Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі могуць быць наступствы новых санкцыяў Эўразьвязу супраць беларускіх чыноўнікаў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 19 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк, палітоляг Алесь Лагвінец і былы старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнія навіны міжнароднага жыцьця сьведчаць, што Захад узмацняе палітычны ціск на афіцыйны Менск. Беларускае пытаньне імкнуцца ўзьняць і на саміце Расея-Эўразьвяз і “Вялікай васьмёркі”. У чацьвер Эўразьвяз прыняў рашэньне аб замарожваньні ўсіх фондаў і эканамічных рэсурсаў 36 афіцыйных асоб Беларусі.

Гэтаму рашэньня папярэднічала пастанова Эўразьвязу пра візавыя абмежаваньні ў дачыненьні гэтых асоб, якія былі ўведзеныя 10 красавіка.

Беларускі бок аспрэчвае існаваньне банкаўскіх рахункаў у Эўразьвязе.

Некаторы час таму было паведамленьне, што прэзыдэнт ЗША Буш накіраваў запыт пра банкаўскія рахункі кіраўнікоў Беларусі ў Кангрэс. Але больш ніякай інфармацыі пра гэта не прагучала. Як вы можаце пракамэнтаваць такое рашэньне?”

(Кірыла Пазьняк: ) “Калі такія рахункі ёсьць і калі іх удасца знайсьці, скасаваць, то тут плён можа быць вось у чым. Гэта будзе козыр для ўзьдзеяньня Захаду ў закулісным гандлі зь беларускімі ўладамі. Каб змусіць іх да дэмакратызацыі. Пасьпяховасьць гэтага ўзьдзеяньня будзе залежаць ад палітычнага кантэксту ў той час.

Але тут большы разьлік робіцца на піяр унутры Беларусі, на ўзьдзеяньне на насельніцтва. Хаця гэта — цалкам марная справа. Незалежна — ёсьць такія рахункі ці няма. Прыхільнікі Лукашэнкі альбо не даведаюцца гэтае інфармацыі, альбо ім будзе ўсё роўна. Альбо беларуская прапаганда знэўтралізуе працэс. Сам Лукашэнка скажа: я нічога ня краў у народу. Гэтак жа ён зрабіў на Ўсебеларускім сходзе — пасьля таго, як Казулін у тэлевыступе спытаўся: “Саша, дзе грошы?”

(Алесь Лагвінец: ) “Гэтае рашэньне ідзе ў рэчышчы далейшага ціску Захаду на беларускія ўлады. Гэта сымбалічны крок. Ён скіраваны ня столькі на прыхільнікаў Лукашэнкі, як кажа спадар Пазьняк, а перадусім — да беларускай дэмакратычнай супольнасьці, якая чакае ад ЗША й Эўразьвязу нечага большага.

Але гэта рашэньне паказвае сталае падтрыманьне цікавасьці да Беларусі, рэакцыю на апошнія падзеі ў краіне, якія атрымалі міжнародны рэзананс. Таксама гэта ёсьць рэакцыяй на грамадзкую думку краінаў Захаду.

Да таго ж, гэта азначае, што час чыстых дэклярацый паступова праходзіць. Эўрапейскія палітыкі разумеюць: за дэклярацыямі мусяць ісьці дзеяньні”.

(Станіслаў Багданкевіч: ) “Эўразьвяз разумее, што ў Беларусі адсутнічаюць прадстаўнічыя органы ўлады, адсутнічае кантроль за дзяржаўнымі фінансамі. Таму тут усталявалася сыстэма, якая спрыяе карупцыі ў вышэйшых эшалёнах улады. Таму такое рашэньне Эўразьвязу правільнае. Трэба высьветліць, ці ёсьць такія рахункі асобных чыноўнікаў, адкуль там грошы”.

(Карбалевіч: ) “Віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч заявіў нашаму радыё, што падтрымлівае замарожваньне рахункаў беларускіх чыноўнікаў, але лічыць, што гэта, хутчэй, крок сымбалічны, бо зацікаўленыя асобы даўно ведалі: такое здарыцца”.

(Януш Анышкевіч: ) “Я баюся, тыя галоўныя асобы палітычнай сыстэмы ў Беларусі, каго тычыцца замарожваньне рахункаў на тэрыторыі Эўразьвязу, даўно чулі, што такі крок з боку Брусэлю магчымы, і загадзя маглі перавесьці свае банкаўскія рахункі ў іншыя месцы”.

