і адмова ў ільготным крэдытаваньні пакупкі энэргарэсурсаў. Я ня думаю, што гэтыя меры будуць сапраўды ўжытыя, але гэта інструмэнт ціску на беларускі ўрад і на беларускага прэзыдэнта.

Тут ёсьць яшчэ адзін момант. Пуцін абяцае пэўныя саступкі Эўразьвязу, каб у ліпені ў Санкт-Пецярбургу краіны Зьвязу падтрымалі энэргетычную стратэгію Расеі. І ён можа паабяцаць падвысіць цэны на газ для Беларусі. Палітычна яму гэта выгадна, бо літаральна днямі Эўразьвяз заявіў, што нізкія цэны на газ – гэта ня проста датацыі прамысловасьці Расеі і Беларусі таксама, гэта парушэньне міжнародных правілаў гандлю, якое не дазволіць Расеі ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Цэны для Беларусі могуць быць маленькай саступкай Пуціна Эўразьвязу.

Апроч таго, паўтаруся, Расея ўпэўненая, што беларусы з 1 студзеня 2008 году, у год прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, увядуць у сябе расейскі рубель. Для Пуціна гэта была б палітычная перамога, гэта было б тое аб''яднаньне, якое яму патрэбна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG