Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стрэс і кафэін – небясьпекі няма?


Тацяна Поклад, Прага З апошніх навуковых дасьледаваньняў у мэдыцыне вынікае, што памылковымі зьяўляюцца некаторыя распаўсюджаныя меркаваньні адносна таго, што шкодна, а што карысна для нашага здароўя. Так, навукоўцы цьвердзяць, што стрэс на працы не выклікае падвышэньня крывянога ціску, што кафэін карысны для немаўлятаў, а вось піва можа выклікаць алькагольнае атручваньне.

Амэрыканскія навукоўцы па выніках адмысловага дасьледаваньня зрабілі выснову, што стрэс на працы не выклікае падвышэньня крывянога ціску. Пра гэта паведамляе газэта “Нью-Ёрк Таймс”. Распаўсюджанае меркаваньне, што нэрвовая праца выклікае гіпэртанію, не пацьвердзілася.

Прафэсар Самуэль Мэн з Карнэльскага ўнівэрсытэту ў ЗША спраўдзіў таксама ранейшыя дасьледаваньні ў гэтай сфэры. Ён кажа: “Вядома, няма сумненьня, што стрэс спрычыняецца да часовага лёгкага падвышэньня ціску, але асацыяваць стрэс з хранічнай гіпэртаніяй цалкам няслушна. Цягам 50 гадоў дасьледаваньняў гэта ні разу не пацьвердзілася”.

Прафэсар Мэн адзначае, што ён ніякім чынам не спрабуе давесьці, што стрэс – нешта добрае, і што нэрвовая праца ці дэспатычны кіраўнік паляпшаюць жыцьцё. Так, стрэс павялічвае рызыку каранарных хваробаў. Але падвышэньне ціску выклікае тое, як паводзіцца чалавек у стрэсавай сытуацыі – калі, да прыкладу, ад стрэсу пачынае шмат есьці ці піць, і ў выніку падвышаецца крывяны ціск. Але гэта не азначае, што ўласна стрэс на працы наўпрост падвышае ціск.

Тым часам канадзкія навукоўцы з унівэрсытэту ў Таронта пацьвердзілі, што кафэін паляпшае дыханьне немаўлятаў, якія нарадзіліся раней тэрміну на 13 тыдняў. Навукоўцы дасьледавалі цягам некалькіх гадоў 2000 такіх немаўлятаў. Амаль палова зь іх (47%), не атрымаўшы кафэіну, захварэла на бронхапульманальную дысплязію – хваробу бронхаў, якая характарызуецца і запаленьнем лёгкіх. Уласна кажучы, ужо дзясяткі гадоў немаўляткам прызначаўся кафэін як лекавы сродак – у выпадках апнэі (гэта такі стан, калі дыханьне спантанна спыняецца на 15 сэкундаў і больш.) Але навукоўцы паставілі задачу высьветліць усе аспэкты ўзьдзеяньня кафэіну на немаўлятаў. Яшчэ цалкам дакладна не дасьледавана, як кафэін дапамагае немаўлятам лепш дыхаць, але ўжо цяпер вядома, што кафэін дзейнічае як стымулятар, які актывізуе адмысловы цэнтар у мозгу, адказны за дыханьне, а той перадае адпаведны сыгнал дыяфрагме.

Тым часам іншая група навукоўцаў, з Аўстрыі, яшчэ раз дасьледавала ўзьдзеяньне піва на чалавечы арганізм. Піва вядомае як напой, які ўтрымлівае вітаміны групы Б, дапамагае страваваньню, а ў сьпёку халоднае піва абараняе ад інфаркту і кровазьліцьця ў мозг. Гэта пацьвердзілі дасьледаваньні аўстрыйскіх навукоўцаў, але адначасова высьветлілася, што піва можа выклікаць алькагольнае атручэньне, у тым ліку і са сьмяротным вынікам. Зашмат выпітага піва затрымлівае дзеяньне ўнутраных органаў, найперш сэрца і вантробаў.

Алькаголь толькі з адной пляшкі піва застаецца ў крыві да дзьвюх гадзінаў, а пасьля 16 бакалаў піва ў крыві зьяўляецца сьмяротная доза алькаголю, паводле вызначэньня мэдыкаў. Пагроза жыцьцю ўзьнікае, калі канцэнтрацыя алькаголю ў крыві перавышае 5 праміляў.

Гл.таксама • “Лос-Анджэлес Таймс”: ад вітамінаў карысьці няма
XS
SM
MD
LG