(Карбалевіч: ) “Былы намесьнік амбасадара Польшчы Марак Буцька ў Беларусі кажа: каб прыняцьцё рашэньня аб замарожваньні рахункаў мела чаканы эфэкт, трэба было рыхтаваць яго ў сакрэце й абвесьціць пра гэта ў дзень, калі такое рашэньне набывае сілу”.

(Буцька: ) “Гэта ня будзе мець ніякага значэньня. Беларускія чыноўнікі разумеюць: калі гавораць пра забарону на ўезд, — магчымае замарожваньне рахункаў, а значыць — трэба нешта рабіць. Лукашэнка нават сказаў: маўляў, Захад можа забраць усё, што знойдзе. А тое паказвае, што грошай рэжыму там даўно ўжо няма. Ёсьць яшчэ шмат краінаў — бананавых рэспублік, падаткавых аазісаў, дзе беларускія чыноўнікі могуць схаваць свае незаконна атрыманыя сродкі”.

(Карбалевіч: ) “Як ужо адзначалася, беларускія афіцыйныя асобы аспрэчваюць існаваньне такіх рахункаў. Вось і польскія палітыкі скептычна ацэньваюць практычныя вынікі гэтага рашэньня. І шмат якія экспэрты лічаць, што наўрад ці удасца знайсьці банкаўскія рахункі беларускіх чыноўнікаў. А калі гэтых рахункаў ня знойдуць, — палітычны эфэкт можа быць такі, як і ад безвыніковых пошукаў амэрыканцамі ў Іраку ядзернай і хімічнай зброі. Беларускія ўлады могуць выкарыстаць гэты факт на карысьць сваёй прапаганды. І ўвогуле, ці праводзілі эўрапейскія палітыкі перад тым, як прымаць такія рашэньні, нейкія папярэднія дасьледаваньні наконт верагоднасьці існаваньня тых рахункаў? ”

(Пазьняк: ) “Вы ўжо згадвалі: колькі месяцаў таму прэзыдэнт ЗША Буш адзначаў, што ёсьць нейкая інфармацыя на гэты конт. Але агучана яна не была.

Калі такія рахункі ўдасца знайсьці, то Захад будзе чакаць зручнага моманту, каб гэтую інфармацыю агучыць: напрыклад, — пад выбары. Але калі нават знойдуць, то будзе цяжка даказаць, што гэтыя рахункі належаць беларускім чыноўнікам. Бо ўкладаньне грошай на такія рахункі — складаны працэс, у якім задзейнічана багата фірм. І ланцужок руху грошай даволі заблытаны”.

(Лагвінец: ) “Пра магчымасьць такіх санкцый казалі даўно. Таму беларускія чыноўнікі маглі да гэтага падрыхтавацца. І ёсьць вялікі сумнеў, што нешта адразу будзе знойдзена.

Але важна тое, што падтрымліваецца тэмпэратура цікавасьці на Захадзе да беларускай праблематыкі. Беларускаму грамадзтву падаецца сыгнал. Зразумела, што ў Беларусі шмат хто лічыць гэтыя захады крыху адарванымі ад рэчаіснасьці. Але сёньня гэта той мінімум, на які можа ісьці Захад”.

(Багданкевіч: ) “Наўрад ці рахункі будуць на прозьвішчы, да прыкладу, Лукашэнкі ці Шэймана. Але, магчыма, рахункі будуць на сваякоў высокіх чыноўнікаў, падстаўных асоб.

Ува ўсялякім выпадку, грошы недзе захоўваюцца. Вядома ж, дастаткова шмат дзяржаўных грошай рухаецца, апрача бюджэту. У свой час гэта прызнаў і міністар фінансаў Корбут. Існуе прэзыдэнцкі фонд. Таму гэты захад мае на мэце менавіта псыхалягічнае ўзьдзеяньне на беларускую эліту”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Багданкевіч, Вы — адмысловец у фінансавай сфэры — як лічыце: наколькі рэальна й магчыма прасачыць ланцужкі руху грошай з аднаго банку ў іншы?”

(Багданкевіч: ) “Калі казаць у агульным сэнсе, то мала рэальна: каб нешта знайсьці, трэба праводзіць адмысловыя рэвізіі, аўдыт, дасьледаваньні. Гэта складана. Трэба ствараць адмысловую структуру, якая шукала б тыя грошы. Тым больш, што рахункі можна адчыняць не ў эўрапейскіх банках, а, напрыклад, у арабскіх краінах, у дзяржавах з дыктатарскімі рэжымамі — скажам, на Кубе. Таму я ня думаю, што трэба чакаць вялікіх адкрыцьцяў.

Але гэта не азначае, што ня трэба імкнуцца. Існуе магчымасьць знайсьці. Няма пэўнасьці, што нашы чыноўнікі ўсё дэталёва прадумалі. Дзесьці штосьці можа вылезьці”.

(Пазьняк: ) “Я ўсё ж скептычна ацэньваю гэтыя захады. Хоць санкцыі прыняты на дапамогу апазыцыі, але працуюць яны супраць апазыцыі. Хачу зважыць: паводле апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў НІСЭПД, каля 3/4 нашага насельніцтва лічаць ЗША ворагамі Беларусі. Яны мяркуюць, што санкцыі, прыманыя Захадам, чыняцца з падаваньня апазыцыі.

Таксама гэта выкліча раздражненьне чыноўнікаў: яны яшчэ больш будуць баяцца прыходу апазыцыі да ўлады. Грашкі ёсьць у шмат якіх чыноўнікаў. І калі апазыцыя ўжо цяпер, ня маючы ўлады, пагражае, то ці не пачнуцца масавыя чысткі пасьля ейнае перамогі? — думаюць яны”.

(Лагвінец: ) “Я не рабіў бы такіх высноваў наконт эфэкту ад санкцый. Большасьць беларусаў хвалююць не міжнародныя санкцыі, а сацыяльна-эканамічныя праблемы. Ня трэба выцягваць гэтае пытаньне з агульнага кантэксту. Цягам апошніх гадоў беларускія ўлады увесь час абвінавачвалі Захад за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі. І новае рашэньне ніякім чынам не паўплывае на імідж Захаду ў вачах беларусаў”.

(Пазьняк: ) “Я бачу толькі адзін варыянт, калі санкцыі могуць уплываць на сытуацыю ў Беларусі ў тым кірунку, як хоча Захад. Гэта калі адначасова з санкцыямі супраць чыноўнікаў будзе спрошчаны візавы рэжым для грамадзян. Вось такі кантраст можа спрацаваць”.

(Карбалевіч: ) “На гэтым тыдні прадстаўнікі краін Эўразьвязу праігнаравалі канфэрэнцыю Інтэрполу, праводжаную ў Менску, што выклікала адмоўную рэакцыю ня толькі беларускага боку, але й кіраўніцтва Інтэрполу. Як можна ацаніць такую падзею?”

(Пазьняк: ) “Гэта такі сымбалічны салідарысцкі крок. Але міжгаліновыя службовыя паліцэйскія кантакты наўрад ці перапыняцца. Бо гэта ж не выгодна самому Эўразьвязу”.

(Лагвінец: ) “Лёгіка такога рашэньня відочная: калі сказаў “А”, то трэба сказаць і “Б”. Калі ёсьць падазрэньні адносна дачыненьняў міністра ўнутраных спраў Беларусі да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў, то як зь ім можна сустракацца эўрапейскім чыноўнікам?

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Эўгеніюс Гентвілас прапаноўвае такую лёгіку пры кантактах зь беларускімі вэртыкальшчыкамі зрабіць традыцыйнай. Прычым, кантакты ў галіне адукацыі, культуры, спорту мусяць разьвівацца.

На мой погляд, пазытыўныя санкцыі павінны ісьці ў кірунку спрашчэньня візавых фармальнасьцяў і зьмяншэньня платы для беларусаў. Адначасова ўсе кантакты заходніх дзяржаўных і палітычных інстытуцый павінны ўключаць камунікацыю з дэмакратычнай супольнасьцю Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, ацэньваючы ўзмацненьне заходняга ціску на Беларусь, можна прыйсьці да наступных высноў. Па-першае, усе гэтыя захады трэба разглядаць не паасобку, а ў комплексе. Па-другое, эфэкт яны могуць даць толькі ў нейкай сярэдняй ці доўгатэрміновай пэрспэктыве”.
XS
SM
MD
LG